13.04.2026 / 07:04

Улады Беларусі нагадалі: усе нетры і карысныя выкапні належаць дзяржаве, а за самавольную здабычу пяску, гліны ці іншых матэрыялаў пагражаюць штрафы.

У дзяржаўных медыях гэта падалі як абарону нацыянальных рэсурсаў. Разбіраемся, чаму тэма зноў узнікла цяпер і дзе тут экалогія.

 

Пра што заявіла Мінпрыроды

У пачатку сакавіка Мінпрыроды паведаміла, што Беларусь не мае багатай мінеральнай базы, таму кожны рэсурс знаходзіцца пад строгім улікам дзяржавы.

Да стратэгічных багаццяў аднеслі калійныя солі, каменную соль, торф, нафту, а таксама будаўнічыя матэрыялы — пясок, гліну, мел і вапняк.

У ведамстве падкрэслілі: нават здабыча «пяску на дачу» без дазволу можа лічыцца парушэннем.

За гэта прадугледжаныя штрафы: для фізічных асоб — да 30 базавых велічынь (каля 1350 рублёў), для ІП — да 100 базавых (да 4500 рублёў), для юрыдычных асоб — да 300 базавых (да 13 500 рублёў)

Пасля гэтага заяву масава перадрукавалі дзяржаўныя СМІ.

 

Чаму пра гэта загаварылі цяпер

Сам закон не новы. Адказнасць за незаконную здабычу карысных выкапняў існавала і раней. Але раней, паводле слоў людзей, якія сутыкаліся з гэтым на практыцы, такія нормы прымяняліся значна радзей.

Мы пагаварылі з жыхаром Беларусі, які займаецца будаўніцтвам і выкарыстоўваў пясок для ўласных патрэб.

«Раней таксама маглі аштрафаваць, але гэта здаралася рэдка і звычайна за вялікія аб’ёмы. Цяпер выглядае так, што дзяржава проста шукае новыя крыніцы даходаў», — кажа ён.

Паводле яго слоў, у апошні час мясцовыя ўлады актыўна праводзяць рэйды і штрафуюць не толькі за пясок, але і за парушэнні ў добраўпарадкаванні ўчасткаў.

Ён таксама звяртае ўвагу на рост коштаў будаўнічых матэрыялаў.

«Раней 20 тон пясчана-жвіровай сумесі каштавалі каля 300 рублёў. Цяпер адна тона — каля 19 рублёў», — кажа суразмоўца.

 

А дзе тут ахова прыроды?

Эколаг, з якім пагаварыў «Зялёны партал», кажа: дзяржава сапраўды мае права рэгуляваць выкарыстанне нетраў. Але гэта не толькі пытанне штрафаў і продажу рэсурсаў.

«Выключнае права дзяржавы на нетры — гэта яшчэ і адказнасць за іх захаванне, аднаўляльнасць і ўплыў на экасістэмы. Нетры — частка навакольнага асяроддзя, а не толькі тавар», — адзначае эксперт.

Паводле яго слоў, ад Мінпрыроды лагічна было б чакаць акцэнту на шкодзе ад бескантрольнай здабычы для прыроды, а не толькі на санкцыях.

«Калі гаворка ідзе пра маштабную здабычу каля рэк, азёр або ў ахоўных зонах — гэта сапраўды праблема. Але вядро пяску, узятае не ў прыбярэжнай зоне, наўрад ці мае прыкметны экалагічны эфект», — кажа ён.

 

Як адрэагавалі людзі

У сацыяльных сетках заява выклікала хвалю іроніі і абурэння. Карыстальнікі пісалі:

«Трава мая, бульба мая, а пясок ужо не»

«Хутка паветра ліцэнзаваць будуць»

«Калі дзіця капае ў пясочніцы — гэта ўжо здабыча карысных выкапняў?»

 

Ці можна атрымаць дазвол законна

Мы паспрабавалі разабрацца, як звычайнаму чалавеку атрымаць дазвол на здабычу невялікай колькасці пяску для асабістых патрэб.

На практыцы зрабіць гэта амаль нерэальна. Простага і зразумелага механізму для грамадзян няма.

Фактычна застаецца адзін шлях — купляць матэрыял у афіцыйных пастаўшчыкоў. Для бізнесу працэдура значна складанейшая: узгадненні, пошліны, у асобных выпадках аўкцыён. 

За самавольную здабычу пяску ў Беларусі прадугледжаныя штрафы
За самавольную здабычу пяску ў Беларусі прадугледжаныя штрафы

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость