26.06.2017 / 14:06

Падчас свайго апошняга візіту ў Хойніцкі раён прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дзякуючы ягоным намаганням, за 25 гадоў ягонага кіраўніцтва краінай забруджаныя радыяцыяй ўчасткі аднавіліся, і цяпер іх можна выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці. Лукашэнка даручыў падрыхтаваць праект указа, у якім зменяць межы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, а некаторыя плошчы цяперашняй зоны адчужэння ўвядуць у абарот і аддадуць сельгаспрадпрыемствам і лясгасам. Зялёны партал высветліў, наколькі рэальна такія рашэнні чыноўнікаў ачысцяць тэрыторыі ад радыяцыі.

«Нават у жахлівым сне не маглі ўявіць тое, што зараз адбываецца»

Вядомы на Гомельшчыне фізік-ядзершчык Юрый Варонежцаў у апошнія гады існавання Савецкага Саюза быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. У найвышэйшым заканадаўчым органе тагачаснай агульнай краіны ён уваходзіў у скад камісіі па экалогіі. Менавіта гэтая камісія займалася распрацоўкай канцэпцыі бяспечнага пражывання на тэрыторыях, якія падвергліся забруджванню радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Да распрацоўкі гэтай канцэпцыі былі прыцягнутыя навукоўцы з сусветнымі імёнамі, якія даследавалі паводзіны радыяцыі пасля бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, працавалі ў зонах выпрабаванняў атамнай зброі, — узгадвае Юрый Варонежцаў. — Нават у жахлівым сне мы не маглі ўявіць сабе тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Некаторых навукоўцаў, якія тады праводзілі даследаванні ў 30-кіламетровай зоне і рабілі разлікі перспектыў яе выкарыстання, сёння ўжо няма на гэтым свеце, бо тады яны атрымалі надта вялікія дозы апраменьвання. Але ніхто нават і думкі не дапускаў, што праз нейкія тры дзясяткі гадоў кіраўніцтва Беларусі пажадае пачаць вырабляць у гэтай зоне сельгаспрадукацыю і ўвогуле дазволіць там камусьці жыць і працаваць».

Навуковец узгадвае байку, што ходзіць сярод фізікаў-ядзершчыкаў, пра тое, як яны жартуюць з нявопытных калег: калі перыяд паўраспаду мінуў, значыць, радыяцыі стала напалову меней.

Насамрэч, паводле слоў Юрыя Варонежцава, гэта менавіта жарт.

Паўраспад — імавернасная характарыстыка, і ў залежнасці ад каэфіцыенту перахода тэрыторыя, на якую выпаў той ці іншы элемент, можа, і ачысціцца, а, можа, у залежнасці ад пэўных умоў, папросту перайсці зусім у іншы стан альбо міграваць у іншае месца.

«Калі мы распрацоўвалі канцэпцыю пражывання на забруджаных тэрыторыях, мы ў якасці мінімальнага тэрміну, праз які у 30-кіламетровую зону можна будзе вярнуцца з гаспадараннем, разглядалі час працягласцю ад 5 да 10 перыядаў паўраспаду цэзію і стронцыю. А гэта — ад 100 да 300 гадоў. Цэзій у нас найбольш кантралюецца, бо выпаў на значна больш вялікай тэрыторыі, і яго кантроль менш стратны нават за кантроль забруджвання стронцыям.

У той жа час, калі цэзій выводзіцца з арганізмаў чалавека альбо жывёлы, то стронцый накопліваецца, і ніякім чынам яго нельга вывесці, нават калі перад убоем карміць жывёлу чыстымі кармамі.

А перыяд паўраспаду плутонію-239 — увогуле 24 000 гадоў! Плутоній-241 пры паўраспадзе пераходзіць у амерыцый-241, і гэты працэс у сусветнай навуцы ўвогуле вельмі слаба даследаваны. Пра тое, як амерыцый праходзіць па харчовым ланцугу, сёння немагчыма з пэўнасцю сказаць.

А ў прадукцыі, якая атрымліваецца на забруджаных тэрыторыях, ні плутоній, ні амерыцый не нармуюцца і не кантралююцца», — гаворыць навуковец.

На думку Юрыя Варонежцава, адзіным накірункам выкарыстання тэрыторый, якія сёння ўваходзяць у склад Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ), можа стаць будаўніцтва там сонечных электрастанцый. Некаторыя пункты ў гэтай зоне лічацца кропкамі з найбольшай у Беларусі колькасцю сонечных дзён на год, і там магчыма было б атрымліваць даволі шмат таннай экалагічна чыстай электраэнергіі без вываду для гэтых мэтаў земляў, якія сёння выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы ды іншых галінах.

Тым не менш навуковец роспачна кажа, што сёння ў краіне ёсць шэраг навуковых супрацоўнікаў пры пасадах, якія паводле ўказу абгрунтуюць усё, што заўгодна. У тым ліку і тое, што радыяцыя сыйшла з забруджаных тэрыторый раней усіх магчымых фізічных тэрмінаў дзякуючы толькі таму, што краінай, дзе гэтая радыяцыя выпала, 25 гадоў кіраваў Аляксандр Лукашэнка.

План мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзейнасці Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які зацвердзіў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Аляксандр Ціток
План мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзейнасці Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які зацвердзіў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Аляксандр Ціток

 

За 6 гадоў стала чыста?

Сёлетняя спроба вываду некаторых участкаў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і перадача іх пад гаспадаранне ўжо не першая. У 2011 годзе такое жаданне выказваў Гомельскі аблвыканкам, якому ўсё не хапае пасяўных плошчаў. І тады амаль усе кампетэнтныя дзяржаўныя органы далі цалкам адназначныя адмоўныя заключэнні на гэтую ініцыятыву.

«…Адзначаецца пераважна высокая шчыльнасць забруджвання доўгажывучымі радыёнуклідамі, асабліва Sr90, Pu241 і Am241, якая шматкроць перавышае усталяваныя заканадаўствам вялічыні (пры якіх магчымыя пражыванне насельніцтва і гаспадарчая дзейнасць). Таму лічым, што ў агляднай перспектыве выкарыстоўваць гэтыя землі ў сельскай і лясной гаспадарцы не ўяўляецца магчымым», — пісаў 7 кастрычніка 2011 года ў сваім адказе Міністэрству па надзвычайных сітуацыях тады яшчэ намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Яшчэ больш яскравая карціна радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі ПДРЭЗ і перспектыў яе змяненняў паўстае з заключэння за подпісам намесніка начальніка Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынга навакольнага асяроддзя В. Грыбавай, сканы якога можна пабачыць на фотаздымках.

У выніку шматлікіх нарад, пасяджэнняў, заключэнняў, якія адбываліся напрыканцы 2011 года, усе дзяржорганы сыйшліся ў меркаванні, што ў агляднай перспектыве выкарыстанне якіх-небудзь участкаў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка немагчымае.

Праўда, тады аб перадачы некаторых участкаў з-за калючага дроту, якім абкутаная зона адчужэння, хадайнічаў Гомельскі аблвыканкам. Цяпер жа даручэнне аб тым, што нейкія часткі «зоны» можна аддаць пад гаспадаранне, прагучала з вуснаў самога кіраўніка дзяржавы. І ёсць вельмі вялікая імавернасць, што зараз нас чакае «абгрунтаванне» магчымасці выкарыстання тэрыторыі ПДРЭЗ для гаспадарання.

Якія меркаванні будуць цяпер у афіцыйных органаў, як яны пачнуць абгрунтоўваць патрэбу выканання даручэнняў Лукашэнкі і куды падзенуць свае лісты і заключэнні шасцігадовай даўніны — пакажа час.

Пакуль жа нават не надта абазнанаму ў ядравай фізіцы чалавеку зразумела, што ў справе, дзе гаворка ідзе пра сотні гадоў, гэтыя няпоўныя 6 год, што прайшлі ад мінулай спробы пачаць араць і сеяць на засыпаных чарнобыльскім попелам палетках, — надта малы час, каб нешта там ачысцілася.

Варта яшчэ ўлічваць, што кіраўніцтва краіны кажа пра тое, што ў бруднай зоне магчыма атрымліваць «умоўна чыстую» прадукацыю. Пры якіх умовах яна будзе чыстай, колькі патрэбна ўкласці грошай, каб вярнуць гэтыя зарослыя хмызамі палеткі ў абарот і колькі патрэбна «закапаць» туды сродкаў на ўгнаенні ды розныя агратэхнічныя мерапрыемствы, каб атрымаць гэтую «ўмоўна чыстую» прадукцыю — гэта клопат грамадскасці. Ці ж патрэбна на нашым рынку гэтае дарагое і сумніўна бяспечнае малако і мяса з-пад Чарнобылю?

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Звери с мутациями — выдумка фантазёров, или Как авария на ЧАЭС изменила фауну Полесского заповедника

Автор:
Фотограф:
newsbel.by, atominfo.ru, Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость