Ранішняя кава, цёплы душ, зараджаны тэлефон, інтэрнэт, святло на кухні, халадзільнік, ацяпленне. Для большасці з нас усё гэта выглядае настолькі звычайным, што мы амаль ніколі не задумваемся, колькі сістэм павінны бесперапынна працаваць, каб проста падтрымліваць наш звыклы ўзровень жыцця.
«Мы настолькі ўстаўлены ў гэтую энергетычную сетку самых розных тэхналогій і рашэнняў, што заўважаем яе толькі тады, калі яна знікае», – кажа эксперт у сферы аднаўляльнай энергетыкі Арцём Быстрык.
Энергія, якую мы не заўважаем
Каля года таму гэта востра адчулі жыхары Іспаніі і Партугаліі, калі маштабны блэкаўт пакінуў без электрычнасці цэлыя гарады. У людзей перастаў працаваць інтэрнэт, пачалі садзіцца тэлефоны, а адзінай сувяззю са светам для многіх заставаліся радыёпрыёмнікі на батарэйках.
Падобныя гісторыі гучаць і з Украіны, дзе энергетычная інфраструктура рэгулярна становіцца мішэнню падчас расійскіх абстрэлаў. У такіх умовах асаблівую ролю пачынаюць адыгрываць лакальныя энергетычныя рашэнні – невялікія сістэмы, якія дазваляюць людзям падтрымліваць базавыя патрэбы нават падчас крызісу.
«Лакальныя ініцыятывы і мікраэнергетыка часам застаюцца адзіным спосабам забяспечыць сябе цяплом і электрычнасцю», – адзначае Быстрык.
На гэтым фоне ў Еўропе ўсё больш гавораць пра энергетычныя кааператывы – супольнасці, у якіх людзі разам вырабляюць, выкарыстоўваюць і кіруюць энергіяй. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта магло здавацца экзатычнай «зялёнай» ідэяй, але сёння такія праекты становяцца часткай вялікага еўрапейскага трэнду на лакальную энергетыку, устойлівасць і большую незалежнасць ад вялікіх энергетычных сістэм.
Даведацца болей пра энергетычныя каператывы на серыі бясплатных вебінараў ад Альянса "Зялёная Беларусь". Рэгістрацыя
Ад ткачоў XIX стагоддзя да сонечных панэляў
Сама ідэя кааперацыі зусім не новая. Яшчэ ў XIX стагоддзі людзі пачалі аб’ядноўвацца, каб разам вырашаць праблемы, з якімі паасобку справіцца было цяжка або занадта дорага.
Адным з самых вядомых прыкладаў лічыцца Рочдэйлскі кааператыў у Вялікабрытаніі, створаны ткачамі ў 1840-х гадах. Ва ўмовах беднасці і эканамічнай нестабільнасці яны разам закуплялі прадукты і неабходныя тавары, каб зрабіць іх больш даступнымі для сваіх сем’яў. Менавіта там сфармаваліся прынцыпы, якія пазней стануць асновай усяго сусветнага кааператыўнага руху.
Падобныя формы ўзаемадапамогі існавалі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Украіны і Польшчы. Асабліва ў вёсках, дзе людзі часта аказваліся на мяжы выжывання.
«Менавіта рызыка прымушала людзей аб’ядноўваць свае высілкі і невялікія фінансы. Калі скідваюцца 10 чалавек, яны могуць купіць нешта па больш танным кошце», – тлумачыць эксперт.
У Беларусі кааператыўны рух асабліва актыўна развіваўся ў пачатку XX стагоддзя. Узнікалі малочныя, вытворчыя, спажывецкія і працоўныя кааператывы. Нават сёння Белкаапсаюз нагадвае, што быў заснаваны яшчэ ў 1917 годзе – фактычна раней, чым з’явілася сучасная беларуская дзяржаўнасць.
Пазней, у савецкі час, сама форма кааператываў захавалася, але прынцып самакіравання стаў хутчэй намінальным. Для многіх беларусаў слова «кааператыў» дагэтуль асацыюецца або з савецкімі сельпо, або з мутнымі бізнес-схемамі 90-х гадоў.
Але ў Еўропе кааператыўная мадэль за гэты час не знікла. Наадварот – яна пачала адаптавацца да новых выклікаў. Калі ў XX стагоддзі людзі аб’ядноўваліся вакол зямлі, прадуктаў ці вытворчасці, то сёння ўсё часцей – вакол энергіі.
Цяпер жыхары аднаго раёна або невялікага горада могуць разам усталяваць сонечныя панэлі, ветракі або сістэмы назапашвання энергіі, каб часткова забяспечваць сябе электрычнасцю.
«Людзі разам валодаюць крыніцай энергіі, разам вырашаюць, што з ёй рабіць, і разам паміж сабой дзеляць», – кажа Быстрык.
Пры гэтым гаворка не толькі пра эканомію. Для многіх еўрапейцаў энергетычныя кааператывы сталі яшчэ і спосабам вярнуць сабе кантроль над тым, як арганізавана іх жыццё, адкуль бярэцца энергія і на што трацяцца грошы.
Чаму Еўропа захапілася энергетычнымі кааператывамі
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму энергетычныя кааператывы ўспрымаліся хутчэй як лакальныя эксперыменты энтузіястаў. Але сёння яны ператварыліся ў адзін з самых прыкметных трэндаў еўрапейскай энергетыкі.
Паводле розных ацэнак, у краінах Еўрасаюза цяпер існуе больш за 10 тысяч энергетычных супольнасцяў. Асабліва актыўна яны развіваюцца ў Германіі, Даніі, Бельгіі, Нідэрландах і Польшчы. У некаторых краінах гэта ўжо не проста «зялёныя ініцыятывы», а паўнавартасная частка энергетычнай сістэмы.
Напрыклад, у Германіі дзейнічаюць сотні энергетычных кааператываў, а адзін з самых вядомых – Bürger Energie Berlin – аб’ядноўвае тысячы жыхароў Берліна. Кааператыў быў створаны, каб развіваць больш экалагічную і даступную энергетыку ў горадзе. Яго лозунг гучыць вельмі сімвалічна: «Наш клімат! Наша сетка! Наш шанец!»
У Даніі гісторыя кааператыўнай энергетыкі пачалася яшчэ падчас нафтавых крызісаў 1970-х гадоў. Калі кошты на паліва рэзка выраслі, людзі пачалі шукаць альтэрнатывы. Менавіта тады фермеры і мясцовыя супольнасці пачалі супольна ўсталёўваць ветракі. У нейкі момант да 80% ветравой энергетыкі краіны знаходзілася фактычна ў руках грамадзян.
У Польшчы развіццё ідзе асабліва хутка апошнія некалькі гадоў. Калі яшчэ нядаўна там існавалі толькі адзінкавыя праекты, то цяпер колькасць энергетычных кааператываў ужо ідзе на сотні. Мясцовыя органы самакіравання ствараюць іх разам з жыхарамі і малым бізнесам, а інвестыцыі ў сонечныя панэлі ці іншыя сістэмы часта акупляюцца за 5–7 гадоў.
Прычыны такой папулярнасці значна шырэйшыя, чым проста цікавасць да экалогіі.
Па-першае, гэта кліматычны крызіс. Еўрапейскія краіны спрабуюць паступова адмаўляцца ад выкапнёвага паліва – вугалю, нафты і газу – якія застаюцца галоўнай крыніцай выкідаў парніковых газаў.
«Калі кажуць пра паўтара ці два градусы, гаворка ідзе пра тую мяжу, пасля якой пачнуцца незваротныя наступствы. Нам давядзецца прызвычайвацца да новага свету», – кажа Быстрык.
Але ёсць і больш практычная прычына – грошы. Доўгі час сонечная і ветравая энергетыка лічыліся занадта дарагімі. Аднак тэхналогіі хутка таннелі, а кошты на газ, нафту і вугаль – наадварот, раслі.
«У 2020 годзе графікі перакрыжаваліся: энергія з сонечных панэляў стала таннейшай, чым энергія з вугалю. Калі хочаце эканоміць — выбірайце аднаўляльныя крыніцы», – кажа Быстрык.
Трэцяя прычына – бяспека. Блэкаўты, войны і энергетычныя крызісы паказалі, што цалкам цэнтралізаваныя сістэмы могуць быць вельмі ўразлівымі. Калі ж энергія вырабляецца лакальна, сістэма становіцца больш устойлівай.
Асобна ў Еўропе ўсё часцей гавораць і пра так званую «энергетычную дэмакратыю». Ідэя ў тым, што людзі павінны быць не толькі пасіўнымі спажыўцамі, але і ўдзельнікамі энергетычнай сістэмы – мець магчымасць уплываць на тое, адкуль бярэцца энергія, як яна выкарыстоўваецца і хто на ёй зарабляе.
Менавіта таму для энергетычных кааператываў важныя не толькі сонечныя панэлі або ветракі, але і сам прынцып арганізацыі супольнасці. Яшчэ ў XIX стагоддзі кааператыўны рух сфармуляваў сем асноўных прынцыпаў, многія з якіх застаюцца актуальнымі і сёння.
Сярод іх — добраахвотны ўдзел, дэмакратычны кантроль і незалежнасць ад знешніх уладальнікаў або дзяржавы. У большасці кааператываў дзейнічае прынцып «адзін чалавек – адзін голас»: не мае значэння, колькі грошай уклаў чалавек, – ключавыя рашэнні прымаюцца супольна.
«Не можа быць так, што адзін удзельнік з вялікімі грашыма ўплывае больш за іншых», – тлумачыць эксперт.
Яшчэ адзін важны прынцып – клопат пра супольнасць. Частка прыбытку такіх праектаў часта вяртаецца назад у мясцовае развіццё: рамонт інфраструктуры, адукацыйныя праекты або падтрымку лакальных ініцыятыў.
Акрамя гэтага, кааператывы звычайна імкнуцца супрацоўнічаць паміж сабой, абменьвацца досведам і развіваць адукацыйныя праграмы для сваіх удзельнікаў. У Еўропе ўжо існуюць цэлыя федэрацыі энергетычных супольнасцяў, якія дапамагаюць новым праектам запускацца і развівацца.
Па сутнасці, гаворка ідзе не проста пра новую энергетычную мадэль, а пра іншую логіку адносін паміж людзьмі – больш гарызантальную, лакальную і заснаваную на супрацоўніцтве.
А што з Беларуссю?
На фоне еўрапейскага буму энергетычных кааператываў Беларусь пакуль выглядае хутчэй выключэннем. Нягледзячы на тое, што традыцыя кааперацыі ў рэгіёне існуе ўжо больш за сто гадоў, энергетычныя супольнасці тут амаль не развіваюцца.
Паводле даследаванняў, яшчэ ў 2017 годзе Беларусь была адзінай краінай у рэгіёне, дзе даследчыкі не толькі не знайшлі дзейных энергетычных кааператываў, але нават не выявілі рэальных планаў іх стварэння. У той час у Грузіі ўжо працавалі кааператывы на базе сонечных воданагравальнікаў, ва Украіне з’яўляліся новыя праекты, а ў Харватыі і Сербіі развіццё падтрымлівалі міжнародныя арганізацыі і муніцыпалітэты.
Адна з галоўных праблем – заканадаўства. Самога паняцця «энергетычны кааператыў» у Беларусі фактычна не існуе.
«Ты нават не можаш перакінуць кабель праз плот суседу», – кажа Арцём Быстрык.
Паводле эксперта, перадача энергіі паміж прыватнымі карыстальнікамі патрабуе спецыяльных дазволаў і ліцэнзій, а сама беларуская энергасістэма застаецца вельмі цэнтралізаванай.
Але справа не толькі ў тэхнічных або юрыдычных абмежаваннях. Энергетычныя кааператывы патрабуюць высокага ўзроўню даверу паміж людзьмі, гатоўнасці дамаўляцца і сумесна прымаць рашэнні. Менавіта таму ў Еўропе яны часта развіваюцца там, дзе ўжо існуе моцная культура лакальных супольнасцяў і самакіравання.
Тым не менш цікавасць да тэмы ў Беларусі паступова з’яўляецца. Асабліва на фоне размоў пра энергетычную бяспеку, рост коштаў, кліматычныя выклікі і жаданне людзей больш уплываць на тое, як арганізавана іх жыццё.
«Людзі ўсё больш расчароўваюцца ў формах кіравання, дзе ўсё вырашаецца без іх удзелу. А ў кааператывах узнікае давер і магчымасць дамаўляцца паміж сабой», – адзначае Быстрык.
Пакуль энергетычныя кааператывы ў Беларусі выглядаюць хутчэй як ідэя будучыні, чым як рэальная частка эканомікі. Але яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму такой жа «экзотыкай» яны былі і ў многіх краінах Еўропы.
Хочаце даведацца болей? Прыходьце на серыю экспертных вэбінараў
Альянс "Зялёная Беларусь" запрашае ахвотных далучыцца да серыі вэбінараў пра энергетычныя каператывы, якая адбываецца ў межах запуску Green Policy School.
У чацвер, 21 мая, можна даведацца падрабязней пра тое, як энергетычныя каператывы працуюць у Польшчы і ЕС. А ў чацвер, 28 мая, пра тое, як такія каператывы маглі б працаваць у Беларусі.
Самыя актыўныя ўдзельнікі вэбінараў атрымаюць запрашэнне на ўдзел у асноўнай праграме Школы.