07.04.2015 / 19:04

Малдаўскае чырвонае віно па 98 капеек выводзіць радыяцыю — такі міф быў папулярны ў моладзі 1986 года. Чым яшчэ засталася катастрофа ў памяці людзей, і якая тут роля грамадскіх навук? Адказ шукалі на круглым стале «Што далі і што могуць даць грамадскія навукі для разумення Чарнобыльскай катастрофы?», што прайшоў 6 красавіка ў Мінску.

300 даляраў за інфармацыю пра Халакост

Дык ці была катастрофа ў свядомасці грамадства? Нібыта так, але яна дагэтуль ў катэгорыі надзённага ў дзяржаве і мінулага — у гісторыі сем’яў. Чарнобыльскую праблематыку гісторыкам трэба распрацоўваць зараз — такое рэзюмэ далі даследчыкі на круглым стале. Цяпер трэба запісваць успаміны сведкаў, бо праз 20 гадоў можа быць позна.

«Каб не было, як з Халакостам: мы робім запыт у Вашынгтон аб інтэрв’ю пра тое, як у нас вынішчалі габрэяў, а яны кажуць: «Бліжэйшы архіў у Варшаве, каштуе 300 долараў». Такая можа быць сумная сітуацыя праз 20 год», — кажа кандыдат гісторыі Аляксандр Далгоўскі («Гістарычная майстэрня», Мінск).

І пры такой імавернасці Чарнобыль — нашае мінулае: «Зараз крыху менш, але агулам у грамадскай свядомасці трывалая асацыяцыя: Беларусь — гэта Чарнобыль, — кажа Таццяна Вадалажская, мадэратар і кандыдат сацыялагічных навук (Лятучы ўніверсітэт, Мінск). — А з іншага боку, мне складана сказаць, наколькі змены, якія адбыліся, асэнсаваныя намі».

Амаль не асэнсаваныя — з гэтым салідарны доктар сацыялогіі Андрэй Сцяпанаў (ЕГУ, Вільня): у 2010 годзе, калі ён скончыў працу над тэматычнай дысертацыяй, дужа не хапала даследаванняў на беларускай і рускай мовах… Затое знайшлося на нямецкай.

А мясцовыя працы 1990-х і 2000-х гадоў былі прысвечаныя экалогіі, эканоміцы, медыцыне і радыялогіі. «Было зусім невідавочна, чаму на канец 2000-х гадоў у Беларусі адсутнічала гісторыя Чарнобыля як катастрофы», — кажа Андрэй.

Праблема Гомельскай вобласці

«На гэта ёсць шэраг аб’ектыўных прычын: тэму цяжка гістарыязаваць, бо яшчэ жывыя сведкі. Гэта больш тэма для сацыёлагаў і палітолагаў», — мяркуе Аляксандр Далгоўскі. Напрыклад, у архіве яго запыту як гісторыка здзівіліся. Але грунт для працы гісторыкаў ёсць, хоць і невялікі: тры-чатыры складанкі дакументаў.

У большасць з іх слаба ўключаныя сацыяльныя ды палітычныя аспекты, і праблема паўстае не цэльнай, а як комплекс наступстваў, якія трэба пераадолець. «У Беларусі Чарнобыльская катастрофа ўспрымалася чыноўнікамі і людзьмі, якія пісалі да іх звароты, як рэгіянальная праблема Гомельскай вобласці», — кажа ён.

А самі дакументы па гісторыі катастрофы ў 1980-я гады былі засакрэчаныя. Зараз большасць з іх захоўваецца ў архіве «у вольным доступе, і на кожным, па якім трактар пакінуў вобласць, стаіць грыф «сакрэтна», кажа Аляксандр.

Ад кан'юнктурнасці да новай станцыі

З пазіцыі не гісторыка, а непасрэднага ўдзельніка ацэньвае сітуацыію Ірына Сухій, кіраўніца грамадскага аб’яднання «Экадом»: «Напачатку чарнобыльская тэма была вельмі кан'юнктурнай, моцна завязанай на гуманітарную дапамогу. Калі ў 1990-я гады «Экадом» рэгістраваўся, казалі: “Усё-усё рабіце, апроч Чарнобыля”».

Але мінула амаль 30 гадоў, і ўзвязку з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы тэма змяніла сваё значэнне: «У мяне было адчуванне, што гэтага не можа быць, таму што гэтага не можа быць ніколі: як толькі скажуць пра будаўніцтва АЭС, увесь беларускі народ ляжа ўпоперак рэек… І маўчанне. Нібыта не было катастрофы», — кажа Ірына.

Загадка для эколага, як жанчына, што скардзілася на адсяленне з Зоны, не дае дазвол на публікацыю інтэрв’ю (прыклад прывёў А. Далгоўскі), «бо муж уладкоўваецца ў Астраўцы», а гіпотэза — што людзі рэагуюць на праблему, як на надвор’е, з якім нічога не паробіш.

На думку Аляксея Крывалапа, кандыдата культуралогіі (ECLAB, Мінск), мае месца супакоенасць: «Аб тым, якая інфармацыя хаваецца і якая адкрываецца: пасля Чарнобыля на кожным гадзінніку ў публічнай прасторы ў Мінску паказвалі час, тэмпературу і радыяцыйны фон. І там заўсёды была норма».

Конкурс для аматараў вуснай гісторыі

Звязаць паралельныя сусветы навукі, грамадства і палітыкі арганізатары дыскусіі запрашаюць студэнтаў ВНУ, магістрантаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

«Беларускі архіў вуснай гісторыі» і МГА «Гістрыка» праводзяць конкурс даследчыцкіх прац «Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі». Тэрмін яго правядзення — з 15 красавіка да 15 кастрычніка 2015 года. Тэкст працы мусіць быць напісаны галоўным чынам на падставе вусных успамінаў.

Падрабязней пра конкурс можна даведацца на сайце.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, cdn.topwar.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость