Калі хтосьці прывозіць сабаку яду, то пакідае яе на зямлі і ад’язджае. Толькі пасля гэтага жывёла падыходзіць да яе.
Распавядае сястра Марына Ескевіч, якая служыць у кляштары ў Параф’янаве:
— Людзі кажуць, што бачылі, як гаспадар быў выкінуў гэтага сабаку з машыны. Але ён застаўся верным свайму гаспадару. Сустракае ўсе машыны і глядзіць вадзіцелям у вочы. Людзі яго кормяць, але блізка да сябе жывёла нікога не падпускае, гаўкае.
Па словах сястры Марыны, хтосьці даў быў абвестку ў інтэрнэце, каб гаспадар забраў сабаку. І той нібыта прыязджаў, але жывёлы на той час не было. Бо калі раней ён кожны дзень стаяў на дарозе, то зараз часамі знікае. Але потым з’яўляецца зноў.
— Усе ў нас пра яго ведаюць, і ўсе яму спачуваюць, — кажа сястра Марына. — І дарослыя, і дзеці, нават п’яніцы — усе любяць гэтага сабаку за яго вернасць.
Хочацца спадзявацца, што гаспадар прачытае гэты артыкул і яшчэ раз прыедзе, каб забраць свайго сябра, які вось ужо пяты год яго чакае.