— Анора, распавядзі, калі ласка, як з'явілася ідэя арганізаваць фестываль экалагічнага кіно?
— Усё проста: мне не хапала ў горадзе падобнага кінафестывалю, вось і вырашыла, што неабходна яго зрабіць. А яшчэ хацелася «ачысціць» карму экалагічнага кіно, якое многія ўспрымаюць занадта павучальным і сумным. Наадварот, мы распавядаем пра тое, што яно можа быць такім жа захапляльным, як баявік, такім жа пяшчотным, як рамантычная камедыя, і такім жа драматычным, як трылер.
Да таго ж, выбіраючы кінастужкі на фестываль, хацелася падштурхнуць гледачоў задумацца аб экалагічных праблемах, расказаць гісторыі пра адметных асоб, натхніць на дзеянні і да рашэнняў.
Я працую ў Таварыстве «Зялёная сетка» і ведаю, як бывае складана распавесці людзям па-за тэмай пра нашу галіну, запрашаць удзельнічаць у вырашэнні лакальных праблем. Як мне падаецца, кіно спраўляецца з гэтай задачай лягчэй і цікавей.
— А адкуль у яго такая цікавая назва — «Планетарый»?
— Я заўсёды вельмі любіла планетарыі, іх таямнічасць і тое, што яны звязваюць нашу планету з космасам, вялікім і таямнічым сусветам. І таму мне так захацелася назваць фестываль, зрабіўшы акцэнт на тым, што мы ўсе жывем на планеце Зямля і нейкім чынам звязаныя. У тым ліку існуе ўзаемасувязь і экалагічных праблем, напрыклад працэсы, якія адбываюцца зараз у Арктыцы, некалі адгукнуцца і ў нас.
— Што з сябе ўяўляе праграма фестывалю?
— Акрамя кінапраглядаў на фестывалі можна наведаць публічную лекцыю «Як правесці экалагічна прыязнае мерапрыемства», якая пройдзе 9 лютага.
Я сама арганізоўваю мерапрыемствы і вельмі часта задаюся пытаннем, наколькі яны ўсё ж экалагічныя? Якім чынам можна скараціць колькасць адходаў, якія выбраць матэрыялы, ежу, і як не нарвацца на «грынвошынг»? Пра ўсё гэта распавядзе экспертка Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык. Прычым прыклады будуць узяты з уласнага вопыту і абавязкова з карыснымі парадамі. Таму я раю ўсім, хто арганізоўвае мерапрыемствы рознай тэматыкі, абавязкова зазірнуць на лекцыю.
— А якога кшталту фільмы будуць прадстаўлены?
— Фестываль прадэманструе гледачам стужкі рознага хранаметражу і жанраў. Мне вельмі хацелася, каб госці маглі паглядзець розныя фарматы экакіно: поўнаметражныя дакументальныя фільмы з ЗША, Францыі, а таксама кароткаметражныя стужкі — анімацыю, дакументальныя і ігравыя — з Швейцарыі, Нарвегіі, Канады, Велікабрытаніі, Ганконгу, Іспаніі, Германіі, ЗША і Італіі.
На фестывалі мы пакажам таксама працы маладых беларускіх рэжысёраў, якія знялі ігравое кіно на экалагічную тэматыку. Пасля праглядаў у гледачоў будзе магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіі і абмеркаваць разам з рэжысёрамі, што такое экалагічнае кіно, як яго глядзець, ці цікава беларусам здымаць такога кшталту фільмы, якія тэмы іх асабліва хвалююць. Усё гэта можна будзе зрабіць 10 лютага.
— Геаграфія фестывальных стужак уражвае. Якім чынам адбываўся іх пошук і адбор?
— Усе фільмы шукала я са сваімі сябрамі па ўсялякіх магчымых каналах. Раіліся з паважанымі людзьмі, ці падабаецца ім тая ці іншая стужка. Працэс быў цікавым, і ў нейкім сэнсе — эксперыментам, бо мала было знайсці цікавую працу. Трэба было спісацца з рэжысёрам, распавесці яму пра Беларусь і ідэю фестывалю, упэўніць, чаму беларускаму гледачу варта паказаць яго фільм. Знаходзіліся і тыя, хто адгукаўся адразу і нават бясплатна даваў сваю стужку.
У першы год мы не размяшчалі «Планетарый» на спецыяльных платформах, куды фільммейкеры звычайна дасылаюць працы. Бо пакуль нам неабходна пазнаёміць міжнародных рэжысёраў з беларускім фестывалем. Пазней на яго таксама можна будзе дасылаць свае стужкі і загадзя прайсці адбор.
Напрыклад, фільм «Чалавек», з якога, бадай, усё і пачалося, мы атрымалі, калі ў пазамінулым годзе ў Мінск прыязджаў Ян Арцюс-Бертран, вядомы фатограф і рэжысёр нашумелага фільма «Дом». Па яго матывах зладжана фотавыстава, прысвечаная кліматычнаму саміту ў Парыжы. Менавіта тады ён сказаў, што нам абавязкова неабходна паказаць яго новую стужку «Чалавек», якая створана выключна для вялікага экрана. Ну, раз я абяцала яму, то трэба стрымаць слова... І паступова фестываль стаў абрастаць фільмамі.
— Ці ёсць у цябе любімы фільм з праграмы фестывалю?
— Я вельмі люблю ўсю атрыманую праграму «Планетарыя». Магу доўга расказваць пра кожны фільм. Але спынюся на «Анёл Азуль» («Angel Azul»).
Я вырашыла прывезці яго ў Мінск і паказаць на фестывалі адразу ж пасля прагляду трэйлера. Таямнічыя скульптуры пад вадой мяне проста зачаравалі. Затым я даведалася, што ў іх ёсць важная экалагічнае значэнне: гэта штучныя рыфы, якія дапамагаюць падтрымліваць жыццё рэдкіх відаў марскіх арганізмаў. Атрымоўваецца, парк з фігур створаны, каб паслабіць негатыўнае ўздзеянне паўмільёна турыстаў, якое аказваецца штодня на натуральныя рыфы ля берагоў Мексікі.
Пры гэтым кожную скульптуру ствараюць па вобразу жывога чалавека. Аднак як толькі яны апынаюцца на марскім дне, то пачынаюць «мутацыю», прымаючы неверагодныя формы, дзякуючы калейдаскапічнай разнастайнасці каралаў, што прымацоўваюцца да скульптур.
Падводныя фігуры распавядаюць цэлыя гісторыі, ад якіх вельмі цяжка адарвацца. Тут ёсць скульптуры людзей, што стаяць спінамі адзін да аднаго, трымаючыся за рукі, тых, што моляцца, дзяцей, якія гуляюць з жывёламі, скульптуры, якія адлюстроўваюць чалавечы натоўп, дзе людзі размаўляюць, смяюцца, сварацца, а ёсць і тыя, што прымушаюць задумацца пра праблемы чалавецтва і кожнай асобы ўвогулле.
— На твой погляд, усё ж якую нішу займаюць экафільмы ў кінематографе?
— У цэлым, сучасныя экалагічныя фільмы належаць да жанра edutainment — забаўляльнай формы, якая яшчэ і навучае. Тэматыка экалагічных стужак можа датычыцца праблем захавання лясоў ў Амазонцы, знікнення ляднікоў ў Арктыцы, гарадскога садаводства ці жыцця актывістаў, што абараняюць жывёл. Калі я пачала праглядаць такія фільмы, сама здзівілася разнастайнасцю фарматаў і тэм.
— Ці ёсць у фестываля каманда, і хто дапамагае табе з арганізацыяй?
— Пакуль «Планетарый» робіць невялікая каманда энтузіястаў, якія любяць кіно і жадаюць з яго дапамогай расказаць пра важныя тэмы, што звязаны з абаронай навакольнага асяроддзя.
Зараз да нас звяртаюцца валанцёры, якія хочуць дапамагаць і прымаць удзел у арганізацыі — гэта выдатна!
— А што наконт партнёраў?
— Мы хацелі максімальна прыцягнуць беларускія экалагічныя арганізацыі, бо якраз яны займаюцца вырашэннем актуальных праблем галіны. Таму ў нас атрымалася ўключыць лекцыю Наталлі Блышчык пра экалагічнасць мерапрыемстваў.
Яшчэ перамовы вяліся з арганізацыяй «Багна», якім прапанавалі падключыцца да фестывалю, бо фільм, што будзе адкрываць «Планетарый», — «Поры года», закранае тэму дзікай прыроды. Гэта напрамую датычыцца тэмы «Багны» , і чаму не можа быць цікавым? Такім чынам, з'явіўся дадатковы адукацыйны кантэкст, калі, акрамя прагляду, адбудзецца прэзентацыя паштовак з выявамі жывёл, пра якіх вядзецца гаворка ў стужцы. Тым больш што мноства кадраў было знята ў Белавежскай пушчы. Таму было б выдатна, каб людзі крыху больш даведаліся пра герояў стужкі.
— Наколькі я ведаю, гэта не першы твой вопыт арганізацыі кінафестываляў. Адкуль такі інтарэс да кіно?
— Арганізацыяй такіх мерапрыемстваў я займаюся ўжо на працягу некалькіх год у камандзе фестывалю кароткаметражнага кіно «Cinema Perpetuum Mobile». Гэта таксама незалежная ініцыятыва, якую робяць людзі, улюбёныя ў кіно. Яна праходзіць у Мінску ўжо 5 год, і аднойчы там быў прагляд на тэму аховы навакольнага асяроддзя. Я прыйшла да высновы: час рабіць асобны тэматычны кінафестываль, дзе можна паглядзець не толькі кароткі метр, але і паўнаметражныя фільмы, а таксама наведаць адукацыйныя мерапрыемствы.
У цэлым, мы вельмі радуемся, калі ў горадзе ці краіне з'яўляюцца новыя кінаініцыятывы, што аб'ядноўваюць вакол сябе людзей, апантаных гэтай ідэяй.