01.12.2017 / 13:12

На сайце дзяржаўнага вытворчага прадпрыемства ''Белэнерга'' ў канцы лістапада з'явіўся матэрыял пра развіццё аднаўляльных крыніц энергетыкі ў Беларусі. Справа не дрэнная, але сама навіна паходзіць на спробу апраўдацца і кінуць камень у апанентаў і ''лабістаў'' АКЭ. ''Зялёныя'' упэўненыя: дзяржава сама сабе загнала ў кут, а ў энергетычнай галіне варта праводзіць сур'ёзныя сістэмныя і інфраструктурныя змены.

Пытанні развіцця аднаўляльных крыніц энергетыкі ў нашай краіне рэгламентаваныя Законам №204-3 ''Аб аднаўляльных крыніцах энергетыкі'' ад 27 снежня 2010 года і Указам прэзідэнта №209 ''Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергетыкі'' ад 18 мая 2015 года. Як кажуць спецыялісты, у цэлым добра, што такога кшталту прававыя дакументы ў Беларусі існуюць, бо яны стымулююць развіццё аднаўляльнай энергетыкі ў краіне. Аднак для ўсіх ужо стала відавочным наколькі гэта прававая база недасканалая.

Па словах Паўла Гарбунова, сябры цэнтральнага савета Беларускай партыі ''Зялёныя'', суперлаяльныя ўмовы, якія былі створаны ў дачыненні да тарыфнай сістэмы закупкі электраэнергіі, вырабленай устаноўкамі АКЭ, прывялі да таго, што дзяржаве давялося ўводзіць штучныя абмежаванні:вызначыць канкрэтную колькасць МВт, якую змогуць пацягнуць набываць энергетыкі. Дзеля гэтага была ўведзена сістэма квот.

''Праблематычным момантам квотавай сістэмы стала непразрыстасць рашэнняў камісіі, што выбірае «шчасліўчыкаў». Такім чынам створаныя перадумовы для карупцыйных схем, пра што і кажа асацыяцыя ''Аднаўляльная энергетыка''. Таксама суперлаяльны закон падтрымліваецца зараз нелаяльнымі юрыдычнымі ўмовамі, якія ўскладняюць магчымасць падключацца да сеткі'', – тлумачыць Павел.

Натуральна, што прававая база, якой рэгулююцца адносіны ў галіне аднаўляльнай энергетыкі, у хуткім часе павінна прыцярпець змены.

''На маю думку, трэба сыходзіць ад мэты. Зразумела, што неабходна развіваць аднаўляльную энергетыку, а дзеля гэтага вызначыцца з лічбамі, напрыклад, да 2025 года. І ўжо пад гэта дапрацоўваць закон і выбудоўваць адносіны ў галіне цалкам на іншых прынцыпах, напрыклад, канкурэнцыі. Тады прыватнікі будуць прыходзіць да «Белэнерга» і прапаноўваць розныя закупачныя кошты: хтосьці 22 цэнты, іншы – 18, а трэці ўвогуле – 15'', – мяркуе Павел.

Ці ўводзіцца невысокі закупачны тарыф, але дзяржава дапамагае датацыямі на закупку дарагога якаснага абсталявання, каб у вытворцаў была магчымасць пакрыць выдаткі. Яшчэ адной праблемай бягучай версіі закона з’яўляецца залежнасць закупачнага кошту электраэнэргіі ад кошту электраэнергіі ў сетцы. Гэта не дае прадпрымальнікам стварыць для саміх сабе надзейны бізнас-план, бо кошт праз некалькі год можа палезці ўніз, і спадзевы могуць ня спраўдзіцца. Але закупачны кошт можа быць плаваючым і залежыць ад бягучага попыту на электраэнергію, як гэта зроблена ў Даніі. Добра калі закон будзе падтрымліваць нябуйных вытворцаў энергетыцы – каб перамагалі прыватныя невялічкія станцыі. Гэта гарантуе , што грошы ад аднаўляльнай энергетыкі ў першую чаргу будуць зарабляць беларусы, і гэтыя грошы застануцца ў краіне.

Такім чынам, зрабіўшы празрыстай тэндарную сістэму, сфарміраваўшы ўмовы да якасці ўстановак АКЭ, можна будзе дабіцца роўных умоў для вытворцаў і спажыўцоў энергетыкі. І ў гэтай справе, упэўнены Павел, было б правільна, каб ''Белэнерга'' і асацыяцыя ''Аднаўляльная энергетыка'' не апаніравалі адзінаднаму, а працавалі на агульнавыгодную мэту як партнёры.

Бо нельга забываць, што энергетычная галіна мае недахопы і інфраструктура, што разлічана на размеркаванне энергіі ''з цэнтра на месцы''. Калі запусцяць мноства дробных крыніц, якія наадварот павінны спускаць энергію ў сістэму, будуць узнікаць праблемы, упэўнена Ірына Сухій, сябра Рады грамадскага аб'яднання ''Экадом'', намесніца старшыні Беларускай партыі ''Зялёныя''. З гэтай нагоды варта правесці рэформы сістэмы.

Незакрытым пытаннем застаецца будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю БелАЭС кажуць абодва эксперты. Пакуль ''Белэнерга'' адкрыта не заяўляе, што яму будзе невыгодным кожны дадатковы МВт магутнасці, бо у такім выпадку няма куды дзяваць электраэнергію з атамнай станцыі.

Автор:
Фотограф:
pixabay.com, Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость