22.02.2016 / 15:02

У Беларусі вядзецца актыўная падрыхтоўка да чарговай акцыі па ўборцы смецця «Зробім!», якая праходзіць у межах глабальнага руху «Let’s do it!». Напярэдадні гэтай падзеі двум прадстаўнікам беларускага арганізацыйнага камітэта давялося пабываць на тэматычнай міжнароднай канферэнцыі ў турэцкім горадзе Бурса. Якія перспектыўныя кропкі намецілі ўдзельнікі мерапрыемства для развіцця руху, і што карыснага падкрэсліла для сябе арганізацыйная каманда з нашай краіны, Зялёнаму парталу распавёў Кірыл Кудравец з кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка» і ГА «Мінскае роварнае таварыства».

У пошуках агульнага

Канферэнцыя мусіла сабраць удзельнікаў з 52 краін свету, аднак у выніку даехалі не ўсе.  Агулам больш сотні чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Туніса, Францыі, Італіі, Эстоніі, Афганістана, Турцыі, Швецыі і Славеніі на працягу амаль двух дзён у фармаце воркшопаў, прэзентацый і рэгіянальных сустрэч абмяркоўвалі найбольш актуальныя пытанні для руху «Let's do it!».

Адной з найважнейшых тэм, якую вынеслі на разгляд арганізатары мерапрыемства, стала агульная для ўсяго свету дата ўборкі, што мусіць прайсці ў 2018 годзе.

«Гэта было зроблена не зусім дэмакратычным шляхам, бо нам паведамілі, што ўсё павінна адбыцца 8 верасня. І ніхто не імкнуўся абмеркаваць, ці добрая ўвогулле ідэя рабіць акцыю адным днём. Мы не абмяркоўвалі плюсы і мінусы такога рашэння, а хутчэй шукалі толькі яго станоўчыя бакі», — кажа Кірыл.

На думку актывіста, прымаць такога кшталту рашэнні трэба з улікам сітуацыйных умоў кожнай краіны асобна. Магчыма, камусьці будзе значна выгадней расцягнуць уборку на больш працяглы час. І звязана гэта не толькі з узроўнем забруджанасці мясцовасці, але і ўплывам на выбар фармату акцыі надвор'я. Акрамя гэтага, не варта забываць, што рэгіёны і краіны маюць палітычныя адрозненні, што таксама адбіваецца на, здавалася б, абсалютна нейтральнай валанцёрскай акцыі.

На канферэнцыі натхняльнай стала навіна пра верагодную магчымасць з’яўлення глабальных партнёраў, якія змогуць падтрымаць не адну асобную краіну, а цэлы рэгіён. Магчыма, менавіта гэта можа даць імпульс тым краінам, якія найменш уключаныя ў рух «Let's do it!». З гэтай жа нагоды ў рамках канферэнцыі праводзіўся спецыяльны воркшоп па прыцягненню фінансавання ад міжнародных партнёраў.

Акрамя таго, на мерапрыемстве нарадзілася незвычайная ідэя, як прыцягнуць у рух «Let's do it!» незаангажаваныя краіны. Яе сутнасць заключаецца ў караблі, на якім будуць жыць і падарожнічаць валанцёры, што возьмуць на сябе дапамогу ў арганізацыі, правядзенні ўборак і навучанні мясцовых людзей.

«Мы займаліся і тым, што малявалі сваё бачанне лідара, агульны яго партрэт. Вядома, у большасці сваёй удзельнікі схіляліся да таго, што ён павінны быць камунікабельным, стрэсаўстойлівым і г.д. Рабілася гэта з разлікам на тое, што, ведаючы, з якімі навыкамі і ўменнямі нам патрэбны чалавек, будзе прасцей шукаць яго па вызначаных крытэрыях. Сітуацыі з беларускім «Зробім!» найлепш адпавядае такой справе. Бо калі працуе каманда, гэта ўстойліва і гарантуе большую верагоднасць у дасягненні пастаўленых мэт», — мяркуе Кірыл.

Кірыл Кудравец і Надзея Дубоўская — прадстаўнікі беларускай каманды «Зробім!»
Кірыл Кудравец і Надзея Дубоўская — прадстаўнікі беларускай каманды «Зробім!»

Не гублялі час, актывісты і ў прыктычным сэнсе, арганізаваўшы спантанную ўборку вакол гатэля, у якім яны жылі. Але, як адзначыў беларускі прадстаўнік руху, сярод удзельнікаў усё ж мала было людзей з экалагічным мысленнем.

«Амаль не было вегетарыянцаў ці веганаў. Многія не выключалі святло ці ваду за сабой, карысталіся аднаразавым посудам, ездзілі на ліфтах... Я б нават сказаў, што яны пакуль не гатовыя да нейкага іншага жыцця. Але гэта прыклад таго, што «Let's do it!» можа стаць кропкай уваходу людзей ў тэму і быць пачаткам іх экалагізацыі», — падкрэслівае ён.

 

Усходні рэгіён «Let's do it!»

Улічваючы, што прыехалі актыўныя ўдзельнікі руху з розных краін, канферэнцыя стала выдатнай платформай дзеля таго, каб прадстаўнікі рэгіёнаў змаглі сустрэцца адзін з адным і абмеркаваць важныя лакальныя рэчы.

«На жаль, усходняй частцы руху зрабіць гэта не атрымалася з-за некаторых абставін. Таму было вырашана перанесці наша планаванне ў online-фармат. Тым больш што не так даўно ў Кіеве ладзілася канферэнцыя для прадстаўнікоў нашага рэгіёну, дзе былі абазначаны як дасягненні кожнай з краін-удзельніц, так і слабыя месцы», — кажа Кірыл.

Прадстаўнікі каманды «Зробім!» на канферэнцыі ў Кіеве
Прадстаўнікі каманды «Зробім!» на канферэнцыі ў Кіеве

Так, прадстаўнікі расійскай каманды неаднаразова заяўлялі, што хочуць прыбраць раз і назаўсёды. З гэтай мэтай яны задумваюць правесці адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы і кінуць заклік у масы. Такія меры неабходныя Расіі, каб зноў вярнуць інтарэс да акцыі. Бо кожны раз людзей заклікаюць прыбраць краіну ад смецця, але канца гэтаму не бачна. Таму відавочна, што з году ў год усё менш чалавек падключаюцца да акцыі і ўсё больш валанцёраў выгараюць.

  • На жаль, не спрыяе развіццю «Let's do it!» у Расіі і дзяржава, так як ва ўмовах больш жорсткага кантролю грамадскага актывізму, збіраючы людзей на ўборку, арганізатары павінны забяспечыць прысутнасць ў дастатковай колькасці нарадаў міліцыі і карэт хуткай дапамогі.
  • Ва Украіне ж, наадварот, на хвалі змен, што пачаліся два гады таму, акцыя па ўборцы смецця набыла вялікі размах як сярод грамадзян, так і дзеячаў палітыкі і культуры. Стала гэта магчымым і праз маладую і жвавую каманду, якая здолела прыцягнуць шмат валанцёраў у рух, знайсці партнёраў і спонсараў.

«Напэўна, Украіна на сённяшні дзень будзе лідарам у нашым рэгіёне», — адзначае актывіст.

 

«Зробім!» Беларусь

«На самой справе вельмі файна, што ў свеце ведаюць такога ўдзельніка руху «Let’s do it!», як Беларусь. Нас падтрымліваюць і з разуменнем ставяцца да спецыфічнай сітуацыі, што склалася ў краіне з акцыяй за непростых палітычных умоў і інэртнасці людзей увогулле», — распавядае Кірыл.

Прычыны, чаму сталася менавіта так, могуць быць розныя. Некаторыя з членаў арганізацыйнага камітэта мяркуюць, што гэта — спадчына савецкага мінулага, а дакладней, суботнікаў, якія прымусова праводзяцца да гэтага часу ў Беларусі. І таму асабліва важна, што краіны-суседзі па рэгіёну і эксперты міжнароднага руху «Let's do it!» сёння гатовыя аказаць беларускай камандзе падтрымку і дапамогу.

«Сучасныя тэхналогіі без праблем дазваляюць арганізоўваць і праводзіць разнастайныя вебінары і online-канферэнцыі, падключаючы людзей нават з розных частак свету. Таму няма ніякай праблемы ў тым, каб зрабіць які-небудзь натхняльны воркшоп з экспертам «Let's do it!» для нашых валанцёраў і мясцовых арганізатараў», —  тлумачыць ён.

Акрамя гэтага, падтрымка такой вялікай супольнасці дапаможа і ў працы з беларускімі чыноўнікамі. Кірыл упэўнены: калі паказаць маштабы акцыі па ўсім свеце, гэта можа стаць дадатковай матывацыяй для дзяржслужачых паспрыяць прасоўванню «Зробім!» у нашай краіне.

Вядома, што зараз перад камандай стаіць вялікая задача па працы з прадстаўнікамі ўлады, мясцовымі органамі кіравання, каб падцягнуць вобласці, з адукацыйнымі ўстановамі, лакальнымі арганізатарамі, патэнцыйнымі партнёрамі і спонсарамі. Але, каб 9 красавіка ў Беларусі ў чарговы раз прайшла глабальная ўборка, важна судатычнасць грамадзян, іх зацікаўленасць у «Зробім!».

«Трэба падумаць, ці можна праз такія платформы, як “Talaka” i “Мае сэнс”, знайсці і людзей, і нейкія фінансавыя сродкі. Нягледзячы на тое, што сёння беларусы часцей дапамагаюць дзецям, паступова прыходзіць разуменне важнасці падтрымкі і пэўных сацыяльна-экалагічных праектаў».

«Бо калі мы будзем мець больш чыстае і спрыяльнае навакольнае асяроддзе, то і соцыум наш стане здаравей», — дзеліцца думкамі ён.

Дарэчы, у пытанні фінансавых ахвяраванняў унікальнасць беларускай рэчаіснасці ў тым, што людзі больш гатовыя дапамагаць фізічна. У той жа Італіі і Францыі адваротная сітуацыя, асабліва ў адносінах да смецця, бо адбылася яго дэманізацыя, і людзям прасцей «адкупіцца», чым выходзіць і збіраць яго. Таму наша краіна знаходзіцца ў больш выгадных умовах. Акрамя гэтага, на думку Кірыла, на карысць акцыі гуляюць і рэшткі савецкага выхавання, якія не дазваляюць асабліва «раскідвацца» смеццем. Але стымліваючым фактарам з'яўляецца негатыўнае стаўленне да суботнікаў і асацыяцыя ўборак у рамках «Зробім!».

«І тут трэба правесці правільную працу і з чыноўнікамі, каб яны не пачалі, падтрымліваючы акцыі, праводзіць стандартныя прымусовыя ўборкі, і з насельніцтвам».

«Неабходна паказаць, што «Зробім!» — гэта перш за ўсё ініцыятыва грамадскасці», — кажа ён.

Яшчэ адным важным момантам напярэдадні ўсебеларускай уборкі з'яўляецца арганізацыя якаснага і па магчымасці поўнага маніторынгу месцаў з несанкцыянаванымі звалкамі. Найлепшым чынам можа спрацаваць падключэнне да гэтай справы аматараў і ўдзельнікаў веласіпеднага руху, бо, як адзначыў Кірыл, звычайна такія людзі могуць пранікнуць у найменш даступныя месцы, маючы добрае тэхнічнае абсталяванне, зфатаграфаваць смецце, а вось вывезці яго адразу ў іх наўрад ці атрымаецца.

«Не варта забываць і падключэнне мясцовых супольнасцяў, напрыклад, грыбнікоў. Яны таксама звычайна абыходзяць вялікія тэрыторыі і шмат чаго знаходзяць. Аднак грыбнікі, на жаль, могуць не мець сучаснай тэхнікі ці не ўмець карыстацца мабільным дадаткам, каб паставіць кропку на мапе», —зазначае актывіст.

Таму пачынаць варта з моладзі і заахвочваць мясцовыя кам'юніці.

Якраз гэты момант агаворвала італьянская каманда «Let's do it!» на канферэнцыі. Кірыл упэўнены ў тым, што людзей варта запрашаць індывідуальна, размаўляць з імі, раскладваць па палічках мэты і задачы, а на далей гэта можа прывесці да так званага сарафаннага радыё.

 

Эстонскае свята ў кожную краіну

Вядома, што ў большасці сваёй людзі любяць святы. Якраз у гэтым і заключаецца сакрэт поспеху Эстоніі, адзінай краіны, якой за дзень удалося прыбраць тэрыторыю дзяржавы, бо акцыю гэту яны ператварылі ў сапраўднае свята. Арганізатары дасягнулі такой крытычнай людской масы, якая дазволіла за 20 хвілін справіцца з галоўнай задачай і ўвесь астатні запланаваны час акцыі —весяліцца і адпачываць.

«Гэты ж момант адзначаюць і нашыя расійскія калегі, перад якімі стаіць увогуле неверагодная задача, улічваючы памеры Расійскай Федэрацыі», — дадае Кірыл.

Яшчэ мяркуючы па свайму вопыту арганізацыі веласіпеднага пракату, актывіст настойвае, што людзям неабходна паказаць канчатковую мэту акцыі, патлумачыць неабходнасць у вялікай колькасці ўдзельнікаў. Але самае важнае — гэта даць магчымасць кожнаму раздзяліць асалоду ад агульнага поспеху, адчуць свой удзел у «Зробім!».

Автор:
Фотограф:
Facebook.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость