27.06.2017 / 14:06

Пойма Дзітвы — адно з унікальных і дагэтуль малакранутых месцаў на Лідчыне. Звілістае русла ракі паміж вёскамі Любары, Дзітрыкі і Вялікае Вольжава раздзяляецца, утвараючы шэраг астравоў, памерам ад некалькіх дзясяткаў метраў да некалькіх кіламетраў. На многія з іх трапіць без лодкі немагчыма. Усё гэта утварае разам непаўторны прыродны комплекс, аналагаў якому, па ацэнках адмыслоўцаў, цяжка знайсці не толькі на Гарадзеншчыне, але і ва ўсёй Беларусі.

На сённяшні момант існуе пагроза спрамлення ракі і асушэння гэтай тэрыторыі пад торфаздабычу. І канешне, поўнага знішчэння астравоў. Ці сапраўды гэтае месца ўнікальнае? Ці варта яго захаваць? Мы паспрабавалі пашукаць адказы, адправіўшыся ў воднае падарожжа па Дзітве разам з адмыслоўцам-натуралістам, сябрам АПБ Юрыем Квачам, егерам Лідскага лясніцтва Аляксеем Якімчыкам і паляўнічым ды рыбаловам Валяр’янам Свянціцкім.

Яшчэ перад пачаткам сплаву на беразе ракі сустракаем мясцовага жыхара з вудамі. На пытанне, ці трэба праводзіць асушэнне поймы, пачулі адназначнае:

«Не! А навошта… Які тут можа быць торф? Ды і рыбу мне тут нашмат бліжэй лавіць. А так жа не будзе рыбы».

Па словах Квача, праблемы могуць узнікнуць не толькі з рыбай. Пойма Дзітвы адносіцца да рэдкага тыпу біятопаў з вялікай колькасцю раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу. Сярод рэдкіх раслін тут адзначана сіела прамая, сярод птушак — дзяргач, звычайны зімародак, чапля-бугай, а літаральна каля месяца таму — вяртлявая чаротаўка, якая мае ахоўны статус не толькі ў Беларусі, але і з’яўляецца глабальна пагражаемым відам ва ўсёй Еўропе.

«Кожны год тут гняздуюць шэрыя жураўлі. Раніцай часта чую іх крыкі. Бывалі выпадкі, калі рыбакам трапляўся вусач, таксама чырвонакніжнік. Увесну сюды заходзіць на нераст рыба. Тут добрыя ўмовы для развіцця малькоў. І ўзровень вады спрыяе, і корму шмат… А падчас аднаго з загонных паляванняў да нас выйшла звычайная рысь. Часам знаходзім у пойме сляды яе прыбывання… Увогуле гэтыя астравы — зона спакою для дзікіх жывёл. Асабліва для ласей, касуль і дзікоў. Тут яны адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. Харчуюцца, прыводзяць патомства. Адсюль маладыя звяры рассяляюцца на навакольныя тэрыторыі. Іх тут абараняе сама прырода», — дадаў Свянціцкі.

Рухаючыся па адным з руслаў Дзітвы, трапляем у сапраўдны калідор з высокага трыснягу. На шляху сустракаюцца жоўтыя і белыя гарлачыкі, урэчнік плаваючы, а па берагах заўважаем сіелу прамую.

Зарасці сіелы прамой

«Калідор» то звужаецца, то рэзка пашыраецца, то раптам разгаліноўваецца. Мінаем затокі, глыбокія віры ды завадзі. Лёгка заблукаць, калі не ведаеш мясцовасці. У такія моманты пачынаеш разумець, адкуль бяруцца народныя паданні пра русалак, вадзянікоў ды чэрцяў.

«Гэтыя месцы трэба турыстам паказваць, а не асушаць!» — заўважае Аляксей Якімчык.

Прыпыняемся ля аднаго з астравоў. Сыходзім на бераг і трапляем на адкрытую тэрыторыю з высокай расліннасцю і невялікай колькасцю маладых дрэваў. Падыходзім да старой сасны. Валяр'ян Свянціцкі адразу зазначыў:

«Гэтую тэрыторыю мясцовыя называюць проста „Пад хвояй“. Па прычыне таго, што тут расце адзіная на гэтых астравах сасна. Больш соснаў вы тут нідзе не сустрэнеце! Будуць трапляцца дубы, вольхі, але сосны — ніколі! Уся гэтая мясцовасць мне знаёма з самага дзяцінства. Можна сказаць, я тут вырас і кожны куст ведаю. Памятаю час, калі ўсіх вось гэтых дрэваў не было. Ім прыкладна столькі, колькі і мне. А сама тэрыторыя была падзелена на дзялкі і выкарыстоўвалася для сенакашэння».

Уважліва азіраемся і вось не так далёка ад той жа сасны знаходзім сапраўдны трафей — рог маладога лася. Пазней тут жа знаходзім другі і трэці. Напрыканцы ў нас ужо было цэлых пяць рагоў, якія па нашых падліках належалі чатыром розным ласям.

Па словах Валяр'яна Свянціцкага, нам моцна пашанцавала:

«Я за сваё жыццё столькі ласіных рагоў на адным месцы не знаходзіў! Значыць, гэтае месца вельмі для іх важнае. Хутчэй за ўсё, тут адбываюцца бойкі паміж самцамі і спарванне з самкамі… Гэта мы з-за высокай травы толькі пяць штук знайшлі. Калі прыйсці сюды ўвесну, пэўна, „знаходак“ будзе больш».

Але вяртаемся да лодкі і плывем далей. Зноў мы апынуліся ў звілістым калідоры трыснягу. Праз некалькі хвілін заўважаем над востравам сілуэт драпежнай птушкі. Прыглядаемся і пазнаем малога арляца — яшчэ адзін від з Чырвонай Кнігі, якога, дарэчы, тут яшчэ не адзначалі.

Удача працягвала ўсміхацца. Яшчэ праз некаторы час новая цікавая сустрэча — спужалі шэрага гуся з птушанём. Вельмі няблага, калі ўлічыць, што гэтых птушак ва ўсёй Беларусі засталося па ацэнках адмыслоўцаў каля двухсот гнездавых пар.

Трыснягу станавілася ўсё менш. Мінаем чарговы востраў і прычальваем да абрывістага берагу, якраз у тым месцы, дзе ў гэтым годзе знойдзена гняздо зімародка. Тут і заканчваем нашае невялікае падарожжа. Кідаем апошні позірк на прыгожую пойму Дзітвы.

Па словах Аляксея Якімчыка, торфараспрацоўшчыкі пакуль прыпынілі сваю дзейнасць у сувязі з нядаўна адзначанай вяртлявай чаротаўкай. Але ці надоўга? Пытанне адкрытае.

«Збіраем подпісы супраць асушэння. Ужо сабралі больш за трыста. Вельмі актыўна падпісваюцца жыхары навакольных вёсак… Бо інакш гэта будзе катастрофа мясцовага маштабу. Ад знікнення дзікіх жывёл да падзення вады ў калодзежах. Ды і мяркую, што торфу тут шмат не дабудуць», — запэўнівае Аляксей Якімчык.

У такіх выпадках заўсёды паўстае дылема: матэрыяльныя выгады ды прага да нажывы з аднаго боку і экалагічная бяспека з другога. Будзем уважліва сачыць за развіццём падзей. Паглядзім, што пераможа. І як заўсёды, хочацца верыць у кампрамісы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость