26.12.2018 / 20:12

Сэкс — неад'емная частка нашага жыцця. Проста хтосьці вельмі яго любіць, а для кагосьці ён ператвараецца ў шэраг руцінных справаў. Такім чынам, чырванееце вы ці закусваеце ніжнюю вусну пры думцы пра сэкс, ніхто не будзе адмаўляць, што ён быў, ёсць і будзе. Аднак пра што дакладна мала хто думае і ўлічвае — наколькі блізасць з партнёрам_кай можа быць экапрыязнай і бязшкоднай для наваколля.

Зялёны партал ужо пісаў пра экалагічнасць сэксуальных адносін, што грунтуецца на метадзе вылічэння плоднасці. Але будзем чэснымі, не кожная сямейная пара гатовая да выкарыстання  такога метада. Што ж казаць, калі вы не маеце пастаяннага партнёра_кі?

Да ўсяго, распазнанне плоднасці не з'яўляецца 100% гарантам пазбягання цяжарнасці. Адсюль, не маючы жадання і рашучасці абзавесціся нашчадкамі – лепей загадзя паклапаціцца пра найлепшы для вашай пары спосаб кантрацэпцыі. А налічыць можна каля 20 метадаў.

Найбольш распаўсюджанымі з вядомых з'яўляюцца: перарваны полавы акт (дае гарантыю незацяжарыць да 73%), каляндарны метад (80%), унутраняя спіраль, гарманальная кантрацэпцыя (99%), хімічная кантрацэпцыя (71%), бар'ерная кантрацэпцыя (ад 84 да 98%).

Кожны з іх мае свае плюсы і мінусы. Перарваны полавы акт так ці іначай прымушае хвалявацца ці было ўсё зроблена своечасова; каляндарны метад занадта абмяжоўвае ў свабодзе і прымушае весці інтымнае жыццё па графіку, а не па жаданні; гарманальныя таблеткі, акрамя пабочных дзеянняў, пакідаюць свой след у вадаёмах і негатыўна ўплываюць на экасістэмы. Прэзерватывы хоць і абараняюць ад разнастайных інфекцый, але могуць падвесці ў сваёй трываласці, ды й вырабленыя з сентытычнай гумы яшчэ доўга будуць нагадваць наступным пакаленням пра ваша існаванне.

Але нечакана ў апошнім метадзе катрацэпцыі здарыўся прарыў – прэзерватывы з натуральнага каўчука.

Натуральны каўчук – палімер расліннага паходжання, вулканізацыяй якога атрымоўваюць трывалую і эластычную гуму. Натуральны каўчук прымяняюць для вырабу шын, амартызатараў, прадметаў санітарыі і гігіены. Гума з натуральнага каўчука трывалая, марозаўстойлівая і характарызуецца высокімі дынамічнымі ўласцівасцямі, але не ўстойлівая да дзеяння растваральнікаў і масла, і наадварот, устойлівая да большасці кіслот, шчолачаў і раствораў соляў.

Прыктычна ўвесь натуральны каўчук здабываюць з дрэваў. З моманту пачатку прамысловай здабычы гэтай сыравіны ні адна расліна не аказалася лепшай за гевею – дрэва, што расце ў Паўднёвай Амерыцы. Да гэтага часу з гевеі здабываюць 96% натуральнага прадукта ў сусветнай эканоміцы.

Млечны сок, які ўтрымлівае латэкс, пачынаюць здабываць, калі дрэва дасягае ўзосту 12 год. Адно дрэва можа выдаць ад 3 да 7, 5 кілаграм прадукта ў год. Як толькі яно перастае выдзяляць сок, яго выдаляюць і адпраўляюць на перапрацоўку.

Латэкс cкладаецца:

  • 70% вады
  • 25-70% натуральнага каўчука
  • 1-2% пратэіна і натуральных менералаў.

Вытворцы звярнулі ўвагу на гэты матэрыял і сталі выкарыстоўваць яго для выпуску біяраспадаемых прэзерватываў.

Адна з такіх кампаній – нямецкая фірма EinHorn, што выпускае аднайменную серыю прэзерватываў. Да ўсяго, у сваёй дзейнасці яны кіруюцца прынцыпамі ўстойлівасці і сацыяльнай адказнасці. Так, 50% свайго прыбытку каманда кампаніі рэінвестуе ў сацыяльныя і ўстойлівыя праекты, у асноўным па ланцужку паставак сваёй жа прадукцыі. У справаздачны дакладзе за 2017 год сума рэінвестыцый склаа 86 000 еўра.

EinHorn ужываюць некалькі накірункаў для паляпшэння жыцця людзей і наваколля: ад справядлівай аплаты працы да павелічэння біяразнастайнасці на каўчуковых плантацыях, ад пастаяннага скарачэння выкідаў СО2 ва ўсіх галінах дзейнасці кампаніі да прымянення больш экалагічнай упакоўкі для прадукцыі.

Да ўсяго, EinHorn з'яўляецца часткай некалькіх бізнэсовых кааліцый, якія працуюць на паляпшэнне сітуацыі звязанай з абаронай біяразнастайнасці і экасістэм, ашчаднай здабычы прыродных рэсурсаў, па супрацы з лакальнымі малазійскімі кампаніямі для дасягнення максімальнай справядлівасці ў фінасаванні гэтага рэгіёна пры здыбычы сыравіны. Ну і не забываюць укладаць частку сваёго прыбытку ў сацыяльную і экалагічную галіну.

І як бы смешна гэта не гучала, але прадукцыя кампаніі веганпрыязная – у састаў прэзерватываў не ўваходзяць прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку малочны бялок казеін, які прысутнічае ў гандонах іншых кампаній.

Таксама прэзерватывы EinHorn не выпрабоўваюць на пастаяннай аснове на жывёлах для атрымання адпаведнасці стандартам ISO па ўздзеянні на скуру і слізістыя. Прычым, каб быць чэснымі перад сваімі пакупнікамі, кампнія заручылася гарантам якасці ад зааабаронай арганізацыі РЕТА. Відавочна невыпадкова прадукцыя кампаніі выпускаецца пад жартаўлівым дэвізам "Fuck Vegan!".

Не так даўно прэзерватывы EinHorn з'явіліся ў Беларусі – у асатрыменце першай крамы без упакоўкі Zerro. Выдатны шанс заняцца надзейным экалагічным сэксам, ды й яшчэ у сваёй жарсці адчуваць, што свет становіцца крыху лепей і больш справядлівым.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость