03.02.2015 / 17:02

Каму Дзень Сурка, а каму – свята вадаёмаў: у школе балотнага пасёлку Дружны Мінскага раёну адзначылі Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў.

Рамсаарскіх тэрыторый стане на 10 больш

Першая частка свята, магчыма, не зусім цікавыя, але карысныя школьнікам выступы заслужаных чыноўнікаў і натхнёных сябраў грамадскіх арганізацый.

Добрай навіной падзялілася Таццяна Трафімовіч, кіраўніца аддзелу земляў і ландшафтаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: Беларусь атрымала згоду сакратарыяту Канвенцыі на ўключэнне ў спіс сусветна значных тэрыторый пяці новых у Беларусі, і яшчэ 5 "намінаваныя" нашымі навукоўцамі.

"Будзем спадзявацца, што да канца наступнага году ўсе 26 тэрыторый будуць уключаныя. Гэта амаль усе тэрыторыі, якія могуць быць у нас", - кажа Таццяна. Усяго па свеце 2186 рамсаарскіх тэрыторый – больш за 20 мільёнаў гектараў. У Беларусі тэрыторый пакуль што 16.

"Адна з умоваў – каб такія тэрыторыі падтрымлівалі не менш за 1% сусветнай папуляцыі нейкага з відаў птушак, альбо калі тэрыторыя падтрымае больш за 20 000 птушак падчас міграцыі, альбо гэтая тэрыторыя ўнікальная сама па сабе для водна-балотных птушак як месца жыўлення ці вывядзення птушанят", - тлумачыць Таццяна.

Апроч Беларусі да Канвенцыі далучыліся 168 краін, кожная з якіх паводле дакумента бярэ на сябе абавязак працаваць на тле разумнага захавання сваіх водна-балотных угоддзяў, аб’екты, якія намінуюць у сусветны спіс тэрыторый – падтрымліваць ва ўстойлівым стане.

Рамсаарская канвенцыя - самая старая з прыродаахоўчых. Яе яшчэ клічуць Канвенцыяй аб водна-балотных угоддзях. Была падпісаная 2 лютага 1971 году і прызначаная паспрыяць захаванню месцаў у прыродзе, важных для вадаплаваючых птушак: вытокаў рэк, вадаёмаў і, канешне, балот.

Нацыянальная стратэгія кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі да 2030 году

Другі выступ быў прысвечаны дзейнасці Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі. Паводле Аляксея Арцюшэўскага, кіраўніка праграмы “Тарфянікі-2”, у Беларусі зараз распрацоўваецца Нацыянальная стратэгія кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі да 2030 году:

"ГЭФ палічыў, што гэта адпавядае значнасці на глабальным узроўні – Беларусь – краінай з самай высокай адсоткавай колькасцю тэрыторый, пакрытых балотамі", - кажа ён. Каля 3 мільёнаў даляраў вылучана на распрацоўку дакумента і шэрагу пілотных праектаў па паўторнаму забалачванню.

На думку Вольгі Каскевіч, адной з арганізатараў свята з грамадскай арганізацыі "Чыстая вада", гэтая стратэгія магла б быць вельмі важным дакументам: "Істотныя якасць і самі падыходы, пры якіх, аднаўляючы нейкае балота, у нас бы падтрымлівалі яго стан, а не губілі, бо няма дакументаў, якія б рэкамендавалі падтрымаць. Нацыянальная стратэгія будзе гэтым інструментам".

Міжнародны конкурс фота

Сакратарыят Рамсаарскай канвенцыі праводзіць конкурс для маладых людзей ад 15 да 24 год на лепшае фота водна-балотнага ўгоддзя. Запампоўваючы фота, трэба запоўніць невялікую анкету пра сабе. Сакратарыят Канвенцыі абяцае візіт у любое такое ўгоддзе ў свеце для пераможцы, аплачаны партнёрамі. Аднак, фота мусіць адлюстроўваць значнасць тэрыторыі.

Балотны бог Іржавень і маляваныя птушкі

І трэці аддзел свята быў цікавей для маленькіх і дарослвых – балотны квэст і экамайстрэрні. Тут бавілі свой час вучні, якія захапляюцца біялогіяй, удзельнічаюць у алімпіядах ці наведваюць гурток "Зялёная школа" – аднайменны праекту, удзельніцай якога з’яўляецца сама школа пасёлку Дружны, адна з 250 у краіне, якія клапоцяцца аб экаадукацыі выхаванцаў.

Самыя маленькія школьнікі малявалі птушак – як шапталіся між сабой Лізавета Каўцяк і Марыя Гуліна, кіраўнікі з "Дзіцячых экамайстэрняў" малюнкі часам атрымоўваліся больш падобнымі да птушак, чым самі птушкі.

А вучні 8-10 класаў, усяго каля 20 чалавек, па камандах выконвалі заданні "Балотнага квэсту", на напісанне і апробванне якога ў арганізатараў сышло каля трох дзён: на прасвет разгадвалі рэбусы, нагуглілі, што аднаго з багоў балот клічуць Іржавень, і даводзілі да вар’яцтва гандлярак у крамах і аптэцы сваімі пошукамі прадуктаў, якія зробленыя з выкарыстаннем траваў і ягад з балота.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость