07.08.2017 / 17:08

Сапраўдны непрыемны сюрпрыз падкінула надвор’е арганізатарам веладвіжу “Панаехалі”, які быў запланаваны на гэтую нядзелю ў Культ.цэнтры ''Корпус''. Відавочна, што гледзячы за вакно, раварысты не тое, што не імкнуліся адправіцца ў трып па горадзе на веласіпедзе, але не жадалі ўвогуле вылазіць з дому. Адважны Зялёны партал коратка прабегся па івэнце дзеля тых, хто не патрапіў на ''Панаехалі''.

Арганізатары веладвіжу “Панаехалі” запланавалі на нядзелю разнастайную праграму, але рэалізаваць атрымалася толькі тую частку, што не штурхала раварыстаў пад дождж.

Веларух адзін з тых накірункаў экапрыязнага жыцця, што з кожным годам у Беларусі набірае ўсё большыя абароты і бярэ новыя вяршыні. І задача арганізацый, якія займаюцца развіццём веласіпеднага транспарта ў горадзе, заключаюцца не толькі ў татальнай яго папулярызацыі, але і ў адаптацыі інфраструктуры пад патрэбы веласіпедыстаў.

Аднак многія ідуць яшчэ далей, і веласіпед для іх становіцца выдатным сродкам для падарожжа па свеце. Так, знешне сціплая і далікатная Вольга Ішына распавяла наведвальнікам веладвіжухі пра свой досвед падарожжа ў суровую Нарвегію. Дзяўчына акуратна расклала па палічкам падрыхтоўку, збор рэчаў, пералёт з веласіпедам на самалёце, а таксама падводныя камяні разнастайных стаянак і кемпенгаў у сваім трыпе.

Вядома, што вока адразу зачапілася за неверагодную прыроду Нарвегіі, фотаздымкамі якой Вольга багата аздобіла свой аповед.

«Я не люблю спяшацца, мне не лянота спыніцца і пафатаграфаваць наваколле», – каментуе яна здымкі.

У выпадку, калі на веласіпедзе вы адчуваеце сябе ўпэўненымі, але яшчэ не гатовыя да ўнушальных адлегласцяў – можна паспрабаваць начныя пакатушкі, пра што з захапленнем расказаў на імпрэзе Улад Пацкевіч. Інфармацыю пра кожны такі экстрымальны выезд можна шукаць у сацыяльных сетках, а таксама сачыць за аб'яўкамі ў Мінскага роварнага таварыства.

Ну і для тых, хто пакуль не ўмее трымаць раўнавагу на двух колах, але даўно перарос трохколавы веласіпед Мінскае роварнае таварыства прапануе бясплатныя заняткі па навучанню. Як гэта, наведвальнікі ''Панаехалі'' маглі паспрабаваць непасрэдна ў памяшканні Корпуса. Інструктары-валанцёры МРТ прывезлі з сабой веласіпеды і шустра бегалі па залі, прытрымліваючы вучняў, тлумачачы ўсе нюансы.

Па іх словах, людзі вучацца хутка, але не ва ўсіх атрымоўваецца пераадоліць псіхалагічны бар'ер. У такім выпадку веласіпедысты раяць не спыняцца на няўдачах і спрабаваць яшчэ і яшчэ.

Акрамя адукацыйна-забаўляльных пляцовак, сваё месца на мерапрыемстве знайшоў і “Белдзяржстрах”, які ўжо два гады мае цікавую прапанову для ўладальнікаў веласіпедаў – страхаванне велатранспарта ад крадзяжоў, пашкоджання маёмасці, у тым ліку трэціх асоб, і здароўя.

Такім чынам, няхай даждлівая надзеля і ўнесла свае карэктывы ў яркае свята веласіпедыстаў, але яно ні ў якім разе не перашкодзіла сустрэчы аматараў ездзіць з вецярком і апантанным велаактывістам.

 

Мерапрыемства праведзена пры падтрымцы Еўрапейскага звязу.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость