01.06.2021 / 15:06

У Мінску па трох артыкулах КК судзяць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Латыпава. Віну ён не прызнае – так мусіла пачынацца гэтая навіна. Але суд Латыпава пайшоў не па плану: ён паспрабаваў перарэзаць сабе горла, як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сёння раніцай пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітвязня Сцяпана Латыпава, вядомага ў сваім коле прафесіяналаў арбарыста.

Яго абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі і супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо», яго абвінавачваюць ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін.

За кратамі ў судзе Латыпаў знаходзіўся з ацёкамі на твары, сіняком пад вачыма, на левай руцэ з-пад кашулі быў бачны бінт, на пальцы – пластар. Пасля допыту пацярпелага міліцыянта Васіля Рогава ён запытаў:

Пацярпелы, Вы толькі што казалі, што я Вас ударыў нагой у твар. Паглядзіце на мяне. У Вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне?

Калі міліцыянт адказаў адмоўна, то Латыпаў сказаў, што ў яго больш няма пытанняў.

 

Развязка суда

Пасля перпапынку суда выступаў бацька Латыпава. Калі ён скончыў, Сцяпан паспрабаваў перарэзаць сабе горла. Ён устаў на лаўку ў клетцы, каб не дацягнуліся канваіры, і ўставіў сабе ў горла ручку. Перад гэтым сказаў:

Отец! После свидания ко мне пришел ГУБОП. Пообещал, что если я не признаю вину, у меня будет пресс-хата, уголовные дела против родных и соседей. Пресс-хата у меня была — 51 день. Так что ты готовься.

Часткова гэта зафіксавана на відэа. Пасля Сцяпана вынеслі з будынка (відэа). Сцяпана Латыпава павезлі ў Цэнтр хірургіі і трансплантацыі на Сямашка, паводле папярэдняй інфармацыі аднаго з каналаў, якія нельга называць.

Бацька Латыпава распавёў, што Сцяпана з 11 красавіка ўтрымлівалі ў ШІЗА з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі.

Нагадаем: за травень па «пратэстных» крымінальных справах асуджана не менш за 109 чалавек.

Момант затрымання Сцяпана на Плошчы Перамен. Фота - Мікалай П.
Момант затрымання Сцяпана на Плошчы Перамен. Фота - Мікалай П.

 

Як стала вядома з паведамлення тэлеграм-каналу "Белые халаты", Сцяпану Латыпаву зрабілі аперацыю, ён знаходзіцца ў рэанімацыі на штучнай вентыляцыі лёккіх. Яго жыццю нічога не пагражае. Разглядаецца пытанне аб ягонай гаспіталізацыі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость