14.06.2017 / 16:06

Сёння стала вядома пра грамадскія абмеркаванні праекта забудовы сталічнага раёна Асмалоўка, згодна з якім два кварталы з двухпавярховымі будынкамі цалкам ідуць пад знос. Навіну Зялёнаму парталу каментуе беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца і аўтар цэлай кніжкі, прысвечанай Асмалоўцы, Сяргей Харэўскі.

«Асмалоўка ў тым маштабе, як зараз, — вельмі важны раён для захавання гарадскога ландшафта, — сцвярджае ён. — Калі там будуць збудаваныя большыя па аб'ёме дамы, яны непапраўна сапсуюць панараму горада, перакрыўшы Оперны тэатр, дом са шпілем у пачатку вуліцы Чырвонай. Гэта рэзка знізіць горадабудаўнічыя вартасці і суседніх раёнаў, пра знос якіх гаворка сёння пакуль не вядзецца».

Сёння з архітэктурнага пункту гледжання Асмалоўка мае ледзьве не міжнароднае значэнне, як узор забудовы 1940-х гадоў. Напрыклад, у Днепрадзяржынску існуе цэлы раён-блізнюк нашаму сталічнаму, ды й ува многіх гарадах былога СССР ўзводзіліся дамы паводле падобных праектаў.

Акрамя таго, мае раён і мемарыяльнае значэнне, з улікам, што ў гэтых дамах жылі вялікія ваенаначальнікі, героі Савецкага Саюзу, палітычная эліта, цэлыя дынастыі вядомых мастакоў і артыстаў. Са слоў Сяргея Харэўскага, на кожным доме можна вешаць з дзясятак шыльдаў з імёнамі знакамітых і заслужаных народных дзеячаў. Што ў сваю чаргу іграе раёну на карысць як турыстычнаму месцу.

«Бясспрэчна, каштоўныя кварталы і ў экалагічным сэнсе — фактычна гарадскі зялёны астравок, — зазначае суразмоўца. — Захавалася некалькі дрэваў яшчэ з даваенных часоў. Гэты ўнікальны біяцэноз — сукупнасць раслін розных парадкаў і кустоў, што стварае свой мікраклімат і стала прытулкам для шматлікіх птушак, нават кажаноў. Раён вельмі важны для падтрымання біялагічнай разнастайнасці ў такім велізарным горадзе, як Мінск».

Асмалоўка — важнае рэкрэацыйнае месца. З кожным днём у сталіцы высякаецца ўсё больш і больш дрэваў і даводзіцца чуць нараканні, што маладыя з-за вялікай колькасці рэагентаў і забруджанасці глебы і паветра не растуць. Адпаведна вырасціць такога кшталту комплекс, з велізарнымі дрэвамі бліжэйшыя 75 год нерэальна. І, як зазначае Сяргей Васільевіч, кампенсаваць гэту страту высадкай «дубчыкаў» немагчыма:  

«Мець падобны раён у самым цэнтры, дзе маладыя бацькі могуць прыйсці са сваімі дзеткамі, дзе могуць спакойна прагуляцца людзі, палюбавацца кветкамі і адпачыць у цішыні — гэта сапраўдны скарб!»

 

Чарговае бяздумнае руйнаванне

Відавочна, праблемы са зносам Асмалоўкі — гэта частка плана па знішчэнні архітэктуры мінскіх жылых комплексаў канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў:

  • кварталы ў раёне вуліц Гвардзейскай-Тарханава-Гастэла;
  • пасёлак Трактарнага завода;
  • ландшафт вуліцы Чырвонаармейскай.

«Гэта нейкая маніякальная нянавісць да спадчыны і свайго горада. Трэба мець надзвычайную духоўную глухасць, каб запланаваць мэтавае знішчэнне нерухомасці, якая па сённяшніх рынкавых коштах надзвычай дарагая, бо няма ўжо такой цэглы, матэрыялаў, няма такіх кваліфікаваных будаўнікоў, — кажа Сяргей Харэўскі. — Як і няма ніякай эканамічнай патрэбы на гэта.

Калі ёсць такія сродкі на адсяленне людзей і знос, дык можа для пачатку няхай у ХХІ стагоддзі зробяць цэнтралізаваную ліўнёўку, каб дождж і снег з дахаў не сцякаў нам пад ногі? Ці зоймуцца развіццём транспарта?.. Стаянак, падземных паркінгаў, развязак?.. Колькі за апошнюю чвэрць стагоддзя было закладзена новых паркаў, сквераў, бульвараў?

Пара ўжо ачуняць ад гэтага куражу і вандалізму!»

Сяргей прыгадвае, што так звыкла чуць, маўляў, Мінск быў знішчаны ў час вайны, хаця найбольш каштоўныя помнікі архітэктуры пацярпелі ў 1960-1970-х гадах.

«А што мы скажам зараз сваім дзецям? Куды дзеліся мікрараёны 1940-1950-х гадоў?» — задаецца ён пытаннем.

І сапраўды, калі сталіцы патрэбны дадатковыя жылыя плошчы, то чаму б не пачаць з так званых хрушчовак, у якіх тэрмін эксплуатацыі даўно сышоў, а ў архітэктурным плане яны безаблічныя, без індывідуальных аўтарскіх рысаў. Ды і ўзводзіліся яны індустрыяльным метадам.

 

Няўжо чакаюць акцый грамадскага непадпарадкавання?

Відавочна, што дыялогу ў грамадзян з уладамі не адбываецца. На жаль, чыноўнікі не бачаць і не чуюць, што гараджанам хочацца захаваць Асмалоўку. Пра што сведчаць шматлікія фестывалі, культурніцкія мерапрыемствы, лісты, экспертныя заявы, патрабаванне прызнаць кварталы гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Якія яшчэ спосабы барацьбы нам пакідаюць? Няўжо спрацоўваюць толькі метады, як у Курапатах: з начоўкамі і блакаваннем тэхнікі? Ці, можа, няхай пракуратура разбярэцца, якая каму выгода прымаць такія злачынныя рашэнні? — не стрымліваецца Сяргей Харэўскі. — Падаецца, мы ўжо маем дастаткова прыкладаў такіх вар'яцкіх праектаў. Няхай на пачатку запусцяць усе навабуды! А вось, калі ўжо сапраўды не будзе куды ўсунуць 14 новых гандлёвых комплексаў, тады ўжо што ж паробіш».

Да ўсяго не варта забываць пра тое, што ў мясцовых жыхароў Асмалоўкі ёсць сваё права на гэтыя тэрыторыі. І што пры такой нездаровай ахвоце ў горада вызваліць інвестыцыйную пляцоўку, трэба людзям зрабіць годную камерцыйную прапанову, а не хамскую падачку.

 

«Неабходна наступаць на інтарэсы асобных груп»

Сёння ж з пытаннямі пра далейшы лёс Асмалоўкі з кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігарам Бузоўскім сустракаўся вядомы мінскі блогер Антон Матолька.

Як апынулася, канчатковага рашэння пра знос пакуль не існуе, і ў цэлым гарадскія ўлады гатовы да прапаноў людзей і кампраміснага рашэння, якое, па словах Ігара Бузоўскага, улічыць і патрэбы горада, і інтарэсы мясцовых жыхароў. Друкуем некаторыя выказванні чыноўніка:

«Магчыма, усіх задаволіць рашэнне, якое прапануюць у тым ліку людзі. Магчыма, горад прапануе ідэю наконт мансардаў, а жыльцы скажуць: “Не хочам!” Паралельна з боку інвестара, можа быць, людзям зробяць прапанову, ад якой яны не змогуць адмовіцца. Аднак, вядома, я падтрымаю горад. Бо там такія прапановы будуць, што людзі падзякуюць і не захочуць жыць у хлявах. А хлявы там ёсць».  

«Захаванне гэтых каробак (дамоў. — Удакладненне А.М.)... Гэта ў цэлым не тое, што хацелася б там бачыць, у тым ліку і мне. Проста каробкі за тое, што яны там стаяць з канца 1950-х гадоў... А каб зрабіць іх наноў, як цукерачку, трэба грошы. Але грошы, якія на гэта неабходны, можна ўкласці больш эфектыўна. Яшчэ і запрацаваць на гэтым. Такім чынам, кампраміс трэба шукаць, прагаворваць».  

«Калі сёння мы хочам парадак, нават дзесьці неабходна і наступаць на інтарэсы асобных груп. І калі гэта будзе калегіяльнае рашэнне зацікаўленых: і Мінкульта, і грамадскасці, і людзей, якія закліканы і ў раёне, і ў горадзе парадак падтрымліваць, — трэба будзе так зрабіць. Вядома, выконваючы правы гараджан, якія там жывуць».

Але пакуль і самаго інвестара не знайшлося. Згодна з Генпланам сталіцы, прадугледжваецца найбольш інтэнсіўнае выкарыстанне дадзенай тэрыторыі сыходзячы з таго, што гэта цэнтральная частка горада. І адпаведна з рэгламентам «Мінскграда» распрацаваў дэтальны план з высокім каэфіцыентам інтэнсіўнасці забудовы тэрыторыі, знос, пасля якога пачнецца пошук інвестара.

Таму 26 чэрвеня ў адміністрацыі раёна будзе абмяркоўвацца канцэпцыя — «прапанова па канцэпцыі засваення тэрыторыі».

Што ж датычыцца пытання пра капрамонт, які варта было правесці ў дамах яшчэ 30 гадоў таму, то яно патанула ў бюракратычным працэсе, маўляў, адлічэнні на рамонты пачаліся з 1999 года, а ў чарзе на яго жылых плошчаў шмат.

«Таму пытанне капрамонта, развіцця горада ідзе ў звязцы з такім паняццем, як інвеставанне», — кажа Ігар Бузоўскі. Такім чынам інвестара прыцягваюць да рэканструкцыі, аднак ў дадзеным выпадку фактычна гэта немагчыма. Як, відавочна, трэба надаць квартальнай забудове Асмалоўкі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Людзі будуць казаць: “Я хачу жыць у цэнтры, я хачу жыць у гэтым доме”, а паралельна будуць ставіць пытанне: “Зрабіце мне, калі ласка, умовы тыя, якія павінны быць. І мы павінны за галаву ўзяцца і думаць, як гэта вырашыць», — зазначае кіраўнік адміністрацыі.

Грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 23 чэрвеня па 17 ліпеня 2017 года. Прэзентацыя адбудзецца 26 чэрвеня ў 18.30 у адміністрацыі Цэнтральнага раёна (вул. Мельнікайтэ, 6).

Автор:
Фотограф:
realt.onliner.by, holiday.by, Хрысціна Чарняўская, help.rfrm.io
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость