08.07.2018 / 22:07

Распаўсюд пластыку – адна з самых надзённых глабальных экалагічных праблем. Яго мікраэлементы знаходзяць у акіянах і марах, льдах Арктыкі, а таксама ў беларускіх азёрах і рэках.

Разам з морапрадуктамі пластык патрапляе ў нашыя арганізмы — і ўжо стаў устойлівай часткай харчовага ланцужка. Наўрадці вынаходнік пластмасы Лео Бакеланд мог ўявіць, што яго адкрыццё стане настолькі папулярным, каб за 100 год ператварыцца ў галаўны боль чалавецтва ХХІ стагоддзя.

Але на кожную праблему павінна знайсціся рашэнне, а лепей і не адно. У Беларусі паступова наладжвае цэнтралізаваны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў, праводзіць даследаванні ў галіне абыходжання з адыходамі і ладзіць шэраг цікавых ініцыятыў і стартапаў.

Адзін з такіх праектаў — мануфактура па перапрацоўцы пластыка Zaduma, якая ў 2017 годзе была адзначаная на сацыяльным конкурсе Social Weekend, а таксама сярод грамадзянскіх ініцыятыў "Зрабілі".

Менавіта Zaduma стала чарговым госцем праекта кафэ Monkey Food "Кухня 12 малпаў".

Па словах Светы і Вовы, сузаснавальнікаў ініцыятывы, яны стараюцца зрабіць Мінск пасапраўднаму чыстым праз збор і перапрацоўку пластыка, а таксама вытворчасць новых вырабаў з яго.

Ідэя такім чынам абходзіцца з другаснымі пластыкавымі рэсурсамі, што падлягаюць перапрацоўцы — не новая. Падобны праект прапанаваў галандскі распрацоўшчык, выклаўшы ў свабодны доступ чарцяжы свайго вынаходніцтва: машыны, якія дазваляюць плюшчыць пластык ці ператвараць яго ў тонкую нітку, і надалей ператвараць у разнастайныя вырабы па вашым гусце.

"Дзякуючы перамогам у некалькіх конкурсах, мы атрымалі падтрымку на арэнду памяшкання. Зараз праводзім там рамонт, паралельна робячы самі машыны. Акрамя таго, у нас ужо ёсць больш 30 пунктаў па збору пластыка, дзе раз на тыдзень мы яго забірам", — распавядае Вова.

Падтрымаць стартап узяліся сяброўскія НДА, арганізацыі, івэнт-прасторы, а таксама буйныя IT-кампаніі, дадае Света.

Для Zaduma у цэлым падыходзіць увесь той пластык, які сёння перапрацоўваецца ў Беларусі: бутэлькі, крышачкі з-пад іх, старыя цацкі з пластмасы, вёдры і каністры — так званы цвёрды пластык.

Па тэхналогіі яго будуць драбіць у шродэры, а затым ператвараць у жаночыя аксэсуары, кветкавыя гаршкі і вазоны, а таксама гарадскія лавачкі.

"Гэта мара замяніць лавачкі з драўлянымі сядушкамі на пластыкавыя — з матэрыяла, што ў большасці людзей ідзе на сметніцу, а адтуль патрапляючы на палігоны. Бо згодна дадзеным усяго 17 % пастыка ў нашай краіне перапрацоўваецца", — тлумачыць Света.

Да ўсяго ў самім горадзе ёй хочацца бачыць больш кантэйнераў для раздзельнага збора, каб яны проста стаялі паўсюдна і сабраныя другасныя матэрыялы з іх сапраўды адвозіліся на сартыровачныя станцыі і на перапрацоўку.

Бо на сённяшні дзень праблема са зборам відавочна і яе варта вырашаць на дзяржаўным узроўні. Толькі пры такіх ўмовах Мінск будзе пасапраўднаму чыстым горадам, лічыць Света.

Аднак, вядома, у пытання сартыроўкі і збора ёсць і іншы бок медаля — людзі, што сваімі ручкамі мусяць рэалізоўваць гэтыя працэсы.

"Вядома, тыя арганізацыі і ўстановы, што пагаджаюцца ўсталяваць нашы кантэйнеры для збора, — ужо крыху ў тэме дзеля чаго гэта і як, адсюль і жаданне падтрымаць ідэю няхай і не заўсёды з камфортам для сябе ж саміх. З новымі людзьмі яшчэ даводзіцца працаваць. Асабліва зараз, калі за вываз пластыка мы просім фінансавае пакрыццё такой паслугі. Так, даводзіцца сутыкацца з непаразуменнем, маўлям, мы вам і пластык, і заплаці яшчэ за яго. Мусім пастаянна тлумачыць, што ў любым выпадку самастойна вы наўрадці завязеце яго на сартыровачную станцыю ", — распавядае Света.

У цэлым жа тэма сартыроўкі і яе неабходнасці — тое з чым яшчэ трэба мэтанакіравана працаваць з нашым грамадствам, пакуль гэта не ўвойдзе ў звычку.

Света прыгадвае, як пабачыла раздзельны збор у кватэры знаёмага ў Германіі, дзе было ўсталявана аж пяць кантэйнераў. Дзяўчына прызнаецца, што напачатку гэта выклікала здзіўленне і нейкую збянтэжанасць, пакуль не ўвайшло ў звыклы рытм жыцця і разумення канчатковай мэты.

Паспрыяць укараненню добрай звычкі, вядома, могуць змяненне ў падыходах да абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, у тым ліку і іх утварэння, на дзяржаўным узроўні.

"Можна, напрыклад, забараніць пластыкавыя пакеты, каб іх не было ні платных, н бясплатных у крамах. А для прадуктаў прапанаваць выкарыстоўваць палатняныя мяшочкі і экаторбы. Можна скараціць аб'ёмы пластыкавых бутэляк — пакішуўшы толькі 0,5 і 1-літровыя. А каб людзі набывалі менш напояў у пластыку, арганізаваць больш месцаў з бясплатнай пітной вадой. Чым хутчэй такія пераўтварэнні пачнуцца — тым лепей", — кажа Вова.

"Гэта вельмі доўгатэрміновы працэс, на жаль, бо перастаноўка і адмова ад чагосьці звыклага і зручнага — адбываецца марудна. Павінны быць адукацыйныя праграмы, якія б падтрымліваліся дзяржаўнымі інстытуцыямі: ад школы да працы. Яно, зразумела, будзе патрабаваць большых намаганняў, чым адначасовая забарона пакетаў і пошук альтэрнатыўных варыянтаў", — падхоплівае Света.

Між тым, Свету і Вову цешыць вялікая колькасць экалагічных ініцыятываў, якія працуюць на перспектыву. Адну з першых актывісты адзначаюць кампанію "My cup, please!", называючы яе найпрасцейшай у плане сэнсавага пасылку — "проста не бяры аднаразавую шкляначку, проста не бяры яе!"

Паспяховай таксама лічаць "Торба шоў", якая праводзяць шмат майстар-класаў па пашыву шматразовых тэкстыльных сумак, прасоўваючы ідэю адмовы ад пластыкавых пакетаў.

У цэлым шмат у накірунку адукацыі і асветы, прасоўвання экапрыязнага ладу жыцця робіць установа "Цэнтр экалагічных рашэнняў", якая ў свой час паспрыяла карыснымі кантактамі і знаёмствамі для Zaduma.

 

Меню ад Zaduma:

Халаднік:

  • 2 сярэдніх бурачкі;
  • 2 сярэднія морквіны;
  • 5 сярэдніх бульбін;
  • свежая зеляніна на ваш выбар і густ;
  • 200 г тофу.

Нарэзаць бурачкі і моркву саломкай, адварыць у падсоленай вадзе. Сцадзіць адвар, дадаўшы солі і перцу па смаку, пакінуць астываць. Ачысціць бульбу і адварыць, нарэзаць кубікамі. Дробна парэзаць тофу і ўсю зеляніну. Пры падачы парцыйна змяшаць гародніну, зеляніну і тофу, заліць халодным адварам.

 

Намазка з фасолі:

  • шклянка сухой фасолі;
  • 2-3 сярэднія цыбуліны;
  • 3 зубчыкі часнаку;
  • соль і чорны молаты перац;
  • алей.

Фасолю прамыць і замачыць на 8-12 гадзін. Затым набрынялую фасолю варыць на невялікім агні да мяккасці ля 1 гадзіны. Як толькі яна будзе гатова, большую частку вады трэба зліць, пакінуўшы з палову шклянкі адвара, які спатрэбіцца для прыгатавання фасолевага пюрэ. Да "ўзбітай" фасолі дадаць пасмажаную цыбулю, дробна нарэзаны часнок. Пасаліць і прыправіць. Масу добра вымяцаць. Намазку можна падаваць у цёплым ці халодным выглядзе, намазаўшы на хлеб ці крэкеры.

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская. Відэа: Аляксандр Лібертад
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость