Не так даўно ў Беларусі жыхары магілёўскай шматпавярхоўкі знайшлі ў падвале янота, які гуляў з пластыкавымі бутэлькамі. Жывёлу пачалі падкормліваць, і яна нават прывыкла да людзей.
Аднак, калі за янотам прыехалі адмысловыя службы, аказалася, што гэта не янот, а нетыповы для Беларусі інвазіўны від – янотавідны сабака.
Зялёны партал распавядае аб тым, адкуль бяруцца інвазійныя віды і якую пагрозу яны нясуць мясцовай біяразнастайнасці.
Адкуль у Еўропе зялёныя папугаі і канадскія бабры
У многіх нямецкіх гарадах можна сустрэць зялёных папугаяў: і не, гэта не тыя папугаі, што выпадкова ўцяклі ад няўважлівых гаспадароў. Гэтыя птушкі цалкам асвоіліся і жывуць у гарадскім асяроддзі, амаль як галубы. Звычайны іх арэал пражывання – лес і саваны Паўночнай Афрыкі і Паўднёвай Азіі.
Тым ня менш, гэтыя віды аказаліся ўстойлівымі да еўрапейскага надвор’я. Часцей за ўсё папугаі жывуць у дуплах дрэў у гарадскіх парках, бо там цяплей.
Цікава, што зялёных папугаяў пачалі заўважаць на вуліцах нямецкіх гарадоў яшчэ ў 1980-х гадах. Вядома, тады яны не ляталі чарадамі, гэта былі толькі адзінкі.
Пра тое, адкуль яны з’явіліся на вуліцах, ёсць розныя версіі: па адной – папугаі ўцяклі з заапарка, па другой – з вальера гандляра птушкамі. Ішлі гады, птушкі размножыліся і адаптаваліся да новых умоваў так, што часам могуць супернічаць з галубамі.
Але папугаі – не адзіны нетыповы для еўрапейскай фауны від. У Еўропе таксама можна сустрэць янотавідных сабакаў, егіпецкіх гусей, амерыканскую норку, канадскага бабра. Усе яны былі калісьці завезеныя і паспяхова распаўсюдзіліся па кантыненце.
Дарэчы, з канадскім бабром улады многіх краін вядуць актыўную барацьбу, паколькі яны шкодзяць экасістэме. Адкуль у Заходняй Еўропе канадскія бабры – ясных адказаў вучоныя даць не могуць. Па адной з версій, бабры апынуліся ў гэтым арэале дзякуючы заапарку Люнебаха, які знаходзіцца ў Германіі. Там праходзіла праграма па размнажэнні і аднаўленні папуляцый баброў.
Янотавідныя сабакі распаўсюджваюцца па Беларусі
У Беларусі таксама з’яўляюцца інвазійныя віды жывёлаў, птушак і нават рыб.
Да прыкладу, янотавідны сабака быў завезены ў Беларусь у 1936 годзе. Тады папуляцыя складалася з 350 асобін, прывезеных з Дальняга Усходу і раўнамерна размеркаваных па тэрыторыі рэспублікі. Жывёла добра прыжылася, і яе колькасць пачала расці.
З таго часу янотавідныя сабакі распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Сёння іх папуляцыя ацэньваецца ў 8,5-9 тысяч асобін. Яны аддаюць перавагу лясным масівам, размешчаным побач з азёрамі і рэкамі, але часам, як бачым, заходзяць нават у гарады.
Янотавідны сабака есць усё, гэты від можа харчавацца як расліннай ежай, так і дробнымі грызунамі. Аднак, судзячы па гісторыі з Магілёва, яму цалкам падыходзяць і харчовыя адкіды
Дарэчы, у Беларусі жыве і блізкі родзіч янотавіднага сабакі – янот-паласкун. Гэты від трапіў у Беларусь у 1954 годзе з Азербайджана. Тады іх завезлі ў Прыпяцкі запаведнік.
Аднак, у адрозненне ад янотавіднага сабакі, янот-паласкун адаптаваўся не так добра, і фактычна амаль не сустракаецца ў дзікай прыродзе. Хутчэй за ўсё, прычына ў тым, што янот-паласкун менш устойлівы да суворых кліматычных умоваў, у адрозненне ад янотавіднага сабакі.
Не так даўно Зялёны партал распавядаў гісторыю амерыканскай норкі, якая фактычна выціснула мясцовую еўрапейскую, бо аказалася больш агрэсіўнай і, нягледзячы на сваё «заморскае» паходжанне, больш устойлівай.
Так, папугаі ў Беларусі пакуль не распаўсюдзіліся, але жыхары Слоніма, да прыкладу, якую зіму запар назіраюць у мясцовым парку за качкай-мандарынкай, якая ўжо пануе ў Еўропе, хоць яе звычайны арэал паходжання – Кітай, Дальні Усход і Усходняя Азія.
Інвазійныя віды – гэта праблема?
Згодна з дакладам ААН, глабальная эканоміка праз інвазійныя віды губляе больш за $ 423 млрд штогод. Больш таго, колькасць інвазійных відаў расце з кожным дзесяцігоддзем.
Інвазійныя віды ў Беларусі яшчэ не так распаўсюджаны, як у Заходняй Еўропе, і імавернасць убачыць янота, які шукае ежу на сметніку ў Мінску, – вельмі мала. Тым ня менш, пэўныя праблемы інвазійныя віды нясуць.
Напрыклад, янотавідны сабака стварае канкурэнцыю мясцовым драпежнікаў і можа пераносіць захворванні, уключаючы шаленства. А рост колькасці амерыканскай норкі ў Беларусі прывёў да значнага скарачэння колькасці мясцовай еўрапейскай норкі, аб чым ужо пісаў Зялёны партал.
Так ці інакш, глабалізацыя і развіццё міжнароднага гандлю прыводзяць да таго, што жывёлы, птушкі і расліны апынаюцца па-за звыклымі арэаламі пражывання, што, з аднаго боку, пагражае разнастайнасці, а з іншага – стварае новыя экасістэмы.