Медиа об экологии, экодружественном образе жизни и правах человека на здоровую окружающую среду. Мы верим, что с этим правом люди рождаются, но на протяжении всей жизни нам приходится защищать его. Мы заботимся о том, чтобы дышать чистым воздухом, есть безопасные продукты, вести экодружественный образ жизни, протягивать руку помощи животным и растениям и, в конце концов, оставить безопасную и чистую планету своим потомкам".
Зелёная премия — премия для медиа-профессионалов и создателей контента в социальных сетях за качественное освещение экологических проблем и путей их решения.
Як робіцца «выгадны атам»: разбор дзяржаўных мэсэджаў пра БелАЭС
БелАЭС у дзяржаўных медыях – гэта паўтор адных і тых жа лічбаў і аргументаў. Мы разабралі іх разам з экспертам – і высветлілася, што ўсё не так проста.
За апошнія два гады дзяржаўныя беларускія медыя – БелТА, ОНТ, СТВ, а таксама афіцыйныя рэсурсы – сістэмна фармуюць адзін і той жа набор пасылаў пра атамную энергетыку і Беларускую АЭС. Зялёны партал прааналізаваў 22 матэрыялы за 2023–2025 гады і вылучыў шэсць ключавых наратываў, якія паўтараюцца амаль без змен і нават з аднолькавымі фармулёўкамі.
Каб праверыць, наколькі гэтыя сцвярджэнні адпавядаюць рэальнасці, мы звярнуліся да супрацоўніка дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS і эксперта Альянса «Зялёная Беларусь» Яўгена Макарчука. Ён пракаментаваў кожны з наратываў – і ў многіх выпадках карціна аказалася значна складанейшай.
Скрыншот са старонкі sb.by
Наратыў 1: «Энергетычная бяспека і незалежнасць»
У дзяржаўных медыях БелАЭС падаецца як аснова энергетычнага суверэнітэту: маўляў, станцыя зрабіла Беларусь менш залежнай ад знешніх фактараў.
Часта гучыць: «умацавала энергетычную бяспеку», «забяспечыла незалежнасць», «Беларусь адмовілася ад імпарту электраэнергіі».
Аднак, як адзначае Яўген Макарчук, тут ёсць істотнае ўдакладненне, якое ў публічных матэрыялах звычайна апускаецца.
Сапраўды, Беларусь стала менш залежаць ад прыроднага газу – у энергетыцы з’явіўся яшчэ адзін від генерацыі. Але гэта дыверсіфікацыя па відах паліва, а не па краінах. Па пастаўшчыках залежнасць не змянілася: паліва, тэхналогіі і абслугоўванне АЭС – гэта Расія.
Тэза пра «адмову ад імпарту» таксама не зусім карэктная. Імпарт электраэнергіі спыніўся яшчэ ў 2018 годзе – за тры гады да запуску першага блока.
Да таго ж адсутнасць імпарту – не абавязкова плюс. Раней Беларусь магла купляць электраэнергію танней за мяжой і прадаваць, калі гэта выгадна. Цяпер такой гнуткасці няма: унутраныя магутнасці трэба загружаць, а экспарт у краіны Балтыі пасля запуску АЭС фактычна спыніўся.
У выніку, паводле эксперта, гэта хутчэй эканамічнае абмежаванне, чым прыкмета незалежнасці.
Наратыў 2: «Зэканомілі газ і грошы»
Дзяржаўныя медыя рэгулярна аперуюць аднымі і тымі ж лічбамі: колькі мільярдаў кВт·г выпрацавана, колькі газу «замясцілі» і колькі грошай «зэканомілі».
Напрыклад: «53 млрд кВт·г – мінус 14,5 млрд м³ газу і больш за $1,6 млрд эканоміі».
Як тлумачыць Макарчук, сама падача гэтых даных ужо ўводзіць у зман.
Па-першае, гаворка ідзе пра сумарныя паказчыкі «за ўвесь час». Яны выглядаюць уражальна, але не дазваляюць ацаніць эфектыўнасць. Карэктней глядзець гадавыя даныя.
Па-другое, улічваецца толькі «зэканомлены» газ, але ігнаруюцца выдаткі на саму станцыю.
«Гэта як сказаць, што ты зэканоміў на аўтобусе, бо паехаў на таксі», – тлумачыць эксперт.
Без уліку поўных выдаткаў – эксплуатацыі, абслугоўвання і іншых – сцвярджэнні пра «эканомію» некарэктныя.
Наратыў 3: «Чыстая энергія – чыстая экалогія»
БелАЭС падаецца як крыніца «чыстай» і «таннай» энергіі. У матэрыялах гаворыцца пра скарачэнне выкідаў – ад 7 да 26 млн тон.
Паводле Макарчука, тут змешваюцца два розныя аспекты.
З пункту гледжання выкідаў АЭС сапраўды з’яўляецца безвугляроднай крыніцай энергіі.
Але пытанне кошту – іншае. Улады не агучваюць поўны сабекошт. Паводле ацэнак, пра якія кажа эксперт, электраэнергія з АЭС каштуе каля 6 цэнтаў за кВт·г, з газу – каля 4.
Такім чынам, «чыстая» не значыць «танная».
Скрыншот з інтэрнэт-партала СНД
Наратыў 4: «Новыя тэхналогіі, галіны і кадры»
Яшчэ адзін папулярны наратыў – БелАЭС як сімвал тэхналагічнага скачка. Станцыю падаюць не проста як энергетычны аб’ект, а як драйвер мадэрнізацыі ўсёй краіны.
У матэрыялах гучаць такія фармулёўкі: «будаўніцтва АЭС вызначыла далейшае развіццё Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы… сфарміравана новая галіна эканомікі, створана… сістэма падрыхтоўкі кадраў». Таксама часта падкрэсліваецца, што сумесны праект з «Росатамам» даў краіне «унікальныя кампетэнцыі» і «тэхналагічны патэнцыял».
У выніку БелАЭС прадстаўляецца як своеасаблівая «фабрыка тэхналогій» і школа інжынераў. Аднак, як адзначае Яўген Макарчук, у гэтых сцвярджэннях ёсць важнае пытанне, якое амаль не ставіцца: што гэтыя тэхналогіі і кадры даюць эканоміцы ў шырокім сэнсе?
Так, новая галіна сапраўды з’явілася. Так, ва ўніверсітэтах з’явіліся новыя спецыяльнасці, падрыхтаваныя кадры. Але ключавы момант – маштаб і распаўсюд гэтага эфекту.
Па словах эксперта, атамная энергетыка – гэта вузкая высокаспецыялізаваная сфера, якая амаль не «разліваецца» ў іншыя сектары эканомікі. Спецыялісты, падрыхтаваныя для АЭС, з вялікай імавернасцю будуць працаваць толькі ў гэтай галіне і не будуць шырока пераносіць свае веды ў іншыя сферы.
Для параўнання Макарчук прыводзіць IT-сектар: развіццё IT-адукацыі дало эфект для ўсёй эканомікі: спецыялісты ішлі ў розныя галіны, аўтаматызавалі працэсы, павышалі эфектыўнасць бізнесу.
У выпадку з АЭС такога мультыплікатыўнага эфекту, паводле эксперта, чакаць не выпадае. Такім чынам, сам факт стварэння новай галіны – гэта плюс, але ён не з’яўляецца чымсьці выключным і не гарантуе шырокага эканамічнага росту.
Наратыў 5: «Электрыфікацыя эканомікі і побыту»
Асобны блок у дзяржаўных медыях – гэта гісторыя пра тое, як БелАЭС нібыта дала штуршок электрыфікацыі краіны.
У матэрыялах рэгулярна згадваецца: будоўля «электрадамоў» (звыш 2 млн м² жылля з электрычным ацяпленнем), рост колькасці электрамабіляў («больш за 44 тыс.»), развіццё інфраструктуры («1 870 зарадных станцый»).
Таксама падкрэсліваецца, што электраспажыванне вырасла – прыкладна на 6 млрд кВт·г за 5 гадоў – і гэта падаецца як прамы вынік запуску АЭС. Аднак, як адзначае Макарчук, тут важна задаць базавае пытанне:
«За кошт чаго адбываецца гэты “рост”?»
Па-першае, тарыфы на электраэнергію для насельніцтва не сталі ніжэйшымі пасля запуску АЭС. Гэта значыць, што рост попыту не з’яўляецца натуральным рынкавым эфектам. Па-другое, значная частка гэтага попыту стымулюецца штучна – за кошт дзяржаўных праграм і субсідый.
Напрыклад, тарыфы на электраэнергію для электраацяплення пакрываюць толькі каля 20% яе рэальнага сабекошту. А «электрадамы» будуюцца ў межах дзяржаўных праграм – не таму, што гэта эканамічна выгадна для рынку, а таму, што гэта палітычнае рашэнне.
Макарчук падкрэслівае: калі б АЭС не было, дзяржава магла б гэтак жа ўкладваць грошы ў стымуляванне электраспажывання – але не была б вымушаная гэта рабіць.
Скрыншот з Telegram-канала Міністэрства энергетыкі Беларусі
Наратыў 6: «Атамны рэнесанс і сусветныя прыклады»
БелАЭС часта ўбудоўваюць у глабальны кантэкст: маўляў, свет зноў «разварочваецца» ў бок атамнай энергетыкі, і Беларусь проста ідзе ў агульным трэндзе.
У матэрыялах гучаць такія сцвярджэнні:«раней Еўропа рабіла стаўку толькі на аднаўляльныя крыніцы, а цяпер там гавораць пра перавагі АЭС – з’явіўся нават тэрмін “рэнесанс атамнай індустрыі”». Таксама выкарыстоўваюцца агульныя аргументы кшталту: «у свеце працуе 416 рэактараў, і магутнасці будуць павялічвацца». Часта дадаецца і рэгіянальны кантэкст – што суседнія краіны нібыта «змянілі рыторыку» ў адносінах да атамнай энергетыкі.
У гэтым выпадку, як адзначае Яўген Макарчук, істотных супярэчнасцяў у самім факце няма: у свеце сапраўды ёсць краіны, якія развіваюць або пераглядаюць свае атамныя праграмы.
Аднак праблема – у спрашчэнні і абагульненні.
Напрыклад, сцвярджэнне пра тое, што Літва «змяніла пазіцыю», не адпавядае рэчаіснасці: Літва застаецца паслядоўным праціўнікам БелАЭС.
У цэлым жа, як падкрэслівае эксперт, такія прыклады часта выкарыстоўваюцца без кантэксту і нюансаў – каб падмацаваць галоўную думку: «усе вяртаюцца да атама – значыць, гэта правільны шлях».
Што у выніку?
Калі сабраць усе гэтыя наратывы разам, становіцца відавочна: дзяржаўныя медыя фармуюць даволі цэльную і паслядоўную карціну.
БелАЭС у гэтай карціне – адначасова і гарантыя незалежнасці, і крыніца эканамічнай выгоды, і экалагічнае рашэнне, і тэхналагічны прарыў, і драйвер развіцця эканомікі.
Гэты вобраз падтрымліваецца праз пастаяннае паўтарэнне адных і тых жа аргументаў і лічбаў: мільярды кубаметраў зэканомленага газу, мільярды долараў эканоміі, дзясяткі мільёнаў тон «зніжаных выкідаў».
Аднак, як паказвае разбор Яўгена Макарчука, за гэтымі сцвярджэннямі часта стаяць няпоўныя разлікі, спрошчаныя высновы або зусім іншая логіка, чым тая, што падаецца ў медыя. Недзе лічбы лічацца толькі з аднаго боку, недзе ігнаруюцца выдаткі, недзе эфект падаецца як натуральны, хоць ён дасягаецца праз субсідыі, а недзе глабальныя трэнды выкарыстоўваюцца без кантэксту.
У выніку атрымліваецца не столькі поўная карціна, колькі набор паўтаральных мэсэджаў, якія фармуюць патрэбнае ўяўленне пра «выгаднасць» і «бяспеку» праекта. І менавіта з гэтымі мэсэджамі – а не толькі з самой станцыяй – сёння даводзіцца працаваць і журналістам, і экспертам.