Большую частку лясоў Беларусі гэтым летам было забаронена наведваць з-за «пагрозы пажараў». Адзінай крыніцай інфармацыі аб тым, што сёння адбываецца з беларускімі лясамі, сталі дзяржаўныя ўстановы.
Недахоп інфармацыі, нават той, што даюць афіцыйныя ўлады, а таксама немагчымасць яе спраўдзіць праз незалежныя крыніцы, дае высновы для чутак. Напрыклад пра тое, што большая частка беларускіх лясоў ідзе пад сякеру. Раней такім маніторынгам займаліся міжнародныя сертыфікатары, напрыклад, FSC і ASI. Але ж пасля пачатку ўварвання ва Украіну расейскіх войскаў, яны сыйшлі з Беларусі і Расіі.
Як паўплываў сыход FSC і ASI на беларускія лясы
Пра тое, чым займаўся ў Беларусі Forest Stewardship Council, Зялёны партал ужо пісаў. Арганізацыя не толькі выдавала сертыфікаты на драўніну, што дазваляла легальна гандляваць ёю з іншымі краінамі, але і сачыла за тым, каб лесагаспадарчая дзейнасць была ўстойлівай, каб высяканне дрэў не ўплывала на стан лясоў, а кампенсацыйныя пасадкі не прыводзілі да таго, што гаі і бары станавіліся монакультурнымі плантацыямі.
Лясгасы былі зацікаўленыя ў атрыманні сертыфікатаў, бо гэта спрашчала гандаль лясамі і было падставай для гонару. Назіральнікі-сертыфікатары прыязджалі да нас з іншых краін, таму сам аўдыт мог стаць пляцоўкай для абмену досведам. Для грамадзян такая сертыфікацыя давала магчымасць удзельнічаць у пытаннях кіравання лесагаспадаркай, выказаць свае заўвагі наконт працы лясгасаў. Можна казаць, гэта быў добры механізм незалежнага маніторынгу стану лясоў.
У сакавіку 2022 года FSC, а таксама другі сертыфікатар ASI, асудзілі ўварванне Расіі ва Украіну і вырашылі прыпыніць сваю дзейнасць як у краіне-агресары, так і ў Беларусі, улада якой падтрымала вайну.
FSC пакінуў магчымасць атрымліваць сертыфікаты адказнага лесакіравання, але ж выключыў верагоднасць атрымання сертыфікатаў на ланцугі паставак. Гэта значыць, спыніў магчымасць Беларусі легальна гандляваць лясамі пад знакам якасці FSC. Што аўтаматычна зачыніла для беларускай драўніны большасць міжнародных рынкаў.
Відавочна, што сыход FSC — дрэнная навіна для беларускіх лясоў. Лясгасы па-ранейшаму маюць магчымасць атрымліваць сертыфікаты, каб беларускія лясы лічыліся ўстойлівымі, а лесагаспадарка — адказнай, але ж зараз яны не маюць эканамічнага стымулу да гэтага. Таксама незразумела, як у такой сітуацыі будзе праходзіць сам маніторынг адпаведнасці дзейнасці патрабаванням.
Такім чынам, у сённяшняй палітычнай сітуацыі міжнародная сертыфікацыя лясоў Беларусі фактычна спыненая. Ніхто з кампаній, якія турбуюцца аб сваёй рэпутацыі, купляць беларускую драўніну, хутчэй за ўсё, не будзе. Што, на жаль, адчыняе дзверы для продажу лесу неафіцыйна і супярэчыць самой логіцы ўстойлівай і адказнай лесагаспадаркі.
Пайшлі чуткі аб тым, што ўлады Расіі і Беларусь намагаюцца прызнаць нацыянальныя сертыфікаты адзін аднаго. Насамрэч гэта шлях да інтэграцыі беларускай драўніны ў расійскую сістэму электроннага маніторынгу «ЛесЕГАИС». Нібыта гэта мусіць спрасціць гандаль драўнінай з Кітаем і краінамі Азіі. Але ж улічваючы, колькі ў Расіі выяўлялася і працягвае выяўляцца нелегальных вырубак, гэтая сертыфікацыя будзе граць толькі сымбалічную ролю і, хутчэй за ўсё, ніяк не паўплывае на развіццё адказнага падыходу да лясоў.
Незалежныя прыродаахоўныя арганізацыі больш не могуць рэалізоўваць праекты ў Беларусі
Беларускія лясы патрабавалі і патрабуюць міжнароднай дапамогі, якая б фінансавала рэалізацыю прыродаахоўнай дзейнасці. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць сумесных праектаў, удзельнічаць у якіх заўжды намагалася Міністэрства лесагаспадаркі.
Так, напрыклад, у 2018 годзе World Bank выдаткаваў 14 мільёнаў еўра на тое, каб праз развіццё сеткі прыродаахоўных тэрыторый і адказных практык гаспадаркі беларускія лясы сталі больш устойлівымі да змены клімату і анамальных з’яў надвор’я.
Вялікую ролю ў рэалізацыі міжнародных праектаў гралі грамадзянскія экалагічныя і прыродаахоўныя арганізацыі. Іх удзел быў гарантам таго, што грошы пойдуць сапраўды на дапамогу беларускім лясам, а не асядуць у кішэнях чыноўнікаў.
Але ў 2021 годзе амаль усе прыродаахоўныя і экалагічныя арганізацыі Беларусі былі ліквідаваныя. Адной з апошніх, хто прайшоў шляхам прыпынення афіцыйнай дзейнасці, стала старэйшая прыродаахоўная арганізацыя Беларусі — «Ахова Птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
У жніўні 2021 года ў арганізацыі прайшлі ператрусы, быў затрыманы Віктар Фянчук, былы дырэктар АПБ, які сумесна з Франкфуртскім заалагічным таварыствам дапамагаў у рэалізацыяй праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў». Таксама ён займаўся аднаўленнем гідралагічнага рэжыму ў Белавежскай пушчы , быў кіраўніком «Воўчага блога».
Сёння Фянчук прызнаны палітвязнем і знаходзіцца за кратамі па артыкуле «аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак». Яму прысудзілі 2 гады 6 месяцаў калоніі.
У тым жа годзе было абвешчана аб пачатку працэдуры ліквідацыі арганізацыі. Падставай для ліквідацыі стала выкарыстанне ў сацыяльных сетках АПБ хэштэга #птушкізнародам, а таксама арышты ўдзельнікаў арганізацыі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Сёння частка былой каманды АПБ працягвае сваю працу пад назвай Дзікая прырода побач. Але ж зразумела, што пасля ліквідацыі арганізацыі рэалізоўваць вялікія прыродаахоўныя праекты немагчыма.
У сённяшніх палітычных умовах весці любы грамадзянскі незалежны маніторынг лясоў Беларусі небяспечна. За актывізм людзей могуць прыцягнуць нават да крымінальнай адказнасці. Так, напрыклад, адзін з удзельнікаў ініцыятывы «Зялёны дазор», экалагічны актывіст Павал Наздра, быў затрыманы ў траўні 2022 года і асуджаны ў верасні гэтага года на два гады калоніі.
Усё гэта негатыўна паўплывала на сітуацыю з беларускімі лясамі. Многія прыродаахоўныя праекты ў гэтым накірунку былі спыненыя ці пастаўленыя на паўзу. Так, напрыклад, праца па праекту «Палессе — дзікая прырода без межаў» больш не вядзецца . Тлумачыцца гэта як рэпрэсіямі супраць грамадскіх арганізацый, так і мілітарызацыяй поўдня краіны. Зразумела, што пасля падтрымкі ўварвання не жадае супрацоўнічаць з Беларусью і Ўкраіна.
Што кажуць афіцыйныя ўлады?
У канцы верасня ў інтэрв'ю дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БЕЛТА міністр лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік распавёў, што, нягледзячы на перашкоды, лесагаспадарчая дзейнасць у Беларусі працягвае развівацца.
Галоўнымі цяжкасцямі ён назваў санкцыі і выкліканыя зменай клімату анамальныя з’явы надвор’я. Так, ён узгадаў бураломы і ветравалы, якія адбыліся на Магілёўшчыне ў траўні бягучага году. З імі лесагаспадарка намагаецца справіцца, складанасць выклікаюць толькі забалочаныя тэрыторыі, дзе не могуць працаваць ані людзі, ані тэхніка.
Што датычыцца санкцый, то тут Кулік заявіў, што Беларусь знайшла механізмы, як перанакіраваць сваю драўніну на іншыя рынкі. Але ж міністр падкрэсліў, што зацікаўленасць Беларусі ў еўрапейскіх рынках застаецца высокай. Таксама ён нагадаў пра «беларускія пелеты», якія нібы з прычыны таннасці і якасці змогуць выратаваць тую ж Еўропу ад халоднай зімы.
Аляксандр Кулік у сваім інтэрв'ю знайшоў шмат станоўчых з'яваў у сённяшняй лясной гаспадарцы. І развіццё тэхнічнага парку, і пакрыццё 73% плошчы краіны сістэмай пажарнага маніторынгу. Але ж праверыць ягоныя словы нельга. На жаль, нічога не было сказана пра прыродаахоўную дзейнасць.
Так, напрыклад, Кулік заяўляе, што ў 2020 годзе ў Беларус «благодаря механизации… вышли на объем заготовки древесины … в 22 млн куб. м». Што нібыта «позволяет полностью обеспечить потребности перерабатывающих предприятий республики в необходимом сырье».
Па дадзеным Белстата у 2018 годзе аб’ём нарыхтаванай драўніны складаў 28 мільёнаў кубаметраў, з якіх каля 16 млн — была дзелавая драўніна, а каля 12 млн — дравяная. Патрэбы ўнутранага рынка па афіцыйным дадзеным складалі тады 26 млн, а на экспарт ішло толькі 235 тысяч кубаметраў.
Зразумела, што ў гэтыя ўнутраныя патрэбы таксама ўлічаны запыт дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая таксама працавала на экспарт. Можна выказаць здагадку, што пасля ўвядзення санкцый патрэбы у драўніне скараціліся, бо няма куды прадаваць. Таму з 28 мільёнаў аб’ёмы знізіліся да 22 мільёнаў. Але ж гэта дрэнны знак для лесагаспадаркі, якая, як прамысловасць, знаходзіцца на самазабеспячэнні.
Такім чынам словы Куліка гавораць аб скарачэнні аб’ёмаў афіцыйнай лесанарыхтоўкі амаль на траціну. Акрамя таго, тут трэба дадаць, што тэхнічная мадэрнізацыя, пра якую распавядае міністр лясной гаспадаркі, адбывалася за кошт міжнародных арганізацый (перш за ўсё, Сусветнага банку) . Зразумела, што без такой падтрымкі лесагаспадарцы Беларусі будзе складана захаваць устойлівае развіццё.
Што чакае беларускія лясы ў будучыні?
Вялікім дасягненнем беларускай лесагаспадаркі лічыцца стварэнне банкаў насення і сеткі гадавальнікаў раслін. Гэта гонар і прамысловасці, і міністра Куліка. Сапраўды, лясоў у Беларусі высаджваюць шмат. Напрыклад, зараз, з 8 па 22 кастрычніка, праходзіць акцыя «Аднавім лясы разам!» Але ж, на жаль, няма статыстыкі, як гэтыя акцыі насамрэч дапамагаюць лясам: колькі саджанцаў дажывае да сталага ўзросту, ці не спрыяюць гэтыя акцыі развіццю монакультурных лясоў, якія першымі пакутуюць ад змены клімату і анамальных з’яваў надвор’я.
Штучныя лясы па афіцыйным дадзеным сёння складаюць каля траціны ўсіх тэрыторый і, улічваючы актыўныя пасадкі апошніх гадоў, іх колькасць будзе толькі павялічвацца. Зразумела, ўсё гэта нядрэнна, але ці будзе суправаджацца навуковай працай, якая павінна рэалізоўвацца на міжнародным узроўні?
Так, зараз адбываецца змена клімату, на поўдні Беларусі ўтвараецца чацвёртая кліматычная зона, ёсць складанасці з гідралагічным рэжымам таго ж Палесся, што непасрэдна ўплывае на развіццё лясоў.
Міністэрства лясной гаспадаркі таксама лічыць галоўнай пагрозай для лясоў змену клімату і выкліканае ім анамальнае надвор’е. Па яго дадзеным, 80% усіх незапланаваных страт лесу — гэта неспрыяльныя ўмовы надвор’я, і толькі 12% — хваробы, а 5% — пажары, якія таксама звязаныя са зменай клімату.
Але ж зразумела, што праводзіць арыентаваныя на адаптацыю і мітыгацыю мерапрыемства магчыма толькі ў межах міжнароднай супрацы. Перш за ўсё яна павінна рэалізоўвацца з нашымі паўночнымі і паўднёвымі суседзямі, бо змена кліматычных зон ідзе па гэтай вертыкалі. Але ж чым больш міжнароднага досведу будзе атрымліваць беларуская лесагаспадарка — тым будзе лепш. Зараз яна знаходзіцца ў ізаляцыі. Больш за тое, яна страціла такі рухавік актыўнасці як грамадская супольнасць.
Калі сітуацыя не зменіцца, беларускія лясы перастануць развівацца як устойлівыя і адказныя. Гэта можа прывесці да таго, што мы страцім вялікія абшары тэрыторый, якія па-ранейшаму будуць высякацца, але ж на кампенсацыйныя пасадкі спадзявацца будзе небяспечна.
З іншага боку, развіццё ізаляцыі лесагаспадаркі прывядзе да таго, што сектар сутыкнецца з эканамічнымі складанасцямі, выкліканымі як абмежаваннем экспарту, так і адсутнасцю міжнароднай фінансавай дапамогі. Што толькі справакуе развіццё ценявых механізмаў, такіх як «чорныя высечкі» ці продаж той жа тэхнікі, набытай за грошы Сусветнага банку.
Трэба яшчэ раз падкрэсліць вялікую ролю прыродаахоўнай дзейнасці, якая дапамагае лясам развівацца як здаровай і ўстойлівай экасістэме. Менавіта таму шмат еўрапейскіх краін і прыватных уладароў лясамі ўкладаюць грошы ў развіццё прыродаахоўных праектаў, бо яны дапамагаюць змякчыць наступствы змены клімату, з’яўляюцца даследчымі пляцоўкамі, на якіх праводзяць маніторынгі для пошуку аптымальных рашэнняў. Прыродаахоўныя тэрыторыі — як прышчэпка, якая робіць лясы больш здаровымі ды ўстойлівымі.
Зразумела таксама, што без грамадскай і міжнароднай дапамогі рэалізоўваць прыродаахоўную дзейнасць у Беларусі будзе складана. Тыя ж нацыянальныя паркі ці запаведнікі існуюць, шчыра кажучы, за кошт турыстаў, якія прыязджаюць дакрануцца да дзікай прыроды, а таксама з дапамогай міжнародных праектаў.
Развіццё беларускіх лясоў сёння знаходзіцца ў складаным стане. Калі б іх зусім пакінулі без людской дзейнасці, то гэта было б добра: экасістэма хутка знайшла б рашэнні, як абараніць сябе ад змены клімату. Але ж зразумела, што гэта немагчыма. Лесагаспадарка будзе працаваць далей. На жаль, у сітуацыі палітычнай ізаляцыі і без грамадскай падтрымкі беларускія лясы ўсё больш будуць станавіцца Terra incognita, дзе магчыма амаль усё.