«Я вучуся на інжынера-геолага, геалогія і разведка месцаў нараджэння карысных выкапняў. Гэта вельмі цікавая рэч!» — распавядае Надзея.
І, нягледзячы на сур'ёзнасць выбранай прафесіі, хобі дзяўчына мае творчае. Надзея займаецца графічным дызайнам. Прыгадвае, як яшчэ ў дзяцінстве любіла маляваць, а ў школьныя гады самастойна ўзялася засвойваць фоташоп. Аднак пра тое, што гэта можа быць не толькі захапленнем, але і прыносіць камусьці карысць, дзяўчына ніколі не думала, пакуль яе не пераканала сяброўка.
«Зараз гэта мой фрыланс, а раней я шмат валанцёрыла і дапамагала, напрыклад, малявала афішы для разнастайных мерапрыемстваў», — удакладняе Надзея.
Акрамя ўсяго, яна з'яўляецца суарганізатаркай праекта «Навука па-за сябе», з дапамогай якога разам з сяброўкай хочуць папулярызаваць навуку сярод гараджан.
Што ж датычыцца валанцёрства, калісьці ў свае 16 год Надзея пачала дапамагаць Моладзеваму адукацыйнаму цэнтру «Фіальта», дзе змагла праявіць сябе і ў працы з людзьмі з інваліднасцю, і ў шматлікіх адукацыйных праектах.
Тая ж «Навука па-за сябе» таксама з'яўляецца часткай валанцёрскай дзейнасці Надзеі, бо грунтуецца на прынцыпах дабраахвотнасці.
«А вось як прыйшла валанцёркай у Зялёную сетку, напэўна, і не ўзгадаю, бо, як падаецца, я заўсёды ведала пра таварыства. Відавочна, яшчэ з часоў «Фіальты», якая заўсёды была ў сяброўскіх адносінах з Зялёнай сеткай і на пляцоўцы якой праводзілася шмат тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку сумесных», — прыгадвае Надзея.
Таварыству дзяўчына ўзялася дапамагаць з дызайнам: распрацоўвала ўлёткі, налепы і афішы. І робіць яна гэта з асаблівым інтарэсам, як сама сцвярджае, згодна са сваім унутраным экалагічным рухам.
«Не магу сказаць, калі я зацікавілася экалогіяй. Падаецца, гэта было заўсёды! Я вельмі любіла і люблю прыроду, мяне цягне да яе. І тое, што я буду працаваць ў звязанай з наваколлем галіне, ведала даўно, — кажа дзяўчына. — Таму невыпадкова, што я пайшла ў геалогію. На самой справе гэта вельмі блізкая галіна да экалогіі, яны ўзаемазвязаныя.
Тым больш экалогія заўсёды цікавіла мяне не толькі як лад жыцця, а ў практычным сэнсе: наколькі чалавек уплывае на наваколле. І калі пачынаеш паглыбляцца ў галіну, то прыходзіць усведамленне, што кожны з нас звязаны з ёй, з'яўляючыся часткай велізарнага ”арганізма”. І, дарэчы, “арганізм” зможа пражыць без чалавека, які вельмі моцна ўплывае на яго. Вось у такі момант і прыходзіць разуменне адказнасці за тое, як ты жывеш на планеце. Гэта тое, што мяне заўсёды моцна хвалявала і цікавіла».
Надзея прызнаецца, што ў сваёй геалагічнай дзейнасці яна акцэнтуе ўвагу на гэтых пытаннях. І няхай многія эколагі недалюбліваюць геолагаў, бо распрацоўка месц радовішч карысных выкапняў — заўсёды спрэчнае пытанне. Але, зазначае дзяўчына, не заўсёды геалогія можа ісці выключна на шкоду прыродзе... Для яе самой пошук збалансаванага шляху — ледзьве не галоўная мэта і інтарэс.
У працы ж з «зялёнымі» для Надзеі асабліва яркім стаў першы беларускі фестываль экалагічнага кіно «Планетарый».
«Для фестываля я рабіла паштоўкі да аднаго з фільмаў «Паравіны года». Для мяне гэта стала своеасаблівым міні-праектам: у серыі было 9 паштовак, аб'яднаных адной тэматыкай, стылем. І ў гэту працу я ўклала шмат часу і асабістай асалоды, пераспрабаваўшы велізарную колькасць ідэй, пакуль не прыйшла да канчатковага варыянту, — узгадвае яна. — Бадай, гэта быў самы буйны мой праект, які напоўніўся вельмі цікавым сэнсам».
Была ў Надзеі і супраца з грамадскай арганізацыяй «Багна»: у мінулым годзе разам з праектам «Навука па-за сябе» «балотнікі» ладзілі серыю лекцый у «Школе дзікай прароды».
«Магчыма, у гэтым выпадку я не зусім выступала ў ролі «зялёнай» валанцёркі, хутчэй як партнёрка ад навукова-папулярнага праекта. Але дызайн гэтых мерапрыемстваў быў на мне», — смяецца дзяўчына.
У якасці дызайнеркі-афарміцеля Надзея стала падключацца да акцыі Таварыства «Зялёная сетка». З апошняга, што яшчэ свежае ў памяці — вобраз планеты з лямпачак на «Гадзіне Зямлі» ў час канцэрта гуртоў «Сансара» і «PortMone».
У будучым Надзея хоча працягваць займацца навукай. У планах дзяўчыны паехаць паступаць у магістратуру ў Санкт-Пецярбург на спецыялізацыю «Экалогія і прыродакарыстанне» у вобласці палярных даследаванняў.
«Гэта якраз тое, чым я займаюся апошнія 1,5 гады, і тэма майго дыплома датычыцца Антарктыды і палярных рэгіёнаў. Мала хто, напэўна, ведае, што Беларусь мае сваіх палярнікаў і сваю даследчую станцыю. Вось якраз па геафізічных дадзеных нашых навукоўцаў я і пішу дыпломную працу, — дзеліцца Надзея. — У магістратуру будуць набіраць па разнастайных спецыяльнасцях: геолагі, эколагі, метэаролагі, кліматолагі і іншыя. І я лічу, што з пункту гледжання нашай планеты тэма палярных рэгіёнаў — найважнейшая».
Вядома, што ў марах дзяўчыны пабываць з экспедыцыяй на полюсе, але, на жаль, гэта галіна ў нашых прасторах падпадае пад гендарныя абмежаванні. Хаця, па словах Надзеі, у еўрапейскіх краінах карцінка адваротная: жанчыны і ў навуковай, і ў даследчай дзейнасці атрымоўваюць вялікую падтрымку, у тым ліку могуць удзельнічаць у экспедыцыях.
«А тут жа могуць нават адмовіцца размаўляць з табой пра гэта, сыходзячы з таго, што ты — дзяўчына», — адзначае яна.
Аднак Надзея не адчайваецца. Яна ўпэўнена: каб прыйсці да чагосьці ў жыцці, трэба вельмі шмат працаваць — гэта тое, што нас фарміруе. І відавочна, што да выклікаў яна гатова!
- Суполкі валанцёрскай службы Зялёнай сеткі ў сацыяльных сетках: Facebook, ВКонтакте, Instagram. Далучайцеся да нас!