Сажайте деревья, а не журналистов

Мінск і яго смецце. Анлайн-карта і модульныя пляцоўкі з кантэйнерамі з’явяцца ў сталіцы

Чвэрць адходаў у Мінску ідзе на перапрацоўку, а месца на існуючым палігоне заканчваецца. Што далей? Рашэнне праблемы на гарадскім узроўні абмеркавалі прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый у Нацыянальным прэс-цэнтры сёння, 19 мая.

19.05.2020 Экалогія горада Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: Минск-Новости; Зелёный портал

“Зараз смецця ад аднаго чалавека ўтвараецца ў разы больш, чым гэта было 10-15 гадоў таму, – зазначае Уладзімір Лебедзь, кіраўнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама.

У асноўным гэта смецце захоўваць нельга, бо яно ці вельмі доўгі час разлагаецца, ці ўвогуле не разлагаецца. Таму перапрацоўка, сарціроўка і збор другасных матэрыяльных рэсурсаў для Мінску, як і для любога мегаполіса, – гэта вельмі актуальная праблема”.

Штогод сталіца набывае новыя кантэйнеры, бо пакуль што інфраструктура па збору жадае быць лепшай.

Летась Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіў даследаванне, якое паказала, што 80% насельніцтва і Беларусі ў цэлым, і Мінску лічаць праблему збору і перапрацоўкі адходаў актуальнай для краіны.

Але пры гэтым 30% мінчан адмаўляюцца сартаваць смецце з-за таго, што паблізу няма кантэйнераў (па рэспубліцы гэты паказчык 21%). На другім месцы ў прычынах адмовы ад асобнага збору – нязручнае размяшчэнне пунктаў прыёму і няўдалы рэжым працы.

Нягледзячы на гэта, за 2019 год у Мінску сабралі каля 200 000 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Гэта на 10 000 тон (ці на 5,5%) больш, чым у 2018-м.

Прычым на 37% больш сабралі пластыку – самага праблемнага рэчыва ў адходах.

 

Рост збору смецця ў параўнанні з мінулым годам – 4%

Сталіца знаходзіцца на першым месцы па збору і перапрацоўцы, але гэтага ўсё адно мала. Узровень другаснага выкарыстання складае 26%, і месца на існуючым палігоне, па прагнозах, можа скончыцца за бліжэйшы год.

Усяго летась сталіца ўтварыла 777 700 тон смецця. Яго вывазам займаліся ўсяго чатыры арганізацыі: “Экарэс”, Remondis, Datkom і “Экалогія горада”. Яны ж, акрамя Datkom, займаліся сарціроўкай і перапрацоўкай розных відаў смецця.

За першы квартал 2020 года ужо здабыта 56 800 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Рост у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – 4%.

 

У Мінску менш кантэйнераў, чым у сярэднім па Беларусі

У цэлым кожны другі беларус нейкім чынам збірае другасныя рэсурсы: ці асобна ў кантэйнеры (60%), ці здае ў прыёма-нарыхтоўчыя пункты (10%). Больш за палову жыхароў сталіцы адзначаюць станоўчыя змены ў збору адходаў. І насельніцтва зацікаўлена ў інфармацыі па правільнай сарціроўцы і перапрацоўцы.

Ніна Кульбеда-Камшылава, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай працы ўстановы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”, тлумачыць, што, нягледзячы на аб’ёмы, якія выдае сталіца, забеспячэнне насельніцтва кантэйнерамі ў горадзе ніжэй за сярэдні паказчык па рэспубліцы.

У сярэднім па рэспубліцы на 1 000 чалавек прыходзіцца 8,5 кантэйнера, а па Мінску – 5,2.

Крыху менш забяспечанасць прыёма-нарыхтоўчымі пунктамі. У сярэднім па Беларусі адзін прыёмны пункт прыходзіцца на 5 000-6 000 чалавек, а ў Мінску – на 9200.

Выснова простая: зручную інфраструктуру для мінчан трэба яшчэ развіваць.

Закупка новых кантэйнераў адбываецца штогод. Летась за кошт сродкаў вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і ўпакоўкі, якія паступаюць “Аператару ДМР”, для горада было закуплена 714 еўракантэйнераў для асобнага збору ў шматкватэрных забудовах, і яшчэ 12 240 пластыкавых кантэйнераў для бясплатнай выдачы жыхарам індывідуальнай забудовы.

Акрамя таго, закупаліся смеццявозы для іх абслугоўвання. Ужо прынята рашэнне і для сёлетняй закупкі крыху больш за 9000 кантэйнераў на 120 літраў і больш за 1000 еўракантэйнераў.

Усяго ж у Мінску сярод шматпавярховак расстаўлены 26 269 кантэйнераў (з якіх 9 578 – для збору ДМР) і працуе 1 834 кантэйнерных пляцоўкі. А таксама ёсць 217 прыёмачных пунктаў.

У лютым у Мінску налічвалася 2,018 мільёна чалавек.

 

Траціна прыватных дамоў не мае кантэйнераў

Зараз ідзе праца па распаўсюджванню кантэйнераў ў прыватным сектары і ў горадзе спадзяюцца імі забяспечыць усіх.

Сяргей Рубанаў, выканаўчы абавязкі генеральнага дырэктара “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”, кажа, што ёсць мэта ў бліжэйшы час ахапіць прыватны сектар на 100%.

Зараз ён забяспечаны крыху больш, чым на 70%: стаіць 9 927 кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў (плануецца дадаць яшчэ 4 163) і 10 519 кантэйнераў для збору ДМР (+7 658). А яшчэ ў прыватным сектары плануецца арганізаваць асобны збор арганікі ў спецыяльныя кантэйнеры.

 

У Мінску засталося 2 000 смеццеправодаў

Зараз, па словах спецыяліста, стаіць праблема рэканструкцыі кантэйнерных пляцовак і закрыцця смеццеправодаў.

Зараз у сталіцы застаюцца каля 2 000 смеццеправодаў, якіх трэба заварыць. Аднак у любым выпадку на такую працу патрэбна згода большай паловы жыхароў пад’езду.

Як кампрамісны варыянт, у Завадскім раёне быў рэалізаваны пілотны праект на гэту тэму: калі смеццеправод закансервавалі, унізе засталася пляцоўка пад кантэйнер. У дзвярах гэтага памяшкання зрабілі акенца з клапанам, праз якое можна выкінуць смецце.

З навінак – у шчыльных існуючых забудовах праблематычна ўсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі, таму была распрацавана тыпавая модульная канструкцыя для збору адходаў, якая зараз тэсціруецца на вуліцы Ташкенцкай у Завадскім раёне.

У яе ёсць некалькі бонусаў: яна больш танная за звычайную і  ў выпадку аварыі ці рамонту сетак яе можна за 15 хвілін перанесці тэхнікай на іншае месца. У будучыні плануецца гэты вопыт распаўсюдзіць на ўсю сталіцу. А таксама ёсць намаганні зрабіць анлайн-карту, на якой будзе бачна, дзе знаходзіцца бліжэйшы кантэйнер для пэўнага віду смецця.

 

Каля Трасцянецкага палігону плануюць перапрацоўваць тэтрапакі

Алена Аўраменка, кіраўнік аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, расказала, што з-за таго, што на палігоне “Трасцянецкі” месца ўжо можа закончыцца праз год, там планіруецца ажыццявіць трэццю чаргу будаўніцтва – і пашырыць палігон на 15 га.

А побач адведзена месца пад прадпрыемства па комплекснай перапрацоўцы камунальных адходаў. Яно можа стаць даволі інавацыйным для Беларусі. Калі атрымаецца рэалізаваць усё, што запланавалі, там з’явіцца нават лінія па перапрацоўцы тэтрапакаў.

“Трэба максімальна вылучаць другасныя рэсурсы, – падкрэслівае эксперт. – Гэта будзе магчыма, калі будуць створаны ўсе ўмовы для насельніцтва. А таксама патрэбны кардынальныя меры па паляпшэнню сарціроўцы адходаў: будаўніцтву ліній сучасных аўтаматызаваных сартавальных ліній з аптычнымі сепаратарамі, каб сысці максімальна ад ручной сарціроўкі”.

Алена Аўраменка адзначае, што захаванне, у любым выпадку, не лепшы варыянт: падчас разлажэнне ўсе шкодныя рэчывы трапляюць у прыроду, у тым ліку ў  падземныя воды.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 19.05.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.