24.02.2016 / 17:02

Праблема распаўсюджвання інвазіўных відаў на тэрыторыі Беларусі абвастраецца з кожным годам. І тут варта ўзгадаць не толькі баршчэўнік Сасноўскага і каларадскага жука, якія сталі сімвалам акупацыі мясцовых біяцэнозаў і галаўным болем беларускіх аграрыяў, але і сумнік канадскі, які паводзіць сябе яшчэ больш агрэсіўна, імкліва захопліваючы новыя тэрыторыі.

Прарастанне сумніка канадскага ля яблыневага саду ў в. Гарадзец

 

Прыгожая небяспека

Недзіўна, што сумнік канадскі, прыгожая расліна з пышнай зелянінай і яркімі буйнымі суквеццямі-мяцёлкамі, прываблівае гаспадароў прысядзібных тэрыторый. Адна з галоўных якасцей, якая прымушае зрабіць выбар на карысць гэтай расліны, — гэта адсутнасць побач з сумнікам канадскім пустазелля і іншых, непажаданых раслін-суседзяў. Але менавіта гэтая асаблівасць расліны і з’яўляеца прычынай, па якой сумнік канадскі Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 10 студзеня 2009 года №2 трапіў у спіс дзікарослых раслін, якія аказваюць шкодны ўплыў або прадстаўляюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці, жыццю і здароўю людзей.

Карані сумніка выпрацоўваюць інгібітары — рэчывы, якія перашкаджаюць росту іншых раслін. Там, дзе ён пасяляецца, змяняюцца састаў і структура глебы, пагаршаецца аэрацыя, зямля становіцца цвёрдай, і ў выніку на гэтым месцы не здольныя прарасці многія каштоўныя расліны. Па гэтай прычыне сумнік з’яўляеца небяспечным для сельскай і лясной гаспадарак. На лугах і поймах, дзе пасяляецца гэты інвазіўны від, значна пагаршаецца якасць кармоў, якія нарыхтоўваюцца для сельскагаспадарчых жывёл. Змяняючы расліны свет, сумнік змяняе відавую разнастайнасць фаўны.

Між тым варта адзначыць станоўчыя бакі сумніка канадскага. Акрамя дэкаратыўных якасцей сумнік мае і лекавыя ўласцівасці. Прэпараты, прыгатаваныя на аснове гэтай расліны, валодаюць мачагонным, антысептычным, звязальным, а таксама супрацьзапаленчым і раназажыўляючым дзеяннем. Сумнік — добры меданос.

Тым не менш сумнік канадскі — непажаданы госць на тэрыторыі Беларусі. Вынікам інтрадукцыі чужароднай расліны стала не ўзаемавыгада прыроды і чалавека, а няспынная барацьба за выжыване мясцовых відаў.

Прымяненне сумніка канадскага ў азеляненні тэрыторыі спартыўнага комплексу ў в. Гарадзец
Прымяненне сумніка канадскага ў азеляненні тэрыторыі спартыўнага комплексу ў в. Гарадзец

 

Лічбы і факты

Бескантрольнае распаўсюджванне сумніка канадскага паступова працягваецца. Ужо сёння гэта з’яўляецца праблемай для цэнтральных раёнаў Беларусі. Віцебская вобласць пакуль што не бачыць у сумніку татальнага агрэсара, але мае ўсе перадумовы для гэтага.

Вучні ДУА «Лужкаўская сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна» правялі даследванне па распаўсюджванню сумніка канадскага на тэрыторыі аграгарадка Лужкі. Мэта працы — выявіць, патэнцыяльную ці рэальную пагрозу носіць сумнік у нашым рэгіёне. Прадметам даследвання стала наяўнасць сумніка канадскага на тэрыторыі Лужкоў: на прыватных падворках, ля крам, сацыяльна-бытавых аб’ектаў і бліжэйшых, прылеглых да населенага пункта, зямель (парк у вёсцы Гарадзец, сельскагаспадарчыя ўгоддзі, бераг ракі Мнюты). У ходзе даследваня выявілі, што найбольш распаўсюджаны сумнік канадскі у якасці дэкаратыўнай расліны. На тэрыторыі Лужкоў выяўлена 26 прыватных падворкаў, дзе расліна выкарыстоўваецца ў азеляненні. У большасці выпадкаў гэта кропкавыя аб’екты, якія даглядаюцца гаспадарамі і не распаўсюджваюцца бескантрольна. Выключэннем з’яўляецца прыватны падворак на вуліцы Мельнічнай, дзе сумнік канадскі выкарыстаны ў якасці жывой агароджы. Такім чынам, з 496 падворкаў аг. Лужкі сумнік канадскі знаходзіцца на 26, што складае 5% ад усёй тэрыторыі населенага пункту.

Сярод аб’ектаў сацыяльна-бытавога абслугоўваня сумнік канадскі расце каля крамы «Хутарок» (вул. 17 верасня), спартыўнага комплексу (в. Гарадзец), канторы КУВСХП «Гарадзец» (в. Гарадзец), дзе ён прымяняецца, як жывая агароджа.

Жывая агароджа з сумніка канадскага ля крамы  «Хутарок» у аг. Лужкі, вул. 17 верасня
Жывая агароджа з сумніка канадскага ля крамы «Хутарок» у аг. Лужкі, вул. 17 верасня

Сустракаецца сумнік і ў прыродных біяцэнозах. Выяўлена 5 лакальных месцаў прарастаннях гэтай расліны у парку ў вёсцы Гарадзец, 4 — на беразе ракі Мнюты і адно, найбольш буйнае, побач з забалочаным нізінным участкам яблыневага саду ў в. Гарадзец (на фота вышэй)

Найбольш складаная сітуацыя на пустках, што знаходзяцца вакол міні-палігона цвёрдых бытавых адкідаў. Мазаічнае прарастанне сумніка мае ўсе прадумовы ператварыцца ў суцэльны прыродны рассаднік гэтай расліны.

Кожны куст сумніка дае каля 100 000 штук насення, якое валодае высокай усходжасцю (ад 70 да 100%). Спелае насенне служыць крыніцай распаўсюджвання сумніка канадскага на вялікія адлегласці, а морфа-фізіялагічныя асаблівасці спрыяюць прарастанню ў самых, здавалася б, непрыдатных месцах і паспяховаму засваенню тэрыторыі.

Сумнік канадскі побач з айвай японскай, якая прарастае ў школьным дэндрарыі
Сумнік канадскі побач з айвай японскай, якая прарастае ў школьным дэндрарыі

 

Галоўнае — не спазніцца

Сітуацыю з сумнікам канадскім у раёне пракаменціраваў начальнік Шаркаўшчынскай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Іван Міхалёнак. Па яго словах, недзіўна, што менавіта ў Лужках на гэты інвазіўны від звярнулі ўвагу, бо тут ён сустракаецца найбольш часта. Але пры некаторых намаганнях сітуацыю можна трымаць пад кантролем, тым больш, што ў адрозненні ад баршчэўніка Сасноўскага, сумнік можна спыніць механічным вынішчэннем. Іван Іванавіч упэўнены, што распаўсюджванне сумніка канадскага ў Шаркаўшчынскім раёне неабходна кантраляваць праз знаёмства насельніцтва з праблемай распаўсюджвання інвазіўных відаў і спосабах барацьбы з імі. Галоўнае — не спазніцца і своечасова рэагаваць на ачагі прарастаня сумніка.

Барацьба з раслінай заключаецца ў перыядычным скошванні наземнай часткі расліны да фазы бутанізацыі і квітнення. У гэтым выпадку магчыма кампасціраванне зялёнай масы. Пры наяўнасці кветак скошаную траву неабходна спальваць для прадухілення распаўсюджвання насення, якое мае здольнасць даспяваць нават у скошаным стане. Пры засяленні сумнікам канадскім вялікіх тэрыторый эфектыўным з’яўляецца пераворванне з падсевам шматгадовых траў.

Мерапрыемствы па барацьбе з сумнікам канадскім не надта складаныя. Сёння яны пад сілу ўсім, хто з’яўляецца сапраўдным гаспадаром на зямлі і сумлена нясе адказнасць за свае справы. 

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость