23.01.2019 / 14:01

"Мы разумеем, што будаўніцтва ўжо не спыніць, але будзем намагацца змянення функцыянальнага прызначэння ўстановы", — кажуць актывісты з Сердзіча. З мая 2018 года сярод двара па адрасе Сердзіча, 12 разгарнулася будаўніцтва адміністрацыйнага будынка на месцы былой установы адукацыі.

Грамадскія абмеркаванні па ўзвядзенні дадзенага аб'екта прайшлі яшчэ летам 2016 года.

"На той момант мы не падумалі адразу падаць скаргу на парушэнні, якія былі пад час правядзення абмеркаванняў і запатрабаваць паўторнага працэсу, — прызнаецца Дзяніс Тушынскі, мясцовы актывіст і ўдзельнік ініцыятывы "Зялёны дазор". — Зараз жа, мы сабралі ўсе парушэнні, што былі дапушчаны пры правядзенні грамадскіх абмеркаваннях".

Дзяніс накіраваў іх у адміністрацыю Фрунзенскага раёна з патрабаваннем прызнаць грамадскія абмеркаванні неадбыўшыміся і правесці паўторныя. Тым больш, што былі для гэтага і дадатковыя падставы.

За час, будаўніцтва крыху змяніліся планы на будучы адміністрацыйны будынак. Калі ад пачатку ён разлічваўся на аддзяленне міліцыі і ДАІ, то па восені стала вядома, што для аўтаінспекцыі атрыманы будынак на вуліцы Лідскай.

Аднак гэта не паўплывала ні на маштабы будаўніцтва на вуліцы Сердзіча, ні на змяншэнне колькасці парковачных месцаў, пад якія была знішчана зялёная зона.

Як і чакаў таго актывіст з адміністрацыі раёна прыйшоў адказ, у якім цалкам праігнаравалі яго заўвагі, прапановы і патрабаванні. Таму аналагічны ліст ён перанакіраваў у Мінгарвыканкам. Але з досведу, не разлічваючы на станоўчы вынік, Дзяніс ведаў, што наступным крокам мусіць стаць спроба дабіцца выканання законных патрабаванняў праз суд.

"Буду абскарджваць бяздзеянне адміністрацыі Фрунзенскага раёна па арганізацыі паўторнага грамадскага абмеркавання", — паабяцаў дазорны.

 

Першае паседжанне: прыцягнуць Мінгарвыканкам, як зацікаўленую асобу

Папярэдняе судовае паседжанне па скарзе Дзяніса Тушынскага разглядалася судом Фрунзенскага раёна на пачатку 2019 года.

"Прашу прызнаць дзеянні адміністрацыі Фрунзенскага раёна па адмове арганізацыі грамадскіх абмеркаванняў аб'екта будаўніцтва па адрасе Даніла Сердзіча, 12 незаконнымі, безпадстаўнымі і парушаючымі мае правы", — заявіў актывіст пасля шэрагу ўдакладненняў з боку суддзі Аляксандра Кузьміча і зацікаўленага боку — прадстаўніка адміністрацыі Паўла Тумаса.

Дзяніс дадаў, што скарга была накіраваная ў адміністрацыю раёна, як да арганізатараў абмеркаванняў. Па сутнасці прэтэнзіі актывіст удакладніў, што шэраг парушэнняў, указанных у скарзе, якія тычыліся падвядзенняў вынікаў грамадскага абмеркавання, а таксама працэдуры іх правядзення — з'яўляюцца важкімі аргументамі для прызнання абмеркаванняў арганізатарам не адбыўшыміся.

"Мы (адміністрацыя — удакладненне аўтара) з'яўляемся арганізатарамі. Якім чынам мы можам прызнаць грамадскія адмеркаванні неадбыўшыміся? Гэта робіць, як і прымае ўсе заўвагі, горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктары Мінска. Калі паглядзець на састаў, то ў яго ўваходзяць ці прадстаўнікі Мінгарвыканкама ці яго службаў", — патлумачыў Павел Тумас, намеснік начальніка ўплаўлення па архітэктуры і будаўніцтву адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

У савет ад раённага органа кіравання ўвайшоў толькі адзін прадстаўнік, таму па сутнасці адміністрацыя не мела голаса пры вынясенні рашэння наконт абмеркаванняў, дадаў ён. А арганізатарамі яны былі выключна па лісце-замове Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

"Якім чынам адміністрацыя раёна адменіць прынятае рашэнне горадабудаўнічым саветам? У рамках заканадаўства, як арганізатар можа адмяніць грамадскае абмеркаванне, рашэнне па якім зацвердзіў вышэйстаячы орган?", — звярнуўся з пытаннем Павел Тумас да актывіста.

У сваю чаргу Дзяніс Тушынскі патлумачыў, што кіруючыся Законам аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў арганізацыя, у якую паступае зварот, абавязана прадпрыняць меры па вяртанні законных правоў і інтарэсаў. І паколькі адміністрацыя Фрунзенскага раёна была арганізатарам грамадскіх абмеркаванняў, то і скарга была накіравана на адрас гэтай арганізацыі.

"Згодна з Палажэннем аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў, менавіты вы (адміністрацыя — удакладненне аўтара) з'яўляецеся арганізатарам грамадскага абмеркавання. Больш таго, у частцы просьбаў, асноўным момантам была просьба арганізацыі новага грамадскага абмеркавання. Гэтага ніхто не можа зрабіць акрамя адміністрацыі раёна", — настойваў актывіст.

Аднак прадстаўнік адміністрацыі катэгарычна адмаўляў, што гэта ў  кампітэнцыі раённага кіруючага органа. У дачыненні да абмеркавання праекта па вуліцы Сердзіча ўсё было ў межах закона, упэўніў Павел Тумас.

"Скарга не карэктная ў частцы адказчыка. Пытанні, якія падымае заяўнік звязаны альбо з распрацоўкай праекта і тычацца распрацоўшчыка УП «Мінскграда», альбо да горадабудаўнічага савета, які падводзіў вынікі і прыняў дэтальны план, прызнаў грамадскія абмеркаванні адбыўшыміся, — патлумачыў сваё рашэнне па непрызнанні скаргі намеснік начальніка ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтву. — Роля адміністрацыі ў гэтым выпадку цалкам незразумелая".

Па сканчэнні папярэдняга паседжання суддзя Аляксандр Кузьміч звярнуўся да абодвух бакоў з пытаннем ці не супраць яны прыцягнення ў якасці зацікаўленай асобы Мінгарвыканкама. Ні Дзяніс Тушынкі, ні Павел Тумас праблемы ў гэтым не пабачылі. Такім чынам па справе было прызначана асноўнае судовае паседжанне.

 

Другое паседжанне: грамадскія абмеркаванні непадведамственныя суду

Паседжанне, на думку Дзяніса Тушынскага, мусіла быць значна цікавей. Да разбіральніцтва актывіст падрыхтаваўся грунтоўна, склаўшы прамову ажно на 10 лістах.

Фактычна ён знайшоўся, што адказаць на кожную прэтэнзію прадстаўніка адміністрацыі раёна. Аднак сваімі контраргументамі актывісту скарыстацца так і не давялося.

Ад самага пачатку ўсіх прысутных ў судовай зале здзівіла адсутнасць прадстаўнікоў Мінгарвыканкама, маўляў, чаму ж не прыйшлі, чаго баяцца? Але суддзя Аляксандр Кузьміч заўважыў, што ў гэтым няма нічога страшнага:

"Неяўку на судовае паседжанне суд не лічыць непаважлівай…", — зазначыў ён і пачаў далешае разбіральніцтва.

Праўда доўга паседжанне не працягнулася. Літаральна ў першыя хвіліны, калі бакі маглі заявіць дапаўненні і хадатайніцтвы, прадстаўнік адміністрацыі раёну Павел Тумас прапанаваў да ўвагі водгук. У ім зацікаўлены бок адначасова хадатайнічаў пра спыненне вытворчасці па справе. Адміністрацыя спасылалася на тое, што пытанні, якія разглядаюцца ў скарзе Дзяніса Тушынскага, не падлягаюць разгляду ў судзе праз іх непадведамственнасць суду.

"Цяпер зразумела, чаму не прыйшлі… Лістом, адпіскай абышліся", — шэптам перамаўляліся людзі ў зале пра неяўку прадстаўнікоў выканкама.

Вядома актывіст быў катэгарычна супраць падтрымкі такога хадатайніцтва. У першую чаргу таму, што ў яго скарзе гаворка ішла не пра разгляд пытанняў па будаўнічай дакументацыі, а пра парушэнне правоў.

На гадзіну суддзя зрабіў перапынак дзеля вынясення рашэння па хадатайніцтву. Выходзячы з  судовай залі людзі былі настроены скептычна, маўляў, вось так усё і скончыцца.

"Прыктыка паказвае, што такога кшталту хадатайніцтвы судом падтрымліваюцца…", — з жалем зазначыла юрыстка грамадскага аб'яднання "Экадом" Таццяна Сініца.

"Эх, шкада, я ж так рыхтаваўся… А вось такі варыянт разгортвання падзей чамусьці не ўлічыў", — пасмейваўся Дзяніс Тушынскі.

Адыходзіць далёка ад залі ніхто з прысутных не збіраўся. Мясцовыя, што прыйшлі падтрымаць актывіста, ператоптваліся з нагі на нагу, прыгадваючы ўрыўкамі падзеі, звязаныя з жыццём іх двара: ад як было і што ёсць зараз у сувязі з разгарнуўшымся будаўніцтвам.

"Вы ж уявіце толькі, з раніцы і да позняга вечара, у буднія і выхадныя дні — суткамі, суткамі вядзецца будаўніцтва, — пачаў распавядаць мясцовы жыхар, запрыкмеціўшы інтарэс да яго. — Пішаш скаргу, на яе атрымоўваеш адпіску, маўляў, усё як мае быць, да позняй ночы работы не вядуцца".

Нехта падказвае, што ў міліцыю трэба звяртацца. Але жыхар аджартоўваецца, што будынак жа для іх будуюць, хіба яны паедуць.

"Са скаргамі ўжо звярталася і загадчыца дзіцячага садка, што ў пару метрах ад будаўніцтва. Казала, што дзеці спаць не могуць. Але каго гэта хвалюе", — дадае Дзяніс.

Так у размовах праляцеў час. Па вяртанні ў залу аптымізму ў людзей не дадалося. Суддзя Аляксандр Кузьміч хутка, практычна аўтаматам, адгаварыў прынятае рашэнне.

З усяго мноства пералічаных артыкулаў законаў і палажэнняў, галоўным вынікам было тое, што суд хадатайніцтва адміністрацыі падтрымаў — вытворчасць па грамадзянскай справе па скарзе актывіста на дзеянні адміністрацыі Фрунзенскага раён спыненая.

 

Спрэчка ня можа быць вырашаная праз суд. Як інакш, ніхто не кажа

"У вызначэнні аб спыненні вытворчасці па справе зазначына наступнае: «Пытанні арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктуранай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, таксама як і аб распрацоўцы праекта і выдачы рашэнняў на будаўніцтва аб'ектаў не адносіцца да кампітэнцый суда». Але ж Дзяніс Тушынскі абскарджваў адмову адміністрацыі Фрунзенскага раёна прыняць меры па вяртанні яго правоў, парушаных пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў у 2016 годзе. Артыкул 353 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса кажа пра тое, што могуць быць абскарджаныя ў судзе дзеянні (бяздзеянні) дзяржаўных органаў, у выніку якіх грамадзянін незаконна пазбаўлены магчымасці цалкам ці часткова ажыццявіць права, прадастаўленае яму нарматыўным прававым актам", — каментуе Таццяна Сініца.

Да ўсяго, юрыстка падкрэсліла, што такога кшталту практыкі ў нашай краіне хутка распаўсюджвацца. Верагодна, пры падобных абставінах, калі любая іншая ініцыятыўная група паспрабуе звярнуцца ў суд дзеля абскарджвання прайшоўшых грамадскіх абмеркаванняў, то справу могуць нават не прыняць на разгляд. Прычым фармуліроўка адмовы будзе падобна той, што атрымаў Дзяніс

Такая сітуацыя ўжо склалася ў спробах абскардзіць рашэнні Мінгарвыканкама па выдзяленні зямельных участкаў.

"Увогуле справы, якія тычацца абароны экалагічных правоў, сканчаюцца менавіта такім чынам: ці на самым пачатку адмаўляюць у разглядзе, ці спыняюць вытворчасць па прычыне непадведамственнасці суду", — кажа Таццяна.

Падобная сітуацыя была па справе Калодзішчы vs Амкадор, калі людзі спрабавалі праз суд дабіцца ад прадпрыемства доступу да неабходнай праектнай дакументацыі і яе капіравання ў зручнай для іх форме.

Пасля папярэдняга паседжання суд прыйшоў да меркавання аб непадведамственнасці справы суду, што значыць — спрэчка не можа вырашацца праз суд. Аднак, якім чынам яна павінна рашацца традыцыйна не ўказваюць, зазначыў юрыст Экадома Рыгор Фёдараў.

Такім чынам, у рамках існуючай прававой сістэмы ініцыятыўныя групы і актывісты застаюцца сам на сам са сваімі праблемамі, ім нават няма каму задаць пытанні, лічыць Таццяна Сініца.

"Атрымоўваецца, што людзям не прапаноўваецца механізма вырашэння спрэчкі ці спосабаў вяртання іх парушаных правоў", — дадае яна.

У сваю чаргу Дзяніс Тушынскі намераны змярнуцца ў Мінскі гарадскі суд з прыватнай скаргай на вызначэнне суда Фрунзенскага раёна.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость