Як падкрэсліў кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўрапейскага звязу Джым Коўзенс на круглым стале ў Мінску, належнае экалагічнае кіраўніцтва (НЭК) стаіць у главе дыялогу паміж Еўразвязам і краінамі Усходняга партнёрства. Упершыню такая неабходнасць была агучана ў 2009 годзе, затым патрэба ў НЭК абмяркоўвалася на самітах у Вільні і Рызе ў 2014 і 2016 гадах.
“Змяненні наваколля ўплываюць на ўсе сферы чалавечай дзейнасці: эканоміку, тэхналогіі і адукацыю. Таму відавочна неабходнасць у пераглядзе экалагічнай палітыкі краін. Аднак пакуль не існуе адзінай мадэлі НЭК, выпрацаваны толькі прынцыпы, што могуць дапамагчы краінам разам спраўляцца з выклікамі ў экалагічнай галіне”, — падкрэсліў ён.
Аднак самае галоўнае ў належным экалагічным кіраўніцтве, што яно не тычыцца менеджменту, якім звыклі займацца органы дзяржаўнага кіравання. НЭК закліканы прыцягнуць як мага большую колькасць бакоў да абмеркавання, у тым ліку і грамадскую супольнасць.
Па словах прадстаўніка Еўразвязу, гэта неабходнасць звязана ў першую чаргу з тым, што чыноўнікі маюць патрэбу ў інфармацыі пра тое, як на самой справе сітуацыя выглядае на месцах.
Да ўсяго, удзел грамадзян у прыняцці экалагічна значных рашэнняў прапісаны ў заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь.
У цэлым жа, пытанне ўдзелу грамадскай супольнасці ў абмеркаваннях таго ці іншага пытання падымалася яшчэ ў 1992 годзе на сустрэчы ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Надалей 10-ы прынцып дэкларацыі, прынятай на Канферэнцыі ААН у Рыа-дэ-Жанэйра, лёг у аснову 2-га пастулата Орхускай канвенцыі, якую наша краіна ратыфікавала ў 1999 годзе.
“Беларускае нацыянальнае заканадаўства праходзіць сваю эвалюцыю ў дачыненні да ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў. Калі напачатку гэта права было прапісана ў інструкцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя — ва ўнутранім дакуменце дзяржаўнага органа, на сённяшні дзень ужо амаль два гады як нормы па ўдзелу грамадзян у рашэнні прыродаахоўных пытанняў унесены ў Закон "Аб ахове навакольнага асяроддзя", — падкрэслівае Вольга Захарава, кіраўніца Орхускага цэнтра Рэспублікі Беларусь.
На змяненні заканадаўчых актаў уплываюць розныя фактары. З досведу Беларусі сваю ролю сыграла скарга, якая паступіла ад грамадскай супольнасці ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі.
“Гэта ланцужок, калі інфармацыя паступіла ад грамадскасці, прайшла праз механізм Камітэта па выкананні канвенцыі і вярнулася на нацыянальны ўзровень краіны ў выглядзе рэкамендацый, у тым ліку па змяненні заканадаўства. Такім чынам, можна сказаць, што грамадскасць сыргала сваю ролю ва ўдасканаленні прававой базы краіны, але выбраўшы больш доўгі шлях”, — кажа Вольга.
На думку кіраўніцы Орхускага цэнтра, у дасягненні мэтаў прасоўвання доступу да экалагічнай інфармацыі дапаможа сістэматызацыя праз адзіны партал, дзе будуць сабраныя ўсе неабходныя дакументы. На гэтым шляху былі зробленыя першыя крокі па палягчэнні працэдуры ўдзелу грамадскасці праз узаконьванне спецыяльных раздзелаў, якія тычацца грамадскіх абмеркаванняў, на сайтах выканкамаў.
“У гэтыя раздзелы павінна збірацца ўся інфармацыя, якая тычыцца прымаемага рашэння. Такім чынам не толькі праектная дакументацыя ці справазда аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, а пачынаючы з першага дакумента, што лёг у аснову ініцыіравання абмеркавання і планавання той ці іншай дзейнасці. Таксама матэрыялы саміх грамадскіх абмеркаванняў і самае галоўнае рашэнне, якое было прынята па дадзенаму пытанню”, — сцвярджае Вольга.
Сваю ролю ва ўдзеле грамадскасці на самых першапачатковых этапах сыграе ўвядзенне папярэдняга інфармавання ў дачыненні да планаў, праграм, праектаў тэхнічна-нарматыўна прававых актаў, упэўнена экспертка.
“Гэта паспрыяе таму, што грамадзяне змогуць прыняць удзел на самым раннім этапе, як толькі з'явілася ідэя распрацоўкі, напрыклад, праграмы. Такім чынам, людзі могуць уключыцца ў доўгатэрміновы працэс са сваімі прапановамі пра тое, што і дзе яны хочуць бачыць у ёй. Надалей фарміраванне праекта ці нарматыўна-прававога акта будзе адбывацца з максімальным улікам тых самых прапаноў. Вядома, што згодна заканадаўству надалей праект будзе праходзіць і грамадскія абмеркаванні”, — адзначае Вольга.
Яшчэ адзін важны момант, які падкрэслівае экспертка, гэта магчымасць фарміравання колаў зацікаўленай грамадскасці, у якія могуць уключацца як грамадзяне нашай краіны, так і замежныя ці асобы без грамадзянства. Усе яны могуць заявіць пра сваю зацікаўленасць у прыняцці рашэнняў датычных наваколля.
Аднак, як патлумачыла Зялёнаму парталу Ірына Сухій, сябра Рады грамадскай арганізацыі «Экадом», толькі заканадаўства ў працэсе ўдзелу грамадскасці не працуе, павінны быць нейкія іншыя працэсы. У тым ліку разуменне неабходнасці належнага экалагічнага кіраўніцтва, бо пры ўдзеле большай колькасці зацікаўленых бакоў рашэнні будуць больш якаснымі, грунтоўнымі і безканфліктнымі.
“Па такім прынцыпам павінны прымацца разнастайныя рашэнні. Бо калі ў Мінпрыроды яшчэ больш-менш гэтым кіруюцца, то, напрыклад, у абмеркаванне якога-небудзь завода Міністэрства прамысловасці, мы можам уключыцца на стадыі ўзгаднення пэўных тэхналогій, а не праекта і ў цэлым неабходнасці ўсіх гэтых рэчаў”, — кажа Ірына.
Так здараецца праз тое, упэўнена экалагістка, што кіруючыя органы падмяняюць паняцце ўдзелу грамадскасці з піярам ці сувязямі з людзьмі. Таму адбываецца не прыцягненне людзей да абмеркаванняў, а інфармаванне і перакананне іх у правільнасці прынятага рашэння.