Існуе верхні ўзровень дамоўленасці ў Парыжскім пагадненні — 2 градусы. Але і яны з'яўляюцца паўсправай, бо важны момант заключаецца ў дасягненні нулявога ўзроўню антрапагенных выкідаў у другой палове стагоддзя. У самы бліжэйшы час краіны павінны прадставіць план па дасягненні гэтай глабальнай мэты. Датычыцца гэта ўсіх — развітых і развіваючыхся краін, што мусяць выйсці на пік выкідаў, а пасля паступова зніжаць іх.
Бізнэсу на традыцыйных крыніцах энергетыкі прыходзіць канец
І каб утрымацца ў межах 2 градусаў, неабходна адмовіцца ад спальвання выкапнёвага паліва, заяўляе эксперт. Аднак субсідыі ў традыцыйныя віды энергетыкі штогод складаюць ля 5 трыльёнаў даляраў, у тым ліку за кошт праблем са здароўем, якія ўзнікаюць з-за забруджвання наваколля. Вядома, «зэканомленыя» сродкі варта ўкладаць у «зялёныя» крыніцы энергетыкі, што ўжо ў некаторай ступені адбываецца. І, як не дзіўна, калі на пачатку гэтыя працэсы праходзілі ў развітых краінах, то ў апошнія гады ў накірунку развіцця альтэрнатыўных крыніц ідзе Кітай.
«Сёння лідарам па вытворчасці сонечных панэляў, ветравой энергіі з'яўляецца менавіта Кітай, а не Еўропа», — кажа Міхаіл Юлкін.
Па яго словах, тыя, хто лічыць, што змогуць «пасябравацца» з КНР на фоне вугля ці газа, займаюцца самападманам. Гэтая ўсходняя краіна можа выкарыстоўваць традыцыйныя крыніцы ў якасці рэзервовых. Тым больш што танней выкапнёвае паліва не стане, з улікам вычарпальнасці рэсурсаў і дарагой здабычы. У той жа час тэхналогіі аднаўляльнай энергетыкі пастаянна развіваюцца.
Напрыклад, сёння можна накрыць дом сонечнымі панэлямі, і энергія, здабываемая імі, нічога не будзе каштаваць спажыўцам, бо ўжо ўвайшла ў кошт будынка.
Па ўсім гэта выдатны фактар для таго, каб аднаўляльныя крыніцы пастаянна станавіліся больш таннымі.
«Дарэчы, калі казаць пра развіццё элетрааўтамабіляў, часта даводзіцца чуць пытанне наконт яго сілкавання, зараду. Маўляў, энергія, якая бярэцца з сетак для зарадкі, з'яўляецца традыцыйнай. Таму варта прадумваць паралельную сетку ад тых жа сонечных панэляў. Як, напрыклад, зрабіў Ілан Маск, які спачатку пабудаваў тысячы сонечных заправак і толькі пасля ўзяўся за стварэнне аўтамабіля “Тэсла”», — падкрэслівае эксперт.
І гэта не адзіны прыклад. Бізнэс па ўсім свеце становіцца больш кліматычна адказным, у чым безумоўная заслуга інвестараў, людзей, якія перад тым, як укладаць грошы, цікавяцца пра кліматычнае самаадчуванне кампаніі.
«Груба кажучы, калі вы кампанія з вугальнымі актывамі, то грошы вам не дадуць! Таму што вугаль абясцэньваецца», — тлумачыць Міхаіл Юлкін.
Невыпадкова ў ЗША, нягледзячы на заяву Дональда Трампа пра выхад з Парыжскага пагаднення, многія кампаніі, якія, дарэчы, і «робяць» сёння эканоміку, засталіся на шляху развіцця свайго бізнэсу ў кліматычна прыязным накірунку.
Нікога не згубіць па дарозе
Існуе паняцце ўнёску краін па скарачэнні выкідаў: кароткатэрміновы да 2025-2030 года і доўгатэрміновы — стратэгічны да 2050 года.
У свой час ЗША заяўлялі пра 25-27% ад узроўню 2005 года. І няхай Трамп кажа, што такая здзелка з'яўляецца «невыгаднай», прытушыць працэс ён не зможа. Нават адклаўшы гэта рашэнне ў некаторых прамысловах рэгіёнах, якія не вытрымалі канкурэнцыю ў ХХІ стагоддзі.
«Не трэба думаць, што ён клапоціцца пра вугальшчыкаў. Трамп клапоціцца пра лёс кампаній і ўладальнікаў шахт», — зазначае эксперт.
Тая ж Германія ўзялася скараціць выкіды на палову да 2030 года і ў 20 разоў — да 2050-га. І калі атрымаецца «кароткатэрміновы» манёўр, то надалей пойдзе, як па масле.
«Як сцвярджаюць немцы, у тэхнічным плане праблем з гэтым няма. Ёсць сацыяльная праблема, куды дзяваць людзей. А мы не павінны нікога згубіць па дарозе. Людзі павінны плаўна адаптавацца да ўмоў новай эканомікі. Таму і пераўтварэнні мусяць адбывацца плаўна», — тлумачыць Міхаіл Юлкін.
Новая філасофія кампаній на фоне змянення свету
Па словах расійскага эксперта, сёння трэба не вымаць капітал у бізнэса, а дапамагчы перанакіраваць яго на развіццё новых сегментаў.
«Калі кампанія “Лукоіл” правай рукой распрацоўвае радовішчы нафты, а левай — будуе сонечныя станцыі, я разумею гэтую ідэю: мы зарабляем там, дзе сёння гэта магчыма, але робім унёсак у перспектыву на заўтра. Калі “Шэл”, зарабляючы на продажы нафты, інвестуе ў будаўніцтва ветрапарка ў Паўночным моры, я разумею іх філасофію. А вось калі “Газпрам”, зарабляючы на газе, будуе новы газаправод, мне гэта не зразумела. Бо відавочна ж, што свет змяняецца», — кажа Міхаіл Юлкін.
Такім чынам, мала мець намер ў новых умовах, больш важна разумець, дзеля чаго штосьці робіцца.
Парыжскае пагадненне дало поле для творчасці
На думку Міхаіла Юлкіна, Парыжскі дакумент утрымлівае ў сабе ўсе неабходныя фармуліроўкі, таму краінам-партнёрам так проста выбіраць накірункі дасягнення мэтаў. Хаця ёсць і тыя, хто наракаюць на адсутнасць санкцый. Але ў цэлым такое складанае пагадненне не можа быць вельмі жорсткім, у ім павінны быць вызначаныя мэты, задачы і механізмы ўзаемадзеяння. Менавіта гэта паспрыяла яго шырокаму прыняццю.
Акрамя ўсяго, новыя тэхналогіі сталі грунтоўнай платформай для Парыжскага пагаднення і выдатнай магчымасцю яго рэалізацыі.
Так, эксперт прыводзіць у прыклад выпадак, калі з-за празмернай гарачыні на поўдні Аўстраліі адмовілі сеткі. Для вырашэння праблемы прынялі «рашэнне ХХІ стагоддзя»: Ілан Маск прапанаваў губернатару правінцыі ўсталяваць станцыю неверагоднай магутнасці. Прычым усе перамовы па гэтым працэсе вяліся ўсяго 3 дні без якіх-небудзь афіцыйных умоў.
«Парыжскае пагадненне дало шырокае поле для творчасці і лідарства. Таму Трампу не могуць дараваць, што ён адмовіўся ад лідыруючай пазіцыі, праявіўшы глупства, аддаўшы прыярытэт паліву мінулага стагоддзя», — кажа Міхаіл Юлкін.
Падрыхтавана па матэрыялах прэзентацыі Міхаіла Юлкіна на лекцыі-дыскусіі «Клімат змяняецца. Ці змяняемся мы?».