20.06.2016 / 14:06

Нейкі час таму на Полаччыне шмат размоў вялося пра новую службу, якая гатовая прыехаць да вас дамоў і забраць старыя непатрэбныя лядоўню, пральную машыну, тэлевізар, газавую пліту... Гэтая магчымасць зацікавіла ў першую чаргу людзей сталага ўзросту. У бабулі аўтара гэтых радкоў, да прыкладу, у кватэры стаялі тры старых лядоўні — з тых часоў, калі старая кожны сезон напаўняла іх бясконцымі «закаткамі». Лядоўні сваё адслужылі, але з-за адсутнасці ўласнага транспарту іх не было куды падзець. Не да сметніку ж, што каля пад’езду, іх несці...

А дужыя хлопцы службы самі вынеслі іх з 7-га паверха і адвезлі на сваім «бусіку» на базу, дзе разабралі і адправілі на перапрацоўку.

Сэрвіс, які аказвае гэтую паслугу, завецца «БелВТІ-таксі». Каб бліжэй пазнаёміцца з яго працай, і даведацца, як вырашаецца праблема збору і перапрацоўкі любых адходаў электрычнага і электроннага абсталявання, карэспандэнт Віцебскага Зялёнага партала сустрэўся з кіраўніком прадпрыемства «БелВТІ-рэгіён» Фёдарам Арловым.

— Адно з ключавых экалагічных пытанняў сучаснасці — абыходжанне з адходамі, — Фёдар Арлоў пачаў расповед, калі мы крочылі да шматпавярхоўкі ў маладым мікрараёне Полацка. — Яно было акрэслена указам №313 ад 11 ліпеня 2012 года.

Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №313 ад 11 ліпеня 2012 года «Аб некаторых пытаннях звароту з адходамі спажывання» рэгламентуе працу вытворцаў і пастаўшчыкоў у кірунку звароту з адходамі і адпаведна арганізацый, якія займаюцца іх зборам і перапрацоўкай.

— І наша задача — максімальна спрыяць вырашэнню гэтага пытання. Сёння існуюць 3 шляхі, якімі мы ажыццяўляем збор адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.

Якраз у гэты момант з пад’езду выйшаў мужчына са старой пральнай машынкай і накіраваўся да мікрааўтобуса, прыпаркаванага побач.

— «БелВТІ-таксі» — адзін са шляхоў, — патлумачыў Фёдар Арлоў. — Людзі тэлефануюць у наш кол-цэнтр — яго нумар 235-235-2, — просяць забраць той ці іншы агрэгат. Дамаўляемся пра дату і час і прыязджаем.

Кампанію пральнай машынцы склалі тэлевізар і лядоўня. Бус павёз старую тэхніку на прадпрыемства. У «БелВТІ-рэгіён», дарэчы, уласная вытворчая база па перапрацоўцы тэхнікі, абсталяваная ў адпаведнасці са спецыяльнымі патрабаваннямі вытворчых і складскіх памяшканняў.

— Насамрэч грамадзяне могуць прывезці старое абсталяванне да нас самастойна, у гэтым выпадку за 1 кілаграм мы яшчэ і заплацім па 800 рублёў, — распавядае Фёдар Арлоў пра другі шлях збору адходаў. — Аднак такая магчымасць ёсць далёка не ў кожнага. Мы працуем таксама з юрыдычнымі асобамі. У тэхніцы ўтрымліваюцца каштоўныя металы, і таму ў арганізацый часам узнікаюць праблемы з тым, як пазбавіцца ад таго ці іншага агрэгата, які займае месца, а з балансу яго зняць нельга. Прадастаўляем усе неабходныя дакументы.

...Мы пад’язджаем да крамы «Гарызонт», якая месціцца ў самым цэнтры Полацка, на праспекце Францыска Скарыны. Адразу на вочы трапляецца прыгожы зялёны кантэйнер, які аддалена нагадвае ці то банкамат, ці то кава-машыну.

— А такія кантэйнеры мы ўсталёўваем у прадпрыемствах гандлю. З іх дапамогай можна збіраць элементы сілкавання, прасцей кажучы, батарэйкі, а таксама люмінесцэнтныя лямпы і лямпы, якія ўтрымліваюць ртуць. Летась усталявалі каля 220 ёмістасцей. Гэта як такія кантэйнеры, — Фёдар Арлоў паказвае на яскравую зялёную «шафу», — так і меншага памеру.

За 2015 год, дарэчы, прадпрыемства сабрала каля 176 тон электрычнага і электроннага абсталявання (за 4 месяцы 2016-га — ужо болей 30 тон), амаль 4 тоны элементаў сілкавання і каля 10 тысяч лямп. Сёлета лямп сабралі ўжо болей за 2000 і 2 тоны батарэек.

Фёдар Арлоў лічыць, што адзін з найбольш важных аспектаў дзейнасці «БелВТІ-рэгіёна» — інфармаванне насельніцтва аб тым, як правільна абыходзіцца з непатрэбнай тэхнікай. Бо адна батарэйка, як вядома, забруджвае сваімі кампанентамі 400 літраў вады і 20 м2 глебы.

— Таму мы размяшчаем інфармацыйныя плакаты ў гандлёвых сетках і іншых арганізацыях, працуем з установамі адукацыі. Гэта дазваляе данесці да мэтавай аўдыторыі неабходнасць правільнага звароту з адходамі такога кшталту, якія збіраюцца ў нас дома. Са школамі ствараем розныя экалагічныя праекты. Пачынаць трэба з маленства! Напрыклад, з СШ №2 распрацавалі экалагічную ёлку, і яна атрымала прыз сімпатый журы адпаведнага фотаконкурсу Школьнага праекту выкарыстання рэсурсаў і энергіі (ШПИРЭ — па-руску. — І.П.).

Сёлета «БелВТІ-рэгіён» плануе пашырыць сетку кантэйнераў і ўсталёўваць іх у зручных для насельніцтва месцах. Іх павінна з’явіцца яшчэ каля сотні. І, як не стамляецца падкрэсліваць Фёдар Арлоў, будзе працягвацца інфармацыйная праца.

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость