31.08.2019 / 14:08

Вузкая паўвыспа ў Балтыйскім моры, Куршская каса. Тут месцяцца адны з найбуйнейшых эолавых (ветравых) утварэнняў на Зямлі: пяшчаныя дзюны вышынёй да 70 метраў і працягласцю дзясяткі кіламетраў. На касе ёсць засыпанныя пяском вёскі і разам з тым – унікальная архітэктура. Помнік прыродных змен у апошнія восем тысяч гадоў адначасова разбуральнай і стваральнай дзейнасці чалавека.

Куршская каса знаходзіцца ля берагоў Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі, мяжа праходзіць і па тэрыторыі паўвыспы. На яе можна заехаць з поўдня, ад Калінінграда, па сушы, а на паўночным канцы, з боку Клайпеды, давядзецца карыстацца паромам.

Шаблепадобная Куршская каса аддзяляе Куршскі заліў з прэснай вадой ад Балтыйскага мора. Даўжыня касы – пад 100 кіламетраў, а шырыня вагаецца ад 400 метраў да амаль чатырох кіламетраў.

І ўсё гэта – пераважна ў лясах і дзюнах. Праўда, ёсць і населенныя пункты: з боку Літвы – Ніда, Ёдакрантэ, Прэйла, Пярвалка, аб’яднаныя ў адміністрацыйную адзінку Нерынга; расійскія пасёлкі Лясны, Рыбачы і Марское. На паўночным ускрайку касы – раён Клайпеды Смільтынэ з Марскім музеем, адным з самых папулярных у Літве.

Куршская каса пачала фармавацца адносна нядаўна, каля васьмі тысяч гадоў таму, у выніку наступу Балтыйскага мора на сушу. Праз асаблівасці рэльефу дна і плыняў ападкавыя пароды сталі збірацца паралельна берагу. Каля пяці тысяч год таму каса набыла абрысы, блізкія сучасным, уяўляючы сабой ланцужок астравоў.

Пралівы між імі паступова запоўніліся ілістымі адкладамі. Цяпер на іх месцы – паклады торфу. Надводная частка Куршскай касы тады складалася пераважна з пяску, які ганяў вецер. Чамусьці ў гэты перыяд вандроўныя дзюны спыніліся і трансфармаваліся ў больш трывалыя парабалічныя, якія хутка зараслі лесам.

Магчыма, гэта звязана са зменай клімату, накірунку вятроў. Лясное покрыва паспрыяла ўтварэнню падзолістай глебы, малапрыдатнай для земляробства. Прыкладна 4,5 тысячы год таму на касе з’явіліся першыя людзі. Вядома, што ў XI – XIII стст. яе насялялі прадстаўнікі балтыйскага племені куршаў, якое і дала паўвыспе назву. Яны займаліся рыбалоўствам, а лясы лічылі свяшчэннымі. У сярэдзіне XIII ст. тэрыторыя Куршскай касы ўвайшла ў склад Тэўтонскага ордэна, пачалася хрысціянізацыя куршаў.

Да XVII-XVIII стст. лясы на касе амаль цалкам высеклі, нічым не замацаваныя пяскі зноў пачалі рухацца і засыпаць цэлыя вёскі. У сярэдзіне XIX ст. прускія ўлады разам з мясцовымі жыхарамі пачалі інтэнсіўныя працы па лесаўзнаўленні. На Куршскую касу завозілі мясцовыя віды дрэў, а таксама расліны з Паўночнай Амерыкі, Далёкага Ўсходу, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы: горную хвою, хвоі Банкса, Мурэя, чорную, а таксама елка белую, лістоўніцу еўрапейскую, клён амерыканскі, таполю канадскую, ліпу буйналістую – каля сотні розных відаў дрэў і хмызнякоў.

У нашы дні лясы (як карэнныя, гэтак і штучнага паходжання) пакрываюць прыкладна 2/3 тэрыторыі Куршскай касы. Берагавая лінія стабілізаваная дзюнным валам даўжынёй 98 км і вышынёй да 15 метраў. Па колькасці ўкладзеных сродкаў і сіл гэты прыродаахоўны праект можна лічыць адным з самых дарагіх у гісторыі чалавецтва.

Паўвыспа ляжыць на Беламорска-Балтыйскім шляху пералётных птушак, шмат якія з іх – рэдкіх відаў. З расійскага боку касы ў 1987 г. створаны нацыянальны парк, з літоўскага – у 1991 г. У 2000 г. Куршская каса прызнаная помнікам UNESCO, але не як прыродны аб’ект (хаця такія прапановы былі). Паўвыспа увайшла ў спіс спадчыны чалавецтва як унікальны культурны ландшафт.

На Куршскай касе забаронена будаўніцтва. Праўда, кажуць, што з расійскага боку забарона часта парушаецца. У літоўскай Нідзе хаты захоўваюцца ў тым жа выглядзе, што былі ў даваенны час, без усялякіх перабудоў. На фасадах можна пабачыць “пашпарты” помнікаў архітэктуры з годам пабудовы.

Першапачаткова гэта сціплыя рыбацкія халупы, а ў пачатку ХХ ст. гаспадары сталі ўпрыгожваць іх дэкаратыўнымі элементамі, каб падабаліся турыстам. Бадай, самым знакамітым наведвальнікам курорта можна лічыць нямецкага пісьменніка Томаса Мана, які жыў тут улетку ў 1930 – 1933 гг. Мемарыяльны музей творцы – адно з найбольш папулярных у турыстаў месцаў на Куршскай касе.

Паўвыспу можна лічыць помнікам не толькі прыроднай, але і культурнай катастрофы і яе пераадольвання. Да канца Другой сусветнай вайны большасць мясцовага насельніцтва размаўляла на куршскай гаворцы балтыйскай групы і мела нямецкае грамадзянства, а пасля вайны амаль усе куршы з’ехалі ў Германію.

Даўшы назву цэламу рэгіёну на захадзе Латвіі (Курземэ, Курляндыя), куршы паступова распусціліся сярод латышоў, літоўцаў і немцаў. Пасля Другой сусветнай тэрыторыя касы далучана да Літвы, а пра куршаў нагадваюць адно музеі.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость