Штогадовая вулічная акцыя – дзіўнае спалучэнне словаў для вуха беларусаў. Але пачынаючы з 1988 года людзі прыходзяць на “Чарнобыльскі шлях”, які з’яўляецца адным з месцаў, дзе жыве сапраўднае мастацтва вулічнага самаробнага плакату.
Удзельнікі «Чарнобыльскага шляху-2018» у гэтым годзе збяруцца а 18:00 гадзіне 26 красавіка на пляцоўцы ля кінатэатра “Кастрычнік”. Гэта месца дазволенае Мінгарвыканкамам.
А 18:30 пачнецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля». Паміж 20:00 і 20:30 тут пройдзе малітва-мітынг. Падзея мусіць стаць пачаткам наступнай кампаніі – «Астравецкі шлях» – мэтай якой з’яўляецца спыненне будоўлі і ўвядзення ў эксплуатацыю станцыі ў Астраўцы.
Адміністрацыя ў лісце-адказе арганізатарм падкрэслівае:
“Звяртаем увагу на неабходнасць выкарыстання ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў 26.04.18 толькі плакатаў, транспарантаў, лозунгаў, сімвалаў, якія адказваюць мэце – прыцягненню грамадскай увагі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў”.
Мінгарыканкам такім чынам падкрэслівае, што змешчаны ў пэўныя рамкі не толькі парадак правядзення “Чарнобыльскага шляху”, але і самі тэмы для выказванняў. Аднак дырэктыўны ідэалагічны пасыл уласцівы зусім не плакатам на вулічных акцыях, а скарэй савецкаму агітацыйнаму плакату, яік з’явіўся неўзабаве пасля папулярызацыі палітычнага плакату напачатку ХХ стагоддзя. На вулічных акцыях выкарыстоўваюць плакат не толькі для дэманстрацыі “правільнага” для выканкаму пасылу.
Яшчэ раней, у Сярэднявеччы, гэты жанр папулярнага мастацтва выкарыстоўвалі для публічнага выказвання меркаванняў па рэлігійных пытаннях.
Першыя плакаты – з назвамі гарадоў, лозунгамі і вершамі
“Чарнобыльскі шлях” пачаўся ў 1988 годзе з ініцыятывы палітычнай партыі “Беларускі народны фронт”, ці БНФ. Людзі з пацярпелых гарадоў і проста неабыякавыя неслі плакаты са знакамі радыяцыі і назвамі сваіх малых радзім. Гэтая традыцыя працягвалася ў дзевяностых, хаця і з варыяцыямі.
На фота першых ЧШ сустракаюцца нават вершы, а таксама пераробленыя савецкія лозунгі – стратэгія, выхаваная савецкім часам, якая дазваляла ва ўмовах цэнзуры ўкладаць у афіцыйныя лозунгі свой сэнс. Такія практыкі сустракаюцца да сёння.
Далёка не заўсёды ўдзельнікі кажуць толькі аб тым, аб чым ім дазволілі, часам нават высвятляюць адносіны палітычныя супольнасці. Наўрадці Мінгарвыканкам палічыў бы гэта тэматыкай ЧАЭС.
Канстанты: Лукашэнка, сцягі і “Пагоня”
У 1996 годзе на Чарнобыльскім шляху падчас Мінскай вясны з’яўляецца прозвішча Лукашэнка і яго ж самаробныя партрэты як прадстаўніка “злога” рэжыму. Прэзідэнт не змяніўся, партрэты таксама не зніклі.
Побач з тым з 90-х і да сёння на ЧШ багата нацыянальнай сімволікі. Нагадаем, МУС не лічыць яго забароненым, але Мінкульт дагэтуль сумняецца ў яго гістарычнай каштоўнасці.
Мусіць, як бы не намагаўся прэзідэнт сысці ад бел-чырвона-белага сцягу і “Пагоні”, але ўсё адно застаецца з імі побач. Там жа сустракаецца хрысцінская сімволіка, пасля украінскага канфлікту – гербы/сцягі Украіны.
Сілавікі: фактура для будучай творчасці
Акцыю 1996 году называюць не толькі самым масавым ЧШ, але і ўвогуле самай масавай у найноўшай гісторыі Беларусі. На гадавіну аварыі сабралася 30-100 тысячаў чалавек.
Неад’емны элемент любой акцыі ў Беларусі – сілавікі. На фота, якім больш за 10 гадоў, дзіўна назіраць дарогі, перагароджаныя жыгулямі. Зараз на іх месцы ПАЗікі і аўтазакі. Міліцыя ў яйках-шлемах няўлоўна гучыць матывам з “Зорных войнаў”…
…альбо з савецкіх фільмаў пра шпіёнаў, для якіх нібы спыніўся час.
Маркс і папяровыя жоравы
Тыя, хто пабачыў аварыю на свае вочы, часта асацыююць яе з вайной, і яшчэ раз аб гэтым нагадвае чарнобыльскі звон. Побач з ім вісяць папяровыя птушачкі, якія адначасова нагадваюць і аб сімвале гукання вясны, і пра знакамітых японскіх папяровых жораваў.
Анархісцкія плакаты адсылаюць да “Капітала” Маркса, і тэма грошай у чарнобыльскім плакаце застраецца пры любых абставінах: грамадзянам падабаецца іх лічыць.
Хіпі, панкі, шавіністы
На ЧШ можна сустрэць уладальнікаў модных лукаў: супрацьгазы па панку, стужкі на галаве як у хіпі, толькі з тэматычнымі надпісамі і колерамі.
І крышачку імперскага.
Пра пабіты рэактар: “Дайце тры”
У 2009 годзе абвесцілі аб будаўніцтве ў Беларусі АЭС у Астраўцы, і грамадства адрэагавала.
А ў 2017 годзе некалькі разоў грукнулі аб зямлю корпус рэактара, і гэта не засталося незаўважаным: “Дайце тры!” – просяць зялёныя на сваім плакаце ў 2017 годзе.