16.09.2016 / 14:09

Падручнік па тэалогіі Францішка Прылуцкага быў выдадзены ў Вільні на лацінскай мове. Адзін з экзэмпляраў захоўваўся ў Будслаўскім манастыры, пакуль яго не скралі падчас Другой сусветнай вайны. Лёс кнігі быў невядомы да нядаўняга часу. Незнаёмыя апусцілі падручнік ў кантэйнер для макулатуры кампаніі «БЕЛГІПС-ЭКА». У Дзень бібліятэк 15 верасня прадпрыемства ўрачыста перадала яго і іншыя каштоўныя знаходкі ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

30 000 кніг за два гады

Кніга «Compendium Theologiae Moralis» на лацінскай мове надрукаваная ў 1765 годзе ў Вільні. На яе старонках допіс, які сведчыць аб колішняй прыналежнасці кнігі да Будслаўскага манастыра, а яе кошт складае прыкладна 250 долараў ЗША.

Валанцёры прадпрыемства заўважылі выданне і яшчэ некалькі каштоўных знаходак пры сартыроўцы макулатуры: «Псалтыр» 1888 года, «Сачыненні Памялоўскага» 1909 года і «Сачыненні Гогаля» 1921 года друку.

Пасля кнігаведчай экспертызы усе чатыры кнігі перадалі бібліятэцы. На прадпрыемстве ўдакладняюць: фаліянты знойдзеныя ў розных скрынях у розны час, іх былыя ўладальнікі невядомыя.

За амаль два гады існавання арганізацыя перадала 21 500 кніг у рукі 60 медыцынскіх і сацыяльных устаноў па ўсёй краіне. Яшчэ 6500 кніг стаіць на палічках самой арганізацыі, адкуль усе жадаючыя могуць іх узяць. Частка звычайных кніг, гістарычная каштоўнасць якіх не дужа высокая, таксама ідзе ў Нацыянальную бібліятэку.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша мяркуе, што прыватныя падарункі — крыніца самых каштоўных збораў бібліятэкі:

«Для кнігі мяняць свайго ўладальніка — нармальная з’ява. Самыя каштоўныя экзэмпляры бібліятэкі маюць шмат уладальніцкіх пазнак», — кажа ён.

 

«Мы ўратавалі ладны лес»

Кантэйнеры для збору макулатуры і кніг стаяць у Мінску, Дзяржынску, Фаніпалі і Бараўлянах.

«Гэта яркія зялёныя скрыні, на якіх можна прачытаць, што 60 кілаграмаў макулатуры ратуюць адно дрэва, — кажа намеснік дырэктара «БЕЛГІПС-ЭКА» і кіраўнік праграмы «Кнізе — другое жыццё» Лілія Сёмачкіна. — За няпоўныя два гады нашыя кантэйнеры сабралі больш за 1000 тон макулатуры, а значыць, уратавалі каля 16 000 дрэваў. Гэта лады лес».

Большая частка змесціва скрынак сапраўды кнігі, пераважна мастацкага зместу. Іх жа можна прынесці асабіста ў офіс на Казлова, 24.

Часта валанцёрам трапляюцца дакументы, прычым як старога ўзору, так і сучасныя пашпарты, якія намагаюцца вяртаць уладальнікам (праз сацсеткі ці іншым шляхам).

Рэшта — макулатура і трошку іншага смецця (1,5%). Гэта пакеты, бутэлькі (пераважна пластык), факсавая папера, чэкі, тэрмапапера.

З макулатуры — 20-30% кардона (летам больш, зімой менш); 10-15% белай паперы, астатняе — змешаная макулатура. Частка не перапрацоўваецца, калі яна забруджаная тлушчам, клеем ці іншымі рэчывамі. Не ідуць на пераапрацоўку таксама скрыні ад піц ці тэтрапакі (іх прадпрыемства пачало збіраць у асобна ўсталяваныя скрыні і будзе перапрацоўваць у Расіі).

Дынаміка збору макулатуры змяняецца па месяцах. Пік у першай палове 2016 года прыйшоўся на красавік, мінімум — на студзень, які быў вельмі снежны. У студзені атрымалі 48 тон, у лютым — 62 тоны, сакавіку — 86, красавіку — 92,5, траўні — 81, чэрвені — 80, ліпені — 81,5, жніўні — 71 тону.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, Юлія Мацкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость