04.11.2016 / 19:11

6 лістапада Экалагічнаму таварыству «Зялёная сетка» спаўняецца 9 год з дня заснавання. За гэты час намаганнямі актывістаў былі рэалізаваныя дзясяткі кампаній, сотні акцый, праведзеныя канферэнцыі і адукацыйныя мерапрыемствы, створана цэлая валанцёрская служба. Аднак Зялёны партал не падводзіць вынікі, а папрасіў прыгадаць усіх, хто ўдзельнічае ў жыцці Зялёнай сеткі, вясёлыя і кур'ёзныя гісторыі з жыцця, каб разам пасмяяцца са сваімі чытачамі.

Як полацкія трубы сарвалі экафорум

У 2013 годзе павінны быў прайсці чарговы Форум экалагічных незалежных грамадскіх арганізацый, які на гэты раз вырашылі правесці ў славутым Полацку. І вось ўжо замовілі месца для сустрэчы, сталі запрашаць удзельнікаў, як раптам на офісе раздаецца тэлефонны званок і адміністратар мілым голасам паведамляе, што «на жаль, прыняць форум не змогуць, бо ў іх прадрала трубы...»

Спачатку супрацоўнікі Зялёнай сетцы збянтэжыліся: маўляў, ну, як жа такое можа быць? А пасля вырашылі пазваніць у гатэль і паспрабаваць замовіць нумары, ад люксу да эканомкласу. Тэлефанавалі па чарзе, і, як апынулася, замовіць можна было любы нумар на любы густ і фінансавыя магчымасці.

Яраслаў Бекіш: «Ці то так нехта расчышчаў тэрыторыю ад канкурэнтаў, ці то яны так рыхтаваліся да падпісання Пакта мэраў. Але факт у тым, што трубы ў іх тады прадрала роўна на дзве гадзіны».

Так, Форум экаНДА у Полацку і не адбыўся.

 

«Загуляліся ў дэмакратыю»

Марына Дубіна: «Аднойчы на круглым стале з рознымі чыноўнікамі прадстаўнік МінЖКГ пасля прэзентацыі аб практыцы ўдзелу грамадскасці ў  экапытаннях доўга цягнуў руку, а затым не вытрымаў і сказаў: «Можа, досыць ужо слухаць гэтую грамадскасць? Яны ўсё роўна супраць усяго і ўсе загуляліся ў дэмакратыю...»

 

Пра «безнадзейна» згублены тэлефон

Кожную восень-зіму адбываецца сустрэча таварышаў Зялёнай сеткі, на якую з'язджаюцца людзі з розных гарадоў, каб абмяняцца сваімі дасягненнямі і планамі на будучы год.

І вось на адну з такіх сустрэч, што звычайна праходзяць па-за Мінскам, Ірына Сухій вырашыла дабрацца на веласіпедзе. Кампанію ёй складалі Джон Росмэн і яшчэ пара веласіпедыстаў. Аднак на зваротным шляху недзе ў лесе яна згубіла свой мабільны тэлефон. Цёмна, надзеі знайсці аніякай.

Але выклікаўся дапамагчы Косця Чыкалаў. На наступны дзень з самага ранку ён паехаў шукаць тэлефон у лесе. І на здзіўленне і захапленне ўсіх — знайшоў!

 

«Дзяўчаты» «Зеленбуда»

У час Чэмпіянату свету па хакею Таварыства «Зялёная сетка» ладзіла акцыю ля Ратушы — «Выхадныя ў стылі ''эка''». Падчас яе ўсім жадаючым прапаноўвалася даслаць паштоўку з экапарадамі ў любую частку свету, пасядзець на жывым газоне і падумаць пра планету, а таксама пачаставацца веганскімі прысмакамі.

Хрысціна Чарняўская: «І вось уявіце сабе: у выхадны дзень, у час масавых гулянняў, вам трэба знайсці парковачнае месца ў самым цэнтры, з улікам, што палова стаянак перакрытая. А мая машына забітая рулонамі газона, сталамі, ралапамі... Спачатку я з Ганнай Дапшэвічуце нахабна спрабавалі сунуцца пад Ратушу, але адтуль нас ледзь не з матам прагнаў супрацоўнік ДАІ, нават слухаць не стаў...

Вырашылі шчыміцца на суседнюю паркоўку, бо разумелі, што іншых варыянтаў няма. А нам, дзвюм дзяўчынам, не перацягаць усе рэчы з аўто да пляцоўкі — трэба максімальна блізка да яе пад'ехаць. На здзіўленне, працаўнік паркоўкі нас пашкадаваў і прапусціў з умовай стаць так, каб нікому не перашкаджаць.

Пачынаем пераносіць рэчы, дакладней, перацягваць іх, бо нават не маглі сабе ўявіць, якія цяжкія рулоны газона. А па суседству з намі стаіць «козлік», у якім мужчына гартае нейкі часопіс...

І вось толькі мы расклаліся, селі перадыхнуць, як да нас падыходзіць той самы мужчына з «козліка» і пачынае распытваць, хто мы і што тут робім. Мы пачынаем яму расказваць пра Таварыства «Зялёная сетка», пра сутнасць акцыі, а ў адказ чуем: “А я гляджу, як вы тут усё гэта цягаеце, і думаю: “Нічога сабе дзяўчаты ў «Зеленбудзе» працуюць”. Як высветлілася, ён быў начальнікам АМАПу, што ахоўваў зону гасціннасці».

 

Амаль Дзень волі

Яраслаў Бекіш: «Раней КДБ блытаў нашу акцыю «Гадзіна Зямлі» з Днём волі. А пасля яго супрацоўнікі самі далучыліся і да гэтага часу адключаюць святло на гадзіну. Так калі-небудзь і на Дзень волі выберуцца».

 

Як запалілі каардынатара

Лістапад — месяц, насычаны ў Зялёнай сетцы днямі нараджэння. Адзін з іх — у Яраслава Бекіша, каардынатара таварыства. Па традыцыі у гэты дзень у офісе арганізоўваецца невялікі салодкі стол. Яшчэ па адной традыцыі ў лістападзе офісныя памяшканні ніколі не апальваюцца. Таму ўсе бясконца ставяць імбрыкі і карыстаюцца абагравальнікамі. З-за моцнай энерганапругі перыядычна выбівае пробкі.

Ганна Дапшэвічуце: «Мы нарэшце сабраліся ў агульным пакоі, каб павіншаваць Яраслава, як раптам чуем дзікі трэск у канцы калідора. Але асаблівага значэння яму не надаем, бо ўжо прывыклі да пастаяннага адключэння электрычнасці. І толькі сабраліся рэзаць торт, як на наш паверх забягаюць пажарныя і, здзіўленыя, крычаць: «Што вы тут робіце, хуценька на выхад!»

Літаральна за хвіліну мы збіраем рэчы і выбягаем з будынка. Апошнім быў Яраслаў. Вылятае, у адной руцэ ноўтбук, у другой — торт, пад нагамі круціцца яго сабака Янка. Смешна выглядала!

Каб дабро не прападала, вырашылі раскласціся проста на капоце аўтамабіля. Ідэальна падыйшла для гэтай справы машына Ірыны Сухій.

Так мы і павіншавалі нашага каардынатара, жартуючы, што пажарныя і шоу — гэта наш спецыяльны яму падарунак!

Вось толькі шкада, што віно мы тады не паспелі ўратаваць з офіса...»

 

Індыкатар экалагічнай актыўнасці — 56 хамячкоў

Кожны год Зялёная сетка запрашае маладых і апантаных экалогіяй прайсці Школу экалагічнага актывіста. Аднымі з яе трэнераў з'яўляюцца Яраслаў Бекіш і Кацярына Ганчарова.

Кацярына Ганчарова: «Неяк мы вялі разам трэнінг ШЭА першага ўзроўню. На пытанне «Які ў вас вопыт экалагічнай дзейнасці?» адна з удзельніц адказала так: "Я вырасціла і адпусціла 56 хамячкоў..."

Пасля яе слоў я гляджу на Яраслава, а на вочы наварочваюцца слёзы ад смеху, і бачу, што ён таксама пакрываецца плямамі. Арганізм патрабуе смяяцца напоўніцу, але ж нельга: мы — трэнеры, а гэта толькі знаёмства.

Таму мы далі ім заданне, а самі, сагнуўшыся ад хохату, хуценька выбягаем на вуліцу. Але самае забаўнае, што і ў мяне, і ў Яраслава перад вачыма была адна і тая ж карцінка: як 56 маленькіх хамячкоў з мяшэчкамі на пушыстых плечыках выходзяць з кватэры, пакуль дайшлі да першага паверха — іх ужо 84, дзверы пад'езда адчыняюцца, а там ужо 250 звяркоў, і на ганак вывальваецца хамячковая лавіна.

Вось жа якая экалагічная дзейнасць бывае!

Пасля гэтага мы дамовіліся разам больш трэнінгі не весці, бо столькі смяяцца нашыя арганізмы не прыстасаваныя».

 

Замест касы — рыдлёўка

Ірына Сухій: «Сабраліся неяк нашы «школьнікі» правесці перфоманс на пляцоўцы будучай АЭС. Зрабілі касцюм смерці, пазычылі касу і паехалі фатаграфавацца на фоне будаўніцтва станцыі. Але Яраслаў, які вёз касу, недзе заблудзіўся па дарозе. Мы не разгубіліся, знайшлі ў кагосьці рыдлёўку, і таму на ўсіх фотаздымках смерць стаіць з ёй у руках. Падаецца, атрымалася нават больш канцэптуальна».

Автор:
Фотограф:
Уласны архіў Зялёнай сеткі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость