У красавіку 1986-га яго паднялі па трывозе, яму было 22, ён вучыўся у Мінскай вышэйшай школе МУС СССР, нядаўна ажаніўся і жыў у сталіцы. Гэта была ноч пасля выбуху на чацвёртым энэргаблоку Чарнобыльскай АЭС.
“Нам як ваенным - ступень гатоўнасці №1. Пашыхтавалі, каманда была жорсткая: хто не хоча – пасведчанне на стол. Разумееце, мы нічога не ведалі, па тэлебачанню нічога не паказвалі, але я работнік МУС: трэба, значыць трэба, радзіма паклікала. Загрузілі ў аўтобусы, давезлі да Гомеля, там перасадзілі, адправілі ў Брагін, і размеркавалі па раённых школах”.
У рэгіёне на той момант знаходзілася міліцыя з Беларусі, Украіны і Расіі. У іх задачу уваходзіла патруляванне 30-кіламетровай зоны. Праўду казаць забаранялася, мясцовым жыхарам паведамлялі пра вучэнні па грамадзянскай абароне і давалі кароткі час на зборы.
Дазвалялася ўзяць харч на тры дні, грошы і дакументы. Перыядычна Анатолій кажа пра дэзерціраў, і я памылкова мяркую, што гаворка ідзе аб ваеннаабавязаных. Калі перапытваю, выяўляецца, што так называлі жыхароў, якія вярталіся ў родныя хаты.
Іх вылічвалі ўначы па свечках у вокнах, калі электрычнасць ужо была адключана. Дадаць сюды чорную прагумаваную форму для хімвойск без апазнавальных знакаў, накшталт нямецкай паліцэйскай, якую выдалі для выезда ў зону, паўстае шаблонная панурая карціна з гульні “Сталкер”.
Аднак Анатолій адмаўляе гнятлівую атмасферу тых дзён: “Разумееце, яно нябачна. Каб былі наступствы, смерці… Адчуваеш сябе нармальна, страху не было, прынамсі, у мяне.
Проста бачыш: грыб расце, потым лопаецца, падымаецца ціск, ідзе кроў з носа, вушэй, горла. Ну, пап’еш мінеральнай вады. І заўсёдны прысмак металу ў роце. А што гэта такое - было незразумела.
Думалася, можа, ад сонца, хаця ўначы было так холадна, што не ратавалі нават армейскія целагрэйкі. Каб людзі павальна паміралі на хадзе, як у Хірасіме – такога не было. Толькі што дзіўна: марлевыя павязкі, якія напачатку выдавалі, праз гадзіну станавіліся жоўта-зялёнымі. Потым далі зялёныя рэспіратары, што ў сельскай гаспадарцы выкарыстоўваліся – тое ж самае”.
Насельніцтву нічога не паведамлялі да 1-га траўня, калі калонны вывелі ў Брагін на святочную дэманстрацыю. Тады далі агульную інфармацыю, указанні не выходзіць з дамоў і пачалі эвакуаяваць дзяцей.
“Канешне, было б менш страт, каб абвесцілі ў першы дзень. А яны сказалі толькі калі Захад запанікаваў”.
Размераным голасам Анатолій прамаўляе гісторыю тых дзён кароткімі сказамі, як сагу: “Прыйшоў жаночы батальён медыкаў з Масквы, прыйшлі КУНГі-66 для дэзактывацыі, прыйшлі БМП-шкі і БМД-шкі, прыйшлі ваенныя, сталі ссоўваць грунт. Здымалі глебу, залівалі белай вадкасцю, закопвалі транспарт, адстрэльвалі хатнюю жывёлу”.
“Адстрэлам займалася мясцовая міліцыя, - засяроджвае ўвагу Аляксей. – Мы толькі служба аховы грамадскага парадку, камандзіровачныя, зброю нам не выдавалі, я кажу гэта аўтарытэтна”.
Пачалося марадзёрства, каштоўныя рэчы вывозіліся з зоны на продаж. Мясцовыя рынкі былі запоўненыя заражанымі таварамі.
Урачы тлумачылі, чаго варта пазбягаць, засцерагалі заходзіць ў хаты, саломенныя дахі якіх назапашвалі радыяцыю ў вялікай колькасці. Але нягледзячы на папярэджанні, спелая чарэшня была занадта вялікай спакусай – яе елі ўсе. Для піцця прывозілі мінеральную ваду, але ў 30-градусную спякоту ёй складана было ратавацца.
“Набярэш 3-4 фляжкі, адкрыеш банку тушаніны, зап’еш – і тое, і тое салёнае. Што рабіць? Ідзеш да калонкі. Спякота стаяла такая, што ва УАЗіках здымалі бакавіны, пакідалі адзін тэнт, прыязджаеш увечары і абліваешся з вядра, на галаву, на адзежу”.
Які быў узровень апраменьвання, Анатолій ня ведае: дазіметры былі толькі ў начальнікаў, што знаходзіліся ў штабе у Хойніках. Але хутка амаль ва ўсіх пачалі крышыцца зубы. Анатолій паказвае дзве металічныя фіксы, астатняе “пасыпалася” за два гады пасля вяртання з зоны. Усяго ўзвод правёў там 45 сутак.
“Нас вывезлі ў канцы чэрвеня, таму не магу сказаць пра ўраджай, куды менавіта яго пастаўлялі. Але зерне не знішчалася, магчыма, пайшло на спіртзаводы на пераапрацоўку”.
Вярнуўся Анатолій з медалём і чырвоным пасведчаннем ліквідатара з пералікам чатырох артыкулаў, якія давалі права на ільготы. 18 і 19 – беларускія, 20 і 21 – расійскія. Неўзабаве пасведчанні забралі на перарэгістрацыю і аддалі ўжо з адным, 19-м артыкулам Закона РБ Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы.
“Мы ўжо не ліквідатары, а пацярпецыя ад ЧАЭС. Пасведчанне нічога не значыць. Тады мы не разумелі, што можна было аформіць інваліднасць. Як жа – член партыі павінен быць наперадзе, тым больш старэйшы афіцэр крымінальнага вышуку. А хлопцы смаргонскія, што там былі, амаль усе папаміралі. У каго рак горла, у каго страўнік, ныркі, кара галаўнога мозгу.
Занадта шмат нас было – і ліквідатараў, і перасяленцаў. Пасведчанні выдавалі нягледзячы на ступень небяспекі. Некаторыя зрабілі два рэйсы ў зону і атрымалі тыя ж артыкулы. Вось дзяржава і пераглядзела. Спачатку на аздараўленне выдзялалася шмат сродкаў, а цяпер у Цэнтр радыяцыйнай медыцыны, які для нас пабудавалі ў Гомелі, так проста не патрапіць”.
Па збегу жыццёвых абставін Анатолій і цяпер наведвае мясціны, якія патруляваў у 86-м: з адселенай вёскі Брагінскага раёна паходзіць яго жонка, а цесць пахаваны на могілках на тэрыторыі зоны адсялення.
“Гэта 12 кілометраў ад станцыі, там цяпер нічога няма, только крыж у два метры і могілкі. Паўсюдна маладыя ляжаць. А Брагін праязджаеш, Хойнікі – акуратныя прыгожыя гарадкі, прэзідэнт вялікія грошы выдаткаваў на аднаўленне гэтай зямлі. Але ўсе цудоўна разумеюць, што гэта немагчыма, што Хірасіма і Нагасакі дагэтуль пажынаюць плады. Праўды ніхто не кажа дагэтуль, але што ты зробіш, чалавек у пагонах? Радзіма табе ніколі не даруе. Усе прызвычайваюцца. Вось Прыпяцкі запаведнік – неяк там жыве звяр’ё, працуюць людзі. А што новая АЭС будуецца – нам патрэбна энэргія. Тым больш гэта зусім іншы від станцыі, усё ж у 21-м стагоддзі жывем”.
У 2016 годзе Мікалай Цітавец, адзін са смаргонскіх ліквідатараў арганізаваў кампанію па збору сродкаў на памятны знак у цэнтры горада. На той момант гэта каштавала 50 мільёнаў беларускіх рублёў.
“Сабралі першапачатковыя ўнёскі, але нас усяго тут чалавек 18, я параіў схадзіць да мясцовай улады і справа на гэтым заціхла. Усё забыліся. Нават 26-га красавіка больш не збіраюць у выканкаме, каб уручыць гвадзічку. Некаторыя кажуць, што гэта і не дата ніякая не памятная ўжо, і што няма больш радыяцыі. Але мы жывыя, мы бачылі гэта пекла”.