21.03.2019 / 08:03

Лідар гурта Андрусь Такіданг распавёў, чаму музыкі пагадзіліся сыграць у акустыцы падчас Гадзіны Зямлі 30 сакавіка. А таксама – аб тым, як ён сартуе смецце, за што любіць праспект Незалежнасці і дзе бачыў першы вятрак.

Заснаваны ў 2002 годзе – гэта першае, што вы прачытаеце пра гурт Рэха у Вікіпедыі. З таго часу на музычнай сцэне Беларусі адгрымелі рок і рэвалюцыя, з’явілася маладая беларускамоўная поп-музыка і страшна палічыць, колькі гуртоў сыйшло ў нябыт.

Падаецца, што Рэха рызыкаваў быць адным з іх – першы альбом яны запісалі праз 10 год пасля заснавання. Але так толькі падаецца: насамрэч зрабіць музыку гарманічнай часткай свайго жыцця было мэтай музыкаў.

Незадоўга да #ЧасЗемли2019 аб усім па парадку, ад музыкі да экалогіі, мы пагутарылі у інтэрв’ю з Андрусём Такідангам, вакалістам гурта, яго заснавальнікам, першым і адзіным дамрыстам.

Гурт Recha выступіць 30 сакавіка падчас #ЧасЗемли2019 у мінскім бары Жеваный крот. Адрэса – Зыбіцкая 6, уваход з боку ракі. Пачатак а 20:00, уваход вольны!

Падзеі ў сацыяльных сетках: vk.com, facebook.com

Андрусь Такіданг, 2016 год. Фота – budzma.org
Андрусь Такіданг, 2016 год. Фота – budzma.org

 

У Польшчы мы ўпершыню бачылі, як круцяцца ветракі

Першае, што я вас прачытала – што граеце з 2002 года. Гэта праўда?

Ого! Так, гэта праўда. Нулявыя… (Андрусь смяецца)

Колькі табе гадоў было?

Ну, гадоў 40, калі мы пачыналі іграць.... Жартую: мы вучыліся ў каледжы, пачыналі з маім аднакласнікам, і гэта зацягнулася. Вядома, калі ты пачынаеш, то думаеш: паіграю пяць годзікаў, а ў 25 зраблюся зусім старым, куды ўжо іграць? Я ж не буду скакаць па сцэне, як усе гэтыя пярэстаркі!

А тут музыка бац – і не адпускае. Думаеш: грае ж Кірчук, спявае Мік Джагер. Усё гэта прыгода, і цікава: што далей, чым скончыцца?

Як выглядае тваё жыццё па-за музыкай?

Па адукацыі я мастак і гэтым займаюся: звычайна сяджу дома за кампутарам і малюю ілюстрацыі. Малюю нешта і рукамі, часам трапляю ў тэлевізійныя праекты.

Я вучыўся у Акадэміі мастацтваў на мастака-манументаліста, але выгналі. І я адчучыўся ў інстытуце культуры на мастака-ілюстратара. Была дэпрэсія, якраз тады ў гурта пачаліся гастролі па Польшчы.

Гэта быў 2004-2005 год. У нас з’явіўся прадусар, хаця мы зусім не ўмелі іграць. Цікава было трапіць з музыкай за мяжу. З аднаго боку, гэта загартавала музыкаў, а з іншага, мы падумалі, што так і трэба. Не ведалі, што нам пашанцавала і што трэба вучыцца іграць.

Калі мы былі ў Польшчы, то ўпершыню бачылі, як круцяцца ветракі – першае знаёмства з альтэрнатыўнай крыніцай энергіі. Хаця кажуць, яны таксама шкодныя…

Па размеркаванні мяне адправілі ў Музей архітэктры і побыту пад Менскам (у Строчыцах - рэд). Паралельна я апынуўся на тэлебачанні ў перадачы пра беларускую мову на АНТ і рабіў яе пяць гадоў. Тады там не было беларускамоўных перадач. Потым tut.by, радыё Свабода і нават Белсат. Але відэа ў жыцці было эпізадычна, увесь час я заставаўся мастаком і музыкам.

Фота – Юля Сакалоўская
Фота – Юля Сакалоўская

 

Не ў крыўду Сяргею Валяр’янавічу

Чаму вы пагадзіліся на выступ на Гадзіне Зямлі? Тыповая гэта форма выступу ці не?

Гэта вяліка ўдача для нас. Мы час ад часу ігралі для “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, калі яны ладзілі фэст кулікоў…

Мы граем на розных мерапрыемствах, якія нам падабаюцца, і адмаўляемся ад тых, што не падабаюцца. Ты граеш на вяселлі – крута, на Новым годзе – таксама, на дні народзінаў у Сяргея Валяр’янавіча, хто б ён ні быў, альбо віншуеш жаночы калектыў якога-небудзь МЗОРа – класна, і мы да гэтага свядома ішлі.

Мы шмат граем у райцэнтрах ды вёсках, і тое было свядомым выбарам. Выбарам любога музыкі: ствараць мастацтва ці працаваць за грошы? Ёсць круцейшыя за нас гурты, якія знікаюць: яны трымаюць высокую мастацкую планку і таму не могуць, умоўна кажучы, граць на карпаратыве.

Таму мы хацелі быць “цыганскім” калектывам, які бывае паўсюль. Але на такой падзеі, як Гадзіна Зямлі спрычыняешся да справы, большай за цябе. Ты маеш магчымасць сваёй музычнай працай дэклараваць: “Людзі, давайце будзем больш свядома ставіцца да наваколля!”

Мы хочам сумяшчаць музыку з працай, каб было на што запісацца і проста набыць штаны. І таму нашая музыка зрабілася блізкай да чалавека. А Гадзіна Зямлі для нас – індульгенцыя. Гэта магчымасць згадаць, хто мы; гэта публіка, па якой мы засумавалі; гэта магчымасць сустрэцца з маладымі моднымі людзьмі…

Не ў крыўду Сяргею Валяр’янавічу.

Фота – Юля Хвошч
Фота – Юля Хвошч

 

Пакеты – анахранізм, які хутка знікне

Наколькі часта ў сваім жыцці ты сутыкаешся з паняткам экалогіі, аховы навакольнага асяроддзя?

Калі мы паехалі ў Берлін, то на кватэры ўбачылі сметніцу з мінімум чатырма аддзеламі. Гаспадар патлумачыў, навошта кожны з іх. І мы спыталі: а чаму так дзеляць?

Ён кажа, маўляў, так трэба, і тым больш над бакамі для смецця ёсць камера і можна атрымаць штраф. Так я сутыкнуўся з раздзяленнем смецця першы раз. Дома я яго аддзяляю шкло і пластык, а вось бак для паперы каля дому знік.

Больш за ўсё атрымліваецца пластыку. Я ўжо паспрабаваў казаць на касе: “Не, мне не трэба пакецік”. Набраўся адвагі! Але пакуль у мяне няма сістэмы, як быць у краме: ты жангліруючы памідорамі ідзеш да касы, а іх там хуценька ў пакецік. І думаеш: чаму я не ўмею размаўляць з людзямі! Чаму я інтраверт і не магу сказаць: “Чакай!”

Але прынамсі відавочна, што гэта анахранізм і хутка знікне.

 

У горадзе ты ашчаджаеш цішыню і прастору

Я чытала, што ты нарадзіўся ў вёсцы? Наколькі ты гараджанін?

Нарадзіўся ў Менску, але жыў у вёсцы да 5 класа. Я стоадсоткавы гараджанін, хаця доўга сябе лічыў вясковым чалавекам. Зараз вёска засталася сантыментам.

Што такое гарадскі чалавек?

Калі я прыехаў у вялікі горад, то дзівіўся: “О! Глянь які валасаты! А вунь які лысы! А ў гэтага берцы!” А цяпер я так не раблю. Гарадскі жыхар разумее, што мы ўсе розныя, і здольны мінімізаваць шкоду, якую мы робім адзін аднаму між волі, бо жывем надта блізка. Гэта таксама ўменне камунікацыі на паўтону цішэй, чым у негарадскіх жыхароў.

Ты ашчаджаеш цішыню і прастору.

Ці мог бы ты параіць нейкія зялёныя прасторы ў Менску?

Ведаеш, мы казалі, што я гараджанін… Калі быў малы, у вёсцы мне думалася: “Гэты лес, і гэтая вёска… Вось бы на эскалатары пакатацца! Машыні, бензін – як жа класна!” У мяне гэта і засталося. Я спакойна стаўлюся да прашпекту і адпачываю, ідучы там.

Магу толькі сказаць, што іх мусіць быць больш і я ведаю, наколькі яны могуць быць інтэграваныя ў гарадскую прастору. Калі мы былі ў Берліне, то бачым: ліса пабегла! І за ёй дзеці. Там ёсць парк, дзе пад Берліна ходзяць дзікі. Там зеляніна больш дзікая, без абрэзаных дрэваў.

Фота – Юля Сакалоўская
Фота – Юля Сакалоўская

 

Я люблю Менск

Якім для цябе ідэальны Менск?

Мне падабаецца Менск. Я люблю яго за тое, што калі іду па цэнтральнай плошчы, то вітаюся са знаёмымі. Учора за пяць хвілін я сустрэў пяць чалавек: Марыну Золатаву з tut.by, Аляксея Сапрыкіна з Вольнага тэатра, Паўліну Цімохіну з гурта Pauline

Заходзіш у Цэнтральны, а там такая каларытная публіка, такі моцны пах! Гэта крута. Чаму? Раней у нас былі рэпетыцыі побач, і мы заходзілі ў Цэнтральны, нешта бралі і ішлі пасядзець побач у алеі. Цяпер я не хаджу ў Цэнтральны, але мы, менчукі, ведаем, што гэта.

Люблю Менск за такія розныя штукі, часам трэшовыя. Ты паказваеш замежным знаёмым Палац Рэспублікі, рэканструкцыю Зыбіцкай у стылі фэнтэзі… У некаторых гэтая рэканструкцыя выклікае абурэнне. Але Сяргей Харэўскі разважаў так: Зыбіцкую зрабілі нейкай казачнай, але згадваю на гэтым месцы гаражы, за якімі была ледзь не прыбіральна – не, добра, што зрабілі рэканструкцыю.

Галоўнае – каб не руйнавалі тое, што мы маем сапраўднага. Часам крыўдна, калі будуюць якую-небудзь лухту ці збіраюцца знесці дамы ў Асмолаўцы. Учора ішоў на Казлова – там такія прыгожыя дамы! Прагрэсіўная частка грамадства цяміць, што яны –  наша багацце, што старыя скверы трэба захоўваць, а шкло і бетон – не модна і не варта за імі гнацца. Мы ўсё адно не збудуем Нью-Ёрк.

Андрусь і Зыбіцкая
Андрусь і Зыбіцкая

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость