Артур Гурын — сапраўнае імя хлопца, а Кот — мянушка, якая прывязалася да яго вельмі даўно і ад якой Артур вырашыў не пазбаўляцца. Зараз хлопцу 24 гады, і ён навучаецца ў магістратуры Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» (МИТСО) на эканамічным аддзяленні. Аднак, як сам прызнаецца, працаваць далей па спецыяльнасці не плануе.
Музыкай Артур займаецца са школьных гадоў. Разам з сябрам калісьці нават меў свой гурт, з якім выпусціў «Акустычны чарнавік». Усё ў ім было вельмі проста, як у сапраўдным чарнавіку. Аднак зараз асаблівы націск ён робіць на жывыя інструменты. А вось за тэмы бярэцца сыходзячы з таго, што яго сапраўды кранае і пра што хочацца сказаць. Праўда, прызнаецца Артур, не ўсё вылівацца ў паўнацэнную песню, штосьці, напрыклад, застаецца проста вершамі.
— Артур, што ж тады цябе так зачапіла ў «Гадзіне Зямлі», каб ты прысвяціў акцыі песню?
— Акцыя крутая! Мне імпануюць такога кшталту ідэі: калі адначасова аб'ядноўваюцца людзі для агульнай мэты, калі яны адчуваюць, што знаходзяцца на адной хвалі.
У свой час мяне падобным чынам натхніла ідэя Джэрэмі Джылі, якая заключалася ў тым, што на адзін дзень ва ўсім свеце спыняюцца войны. Нягледзячы на некаторыя перашкоды, яму ўсё ж удалося дабіцца таго, каб ААН зацвердзіла Міжнародны дзень міру і да яго падключыліся многія медыяасобы, напрыклад Анджаліна Джалі. І няхай сабе з таго моманту нічога моцна не змянілася — войны як былі, так і працягваюцца, — але Джылі падарыў надзею: агонь сапраўды хаця б на дзень прыпыняецца, і людзі ў гарачых кропках могуць атрымаць медыкаменты, дапамогу і правіянт.
Не магу сказаць, што сваёй песняй я стараўся штосьці змяніць, але мяне кранула ідэя «Гадзіны Зямлі», падалася мне вельмі цікавай.
— Чаму ў тваім навагоднім віншаванні ўзгадваецца пра напружаную сітуацыю, што склалася вакол сквера «Котаўка»?
— Увогуле экалагічная тэматыка мне вельмі блізкая. Я лічу, што з наваколлем не так усё добра і трэба штосьці рабіць... Напрыклад, я вельмі рады, што было прынятае Парыжскае пагадненне па клімату, але наколькі яно спрацуе, тут ужо ў мяне ўзнікаюць пытанні.
Разумею, наколькі балючая для людзей праблема высякання дрэваў. Раней я жыў на Васняцова і мае вокны выходзілі на парк, куды часта хадзіў гуляць. Цяпер жа я жыхар Чыжоўкі і рады таму, што там таксама ёсць зялёная зона. Было б вельмі шкада яе пазбавіцца.
А ў раёне Сельгаспасёлка зусім мала зеляніны, толькі гэты маленькі скверык, частку якога захацелі аддаць пад забудову касцёла.
Дзякуючы анлайн-трансляцыям з месца падзей было відавочна, што людзям важна захаваць Котаўку, яны змагаюцца за сваю зялёную зону. Гэта варта толькі павагі і захаплення. Вось гэтыя падзеі і знайшлі водгук у віншаванні. Усё сыйшлося: высяканне сквера і гісторыя пра злоснага парушальніка, які замахнуўся на елачку.
— Якія яшчэ экалагічныя тэмы цябе турбуюць, акрамя змянення клімата, высякання дрэваў?
— Ды экалогія ўвогуле... Тая ж здабыча нафты. Але тут пытанне аб тым, наколькі хутка можна штосьці змяніць, адмовіцца ад таго ці іншага выкапнёвага рэсурсу, напрыклад. Бо відавочна, што нафтавыя лабісты так проста не здадуцца. Не магу гарантаваць дакладнасць інфармацыі, але ж ходзяць чуткі, што менавіта яны зараз выкупаюць патэнты на экалагічныя віды паліва, аўтамабілі, каб у свой час зноў жа застацца пры ўладзе і грашах. Праўда гэта ці не, хочацца, каб як мага больш чаго стала экалагічна чыстым.
Турбуе мяне і выміранне пэўных відаў жывёл: ці то з-за клімату, ці то з-за забойства чалавекам...
Аднак я не магу сказаць, што я — пратэстуючы экалагіст, які прымае важныя меры. Магчыма, у гэтым і ёсць мой грашок. Але я не ведаю, што магу зрабіць акрамя як смецце сартыраваць, батарэйкі здаваць правільна ці песню напісаць...
— Вяртаючыся да музыкі, хто дапамагае табе здымаць кліпы да песень?
— Кліп на кавер песні гурта «Nirvana» рабіў мой сябра Герман — гэта цалкам яго праца. Вядома, мы збіраліся, абмяркоўвалі ідэі, аднак здымкі і мантаж — усё было на ім. І матэрыял атрымаўся якасным.
З песняй пра «Гадзіну Зямлі» было зусім усё проста: я патэлефанаваў сваёй сяброўцы і прапанаваў узяць камеру і зняць кліп. Бо не хацелася нейкай статычнай карцінкі.
Няма ніякай каманды, ёсць проста людзі, якім я магу даверыцца, і яны заўсёды дапамогуць, за што я ім вельмі ўдзячны.
Вось пра віншаванне мне зусім не хацелася штосьці здымаць, і я вырашыў зрабіць анімацыйнае відэа. Хаця першапачаткова не ведаў, што атрымаецца, і не быў упэўнены ў сваіх сілах, бо не было ніякага сцэнару і раскадроўкі. Глядзеў ужо па ходзе справы, тое, чаго не мог рэалізаваць, адмятаў адразу. У сукупнасці на стварэнне гэтага відэа я патраціў 2 дні.
— Свае песні ты распаўсюджваеш толькі ў інтэрнэце. А ці плануеш звярнуцца да каго за дапамогай, выйсці ў паблік?
— Па-першае, я пакуль не ведаю, да каго звярнуцца. А, па-другое, зараз я маю адзінкавыя працы, якія могуць не знайсці водгуку. Калі ж пачнецца праца над больш грунтоўным і асэнсаваным матэрыялам, напрыклад альбомам, вядома, ёсць план і па прасоўванню, і прыблізны набор тэм для яго. І зразумела, што з ім я буду імкнуцца знайсці дапамогу, бо не хацелася б, каб ён проста прайшоў міма, для мяне гэта важны этап... Аднак, як яно атрымаецца, не магу сказаць.
Калі матэрыял будзе якасным і добра зфарміраваным, хацелася б з ім выступаць, каб атрымаць водгук ад слухача, аддачу.
А калі забягаць наперад, мне хацелася б папрацаваць з Палінай Рэспублікай. Лічу яе творчасць вельмі блізкай, якраз тое, што мне падабаецца. Але яшчэ не вядома, ці захоча яна (смяецца). Ва ўсякім выпадку, калі з'явіцца тэма, якая, на мой погляд, можа спадабацца і ёй, то абавязкова прапаную Паліне.
— А чым яшчэ захапляецца Артур Кот?
— Акрамя музыкі яшчэ шмат чаго мне цікава. Гады два таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў літаратуры, выпусціў невялікую кніжку. Гэта быў першы мой вопыт, і мяне цікавіў сам працэс напісання. Мне падавалася, што будзе ўсё неяк больш няпроста, але ўсё ішло само па сабе: нейкі час выношвалася ідэя, затым яна стала фарміравацца, закруціўся сюжэт, героі... Думаю, калі я прайду пэўны этап з музыкай, то паспрабую сябе зноў у пісьме.