— Ідэя максімальна простая, — распавядае Ганна Дапшэвічуце, еvent-менеджэр Таварыства «Зялёная сетка». — Неабходна спампаваць папку з трэкамі і мапай і ісці па маршруту, які вы можаце разбіваць на часткі, праходзіць яго не за адзін дзень і гуляць аднаму ці з сябрамі.
Такім чынам, упэўненая яна, людзі атрымоўваюць поўную незалежнасць і радасць ад даследавання горада. Тым больш што аўдыягіды маюць сваю адметнасць і перавагу перад звыклымі экскурсійнымі аповедамі, бо ў кожнага з іх ёсць свой аўтар і расказваюцца яны чалавечай мовай.
Самаму першаму маршруту, што якраз трапіў у сеціва 16 верасня — на адкрыццё Тыдня мабільнасці, як заўважае Ганна, відавочна, было наканавана з'явіцца ў любым выпадку, бо ідэя яго стварэння прыйшла адразу з двух бакоў — ад Таварыства «Зялёная сетка» і архітэктара Рыгора Заборскага.
— З аднаго боку, мяне вельмі радуе тое, што адбываецца апошнія гадоў 7 у Мінску. Бо мінчане навучыліся казаць «я» і выказваць сваё меркаванне адносна горада. Але наступны крок, чаго мы пакуль не навучыліся рабіць — верыць у тое, што меркаванне іншага «я» таксама мае сваю каштоўнасць, — тлумачыць Рыгор Заборскі, архітэктар і аўтар першага аўдыёгіда «Архітэктура будучага: ўяўляемы Мінск». — Добры горад атрымоўваецца, калі ты разумееш, што людзі розныя, і паважаеш розныя меркаванні. Таму мне падаецца, што аўдыягіды, кожны з якіх індывідуальны і адлюстроўвае пункт гледжання цікавых, яркіх і адрозных адзін ад аднаго асоб, — гэта наш спосаб асвойваць іншыя меркаванні і самім жа станавіцца багацей.
У сваім аповедзе пра Мінск Рыгор пажадаў прадставіць бачанне горада ад маладых архітэктараў. Адметнасць яго ў тым, што гэты гід, акрамя ўсяго іншага, можна лічыць поглядам на будучы выгляд Мінска. Бо, як падкрэсліў сам Заборскі, прафесія архітэктара вельмі складаная, і, як правіла, будаваць людзі пачынаюць даволі позна, перад гэтым чалавек выношваў задумкі гадоў 15.
— Ад добрай заходняй архітэктуры нас аддзяляюць не тэхналогіі, не ўменні ці навыкі, не эканоміка... Сучасная архітэктура не даражэй таго лайна, што зараз будуецца на вуліцах Мінска!
Праблема толькі ў страху: страшна будаваць штосьці новае, бачыць штосьці незвычайнае, страшна да яго падыйсці. Мы не гатовыя да зменаў, — заўважае ён.
— Аднак будучыня да нас прыходзіць разам з Тыднем мабільнасці. І да яго можна ставіцца па-рознаму. Так, некаторыя краіны — Галандыя, ЗША, разумеючы, што будучыня ўсё роўна надыходзіць, бяруць і бягуць самі як мага хутчэй і асвойваюць яе раней, чым яна іх раздушыць. Што ж, у прыватнасці, робім мы? Мы ад будучыні хаваемся і кажам: «Нічога гэтага не здарыцца», а пасля вырастае «Кемпінскі».
Таму ў сваім аўдыягідзе архітэктар паспрабаваў паказаць, як можа выглядаць будучыня, даказаць, што яна неймаверная, і яе можна палюбіць.
Адзін з аб'ектаў якраз напрамую звязаны з тэмай мабільнасці і гісторыяй былых транспартных шляхоў, якія ў сілу развіцця тэхналогій і колавага транспарту сёння з'яўляюцца хутчэй перашкодай для гарадскога асяроддзя, чым яго адметнасцю. Гаворка ідзе пра рэкі, у дадзеным выпадку — пра ўчастак Свіслачы, які раздзяляе раёны вуліцы Зыбіцкай і выставачнага комплексу «БелЭкспа», якія ў будучыні будуць іграць вельмі важную ролю для горада, ператварыўшыся ў забаўляльны і дзелавы цэнтры.
— Калі мы спалучым гэтыя дзве кропкі, з'явіцца ачаг сучаснага камфортнага горада. Але вядома, хтосьці павінны патраціць грошы на тое, каб пабудаваць веласіпедна-пешаходны мост, — кажа Рыгор Заборскі. — У сваю чаргу архітэктары Аляксандр Хадзякоў і Наталля Немкова прапануюць пабудаваць пешаходны мост, які будзе ўтрымліваць у сабе кафэ, веладарожку і аглядальную пляцоўку. Такім чынам, гэта і сувязь, і новае месца, і бізнес. Вельмі важныя складаючыя. Адсюль і вынікае, што сучасная архітэктура не даражэй, сучасная архітэктура прыдумляе зрабіць кафэ ўнутры маста і за кошт гэтага акупіць яго.
Такі падыход асабліва актуальны з улікам дарагавізны зямлі і экалагічнага падыходу да будаўніцтва, а таксама спробы раскрыць горад з новага ракурсу. І на самой справе такіх кропак па Мінску можа быць мноства. Па словах Рыгора, варта толькі зірнуць на колькасць гарадскіх актыўнасцяў, якія падзеленыя ракой, і звязваць іх і Свіслач. Бо пакуль, калі кожная лапінка зямлі вакол шчыльна забудоўваецца і з гэтага высмоктваюцца грошы, тэндэнцыя складваецца не на яе карысць.
— Зараз не зусім зразумела, як выкарыстоўваць саму раку. А як толькі мы выводзім на яе нейкія аглядальныя пляцоўкі, аб'екты, якія дазваляюць узаемадзейнічаць асяроддзю, — з'яўляецца прычына яе ратаваць. Магчыма, так мінчане пачнуць верыць, што водна-зялёны дыяметр — гэта не штосьці, згубленае за савецкім часам, а наша каштоўнасць, — дадае архітэктар.
Гэта толькі адна гісторыя двух маладых архітэктараў, усяго ж у аўдыягідзе іх 19, і некаторыя датычацца ўжо існуючых будынкаў. Агучваецца пытанне «Што з імі рабіць?», бо ні ў які горад будучыні мы з імі не патрапім, а таксама тэарэтычныя развагі, як і што можа быць.
— Я вельмі спадзяюся, што гэты гід будзе пераплятацца з іншымі. Напрыклад, з аповедамі «Гарадскога Ляснічага» пра прыродныя кампаненты горада, бо прырода — гэта важная частка сучаснай архітэктуры... Можа, так, збіраючы аўдыягіды, мы створым паўнацэнную панараму Мінска будучыні. І чым больш людзей іх праслухаюць, тым прасцей нам будзе патрапіць у будучыню, — рэзюмуе Рыгор Заборскі.
На самой справе праца над аўдыягідамі не будзе спыняцца і пасля Тыдня мабільнасці. Як кажа Ганна Дапшэвічуце, ёй хочацца ставарыць аповед пра горад ад імя сляпога чалавека, няхай, гэта і будзе самы складаны праект.
— Ніякіх падрабязнасцяў, на жаль, я сказаць не магу, бо чалавека, які мог бы стаць аўтарам падобнага гіда, пакуль няма. Дый тэма сама па сабе такая, што незразумела, з якога боку да яе падысці, — кажа Ганна. — А ідэя нарадзілася з піцерскага вопыту правядзення экскурсій сляпымі людзьмі і попыту на такія гарадскія падарожжы.
У цэлым жа аўтарамі можа стаць любы жадаючы з любой гарадской тэмай, у якой ён лічыць сябе экспертам і знаўцам. Таварыства «Зялёная сетка» абавязкова дапаможа рэалізаваць маршрут у чарговым гідзе. Пакуль цвёрдая дамоўленасць існуе з такімі рэсурсамі, як 34mag.net i citydog.by. Інфармацыя пра новыя аўдыёгіды ў хуткім часе з'явіцца на Зялёным партале.