Такі план пятай праграмы Саюзнай дзяржавы. Але звычайна падобныя бар’еры рушаць экасістэму і прыводзяць да яшчэ большых праблем. Што будзе з ландшафтам зоны павышанай радыяцыі, сказаць складана, бо доступ туды абмежаваны.
Пажары і як з імі бароцца
Усяго на тэрыторыях, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, выканана ўжо чатыры саюзныя праграмы і выдзелена на іх (разам з цякучай) $67 млн. У рамках апошняй запланавана навуковая праца і мерапрыемствы, падкантрольныя МНС.
Акрамя пабудовы і пашырэння супрацьпажарных разрываў, плануецца стварыць вопытны ўзор высокапрахадзімага пажарнага комплексу з экіпажам. Герметычная кабіна дазволіць людзям бяспечна знаходзіцца ўнутры і лакалізаваць узгаранні без выхаду вонкі. Па запэўненням намесніка начальніка дэпартаменту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Пятра Нікалаенкі, аналага гэтай машыне ў свеце няма. Распрацоўшчыкі айчынныя, шасі расійскае, а абсталяванне беларускае. Комплекс дазволіць ліквідаваць пажары ў цяжкадаступных месцах на тэрыторыі з высокім узроўнем радыяцыі.
Але чаму б не выкарыстоўваць беспілотныя дроны і развіваць гэты напрамак?
Інэса Балоціна, біёлаг, менеджар прыродаахоўных праектаў Багны, адзначае, што супрацьпажарныя разрывы – гэта не самы ўдалы варыянт:
– Па-першае, гэта “ідэя фікс”: немагчыма ўсюды зрабіць разрывы. На забруджаных тэрыторыях розная глеба, розныя ўмовы. Калі балота сырое, то агонь далей не ідзе. Калі яны раскопкамі падсушаць і там будзе сухі торф, то гэта будзе жах. Гэта яшчэ пагоршыць сітуацыю. Капаць на балоце канаву – гэта змяняць гідралагічны рэжым. Яшчэ больш усё падсушаць. Трэба супрацьпажарную абарону арганізоўваюць па-іншаму. Напрыклад, каб беспілотнікі патрулявалі тэрыторыю. Ёсць нават беспілотнікі, якія ў пэўных аб’ёмах тушаць пажары.
Дарэчы, у 2015 супрацьпажарныя разрывы не прайшлі экалагічную экспертызу, бо закраналі зямлю заказнікаў Прыбужскае Палессе і Альманскія балоты. Прыйшлося планы пераглядаць яшчэ раз. Ацаніць, як ўсё складзецца на забруджаных тэрыторыях, у тым жа Палескім запаведніку, складана, бо ў незалежных арганізацый менш інфармацыі пра гэты рэгіён.
Пасля аварыі радыеактыўнае забруджванне атрымала чацвёртая частка ляснога фонду Беларусі. Самая частая прычына лясных пажараў – чалавечы фактар: пал травы і падпалы. Плюс накладаецца тое, што ў лясах чарнобыльскай зоны распаўсюджана сасна, якая вельмі лёгка гарыць. Да таго ж змяненне клімату залішне высушвае Палессе. І грунт без раслін, дарэчы, як раз гэтаму садзейнічае: ён лёгка награвацца – і глеба губляе вільгаць. Разам з ёй прыгнятаюцца і расліны.
Сярод магчымых рашэнняў – сумесныя беларуска-украінскія праграмы, бо менавіта на тэрыторыі гэтых дзвюх краін найбольш небяспечны пажары ў радыяцыйнай зоне. Плюс не трэба ў “Прыпяцкім” саджаць толькі сасну, як гэта рабілася, напрыклад, у 2020-м. Наадварот, трэба саджаць розныя дрэвы, бо такі падыход робіць лес устойлівым. Асабліва добра выбіраць віды, якія не так лёгка ўспыхваюць, як хвойныя.
Дзяцей трэба аздараўляць
Надзвычайныя сітуацыі – не адзіная праблема, з якой зараз спрабуе змагацца дзяржава. У сакавіку была зацверджана новая дзяржаўная праграма, якая надасць больш увагі аздараўленню дзяцей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях.
Штогод каля 63 000 хлопцаў і дзяўчат праходзяць санаторна-курортнае аздараўленне ў 12 рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах. Там ёсць школы, таму дзецюкі прыязджаюць туды круглы год на змены па 24 дні. Плануецца ў гэтых цэнтрах пабудаваць новыя карпусы, каб пашырыць набор. На рэалізацыю дзяржаўнай праграмы запланавана каля 3 млрд рублёў, сёлета на праграму выдзелена 540 млн рублёў.
Увогуле з 2016 па 2020 год каля 60% сродкаў дзяржпраграм па тэме Чарнобыля накіравана на сацыяльную ахову, медыцынскае забеспячэнне і аздараўленне насельніцтва, якое пацярпела. Але ж аснова медыцынскай дапамогі – гэта дыспансерызацыя. На медыцынскім уліку стаяць каля 1,5 млн чалавек, у тым ліку каля 240 тыс. дзяцей і падлеткаў, каля 70 000 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
А яшчэ ў сакавіку 2021 года Саўмін прыняў пастанову, у якой зацвердзіў новы пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Іх колькасць скарацілася. Цяпер лічыцца, што ў небяспечнай зоне знаходзіцца 2022 населеных пункта з агульным насельніцтвам 998 000 чалавек.
Землі вяртаем у абарот
Як заўсёды, галоўны галаўны боль дзяржавы, як з забруджаных зямель сабраць грошы. Таму дзяржпраграмы прадугледжваюць пераход ад рэабілітацыі да сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Ужо ставяцца мэты па газіфікацыі населеных пунктаў, развіццю водаправодных сетак, добраўпарадкаванні, у тым ліку будаўніцтву дарог, будаўніцтву жылля для льготнай катэгорыі грамадзян, аб’ектаў аховы здароўя і адукацыі, а таксама самае любімае – прыцягненне інвестараў.
Дзяржаве відавочна не падабаецца, што пасля аварыі з сельскагаспадарчага звароту прыйшлося вывесці каля 265 тыс. га зямель. Цяпер робіцца ўсё, каб як мага хутчэй вярнуць зямлю па частках. З 1993 года ў гаспадарчае карыстанне вярнулі 19,5 тыс. га сельскагаспадарчых зямель.
У цяперашні час да радыеактыўна забруджаных тэрыторый аднесена 49 раёнаў, з іх 21 раён найбольш пацярпеў.
За пасляаварыйны перыяд плошча забруджвання тэрыторыі цэзіем-137 паменшылася ў 1,8 раза з-за яго радыёактыўнага распаду. І па стану на студзень 2021 складае 25 490 км2 – 12,3% ад агульнай плошчы рэспублікі.
Затраты на рэалізацыю дзяржаўных праграм па ЧАЭС з 1990 па 2020 год склалі каля $19,2 млрд.
Прыкладна ў 800 арганізацый працуе падраздзелення радыяцыйнага кантролю, каб абараніць сельскагаспадарчую і лясную прадукцыю. Не ўсталявана ні аднаго выпадку, каб у гандаль трапіла прадукцыя з паказчыкам радыенуклідаў вышэй за дапушчальны ўзровень.