07.02.2017 / 11:02

Нягледзячы на тое, што сталічны глядач даволі разбэшчаны разнастайнымі кінамерапрыемствамі, фестываль экалагічных фільмаў «Планетарый» праходзіць у Мінску ўпершыню. Невялікая і ўтульная зала кінатэатра «Піянер» мінулым вечарам ледзь змагла змясціць усіх жадаючых трапіць на першы прагляд — фільм французскіх рэжысёраў «Поры года».

А сёмай вечара хол кінатэатра паступова пачынае папаўняцца людзьмі: некаторыя адразу імкнуцца ў залу, іншыя з інтарэсам затрымліваюцца ля столікаў, на якіх акуратнымі стосікамі раскладзены крафтавыя кулёчкі.

«Пастарайцеся захаваць іх у холадзе да вясны... А пасля кіньце ў зямлю, дзе лічаце патрэбным, дзе, вам падаецца, не хапае зеляніны, ці пасадзіце ў вазон дома. Убачыце, як хутка ўзыдуць кветкі і будуць радаваць вас», — тлумачаць валанцёры прынцып «работы» экабомб, запакаваных у кулькі.

Разам з «бомбай» кожны мог атрымаць паштоўку з выявамі дзікіх жывёл, што насяляюць беларускія лясы, і кароценькай інфармацыяй пра іх. І ўсё гэта не проста так, бо менавіта жывёлы сталі галоўнымі героямі фільма «Поры года».

Па словах арганізатаркі падзеі кінафестывалю Аноры Лангар, стужка сапраўды вартая ўвагі. І невыпадкова, што дапамогу ў яе прадастаўленні аказала Амбасада Францыі.

«Фільм яшчэ зусім свежы, таму мне так хацелася, каб ён трапіў на наш фестываль. Акрамя гэтага, некаторыя сцэны здымаліся ў Белавежскай пушчы. У Польшчы прэм'ера стужкі ўжо адбылася. Мне падавалася несправядлівым, што беларусы пакуль не бачылі яе», — распавяла Анора на адкрыцці.

І з першых хвілін становіцца зразумелым, што арганізатары цалкам мелі рацыю, калі звярнулі ўвагу на «Поры года». Гэта не навуковая фантастыка, не дакументальнае павучальнае кіно, а высокамастацкая стужка, якая змагла змясціць у сабе ўсю эвалюцыю прыроды ў высакаякасных кадрах, што глядзяцца на адным дыханні. Бадай што сучасны гараджанін ужо не ведае такой дзікай прыроды, пра якую вядзецца гаворка ў фільме. Наўрадці, хтосьці нават задумваўся над тым, якія моцныя сацыяльныя сувязі існуюцць ў жывёл вякамі і як пагубна ўплывае на іх чалавек, перастрайваючы наваколле пад свае патрэбы.

«Поры года» абавязкова кране тых, хто шукае з прыродай сакральныя сувязі, і прымусіць задумацца над тым, наколькі справядлівы мы ў дачыненні да «нашых суседзяў па планеце».

«Мы ведаем, што, на жаль, не ўсе сёння змаглі трапіць на прагляд. Менавіта з гэтай мэтай фільм «Поры года» запушчаны ў пракат. Такім чынам, усе жадаючыя на працягу тыдня змогуць паглядзець яго ў кінатэатры ''Мір''», — падкрэсліла Анора ў сваёй прамове.

У наступныя два фестывальных дня — 7 і 8 лютага — мінчан чакаюць не менш захапляльныя фільмы: «Анёл Азуль» і «Чалавек»*, паказы якіх таксама пройдуць у кінатэатры «Піянер». На ўсе астатнія дні фестываль пераедзе ў прастору «Punkt», дзе адбудуцца: лекцыя пра тое, як арганізаваць экапрыязнае мерапрыемства, і прагляды кароткаметражных фільмаў ад беларускіх і замежных рэжысёраў.

  • Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Сачыце за праграмай фестывалю «Планетарый».

*Білеты на прыгляды фестывальных фільмаў у «Піянеры» можна атрымаць бясплатна ў касах кінатэатру ў дзень сеансу з 12.00.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость