19.09.2017 / 13:09

Калісьці з Усходу на Захад цягнуліся караваны гружаныя шаўкамі, спецыямі, касметыкай і рознымі экзотамі. Вялікі Шаўковы Шлях быў сродкам для гандлёвых і культурных сувязяў. Сёння гэта стала сімвалам фізічнага выхаду кітайскай вытворчасці па-за межы сваёй краіны.

Яшчэ пару дзесяткаў год таму Кітай быў цэнтрам вытворчасці многіх еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній. Сёння, імкнучыся перайсці на экалагічныя рэйкі вытворчасці і развіцця краіны, у КНР ствараюцца жорсткія стандарты па прыродаахове для мясцовых прамзон. Гэта ў сваю чаргу прымушае вытворцаў глядзець на Захад. Таму не выпадкова, што зараз мы назіраем адваротны працэс, калі Кітай ''асядае'' у іншых краінах, укараняючы сваю вытворчасць пад выглядам новых сучасных тэхналогій. І такім чынам забяспечваючы сабе найвыгаднейшыя шляхі да еўрапейскіх рынкаў.

Адным з накірункаў кітайскай экспансіі стаў праект аднаўлення Вялікага Шаўкавага Шляха.

www.south-insight.com
www.south-insight.com

Новы шаўковы шлях – канцэпцыя панеўразійскай, а ў перспектыве і міжкантынентальнай, транспартнай сістэмы для перамяшчэння грузаў і пасажыраў па сушы з Кітая ў Еўропу. Ідэя заснаваная на гістарычным прыкладзе Вялікага Шаўковага Шляху, які быў важнейшым гандлёвым маршрутам у старажытнасці і сярэднія вякі.

У новай канцэпцыі развіцця Кітая адноўлены шаўковы шлях павінны выбудаваць самыя зручныя і хуткія транзітныя маршруты праз цэнтральныя часткі Еўразіі, што эканамічна ўзмацніць рэгіёны КНР і суседніх краін. Акрамя таго, гэта дапаможа збыту кітайскіх тавараў на новых тэрыторыях.

Глабальна праект мяркуе ўзвядзенне каля 900 разнастайных інфраструктурных аб'ектаў у больш чым 60 краінах з агульным аб'ёмам фінансавання, па афіцыйных дадзеных, у 124 мільярды даляраў.

Слайд прэзентацыі
Слайд прэзентацыі

 

Кітайскі след у Беларусі

Не абыйшоў Шаўковы шлях і Беларусь. Яшчэ на самым пачатку абмеркавання рэалізацыі глабальнага праекта кітайскае кіраўніцтва адзначыла стратыгічную важнасць нашай краіны на шляху, на якім ужо запланавана каля 90 інвестыцыйных праектаў.

У чым выгода для бакоў? Беларусі патрабуецца мадэрнізацыя вытворчасці, пра што глава дзяржавы заяўляе з 2012 года, для рэанімацыі прадпрыемстваў, стварэння канкурэнтна здольнай прадукцыі і аднаўлення эканомікі. Для Кітая ж – гэта выдатная магчымасць пад відам інавацыйных, экалагічна бяспечных і эканамічна выгодных пазбавіцца ад састарэлых тэхналогій.

Пры ўсім, гэта не благі рынак працы для кітайскіх рабочых, заўважае Аляксандр Колатаў, расійскі каардынатар міжнароднай экалагічнай кааліцыі ''Рэкі без межаў'', рынак, які ставарае не толькі экалагічныя, але і сацыя-культурныя праблемы. Бо для мясцовага насельніцтва не застаецца практычна нічога, акрамя неспрыяльных наступстваў.

У сваю чаргу, менавіта гэтыя пытанні хвалявалі людзей пры абмеркаванні ў 2013 годзе генеральнага плана беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка ''Вялікі камень''. Аб'ект з'яўляецца буйнейшым сумесных праектам двух краін у рамках шаўковага шляху. І ўзводзіцца недалёка ад Нацыянальнага аэрапорта ''Мінск-2'' у 25 кіламетрах ад сталіцы.

vmp.by
vmp.by

У межы выдзеленага ўчастка патрапілі і важныя прыродныя тэрыторыі: заказнік рэспубліканскага значэння ''Валмянкі'', вадасховішча Пятровічскае, заказнік мясцовага значэння ''Маяк'' і выток ракі Уша. Эколагі выказвалі сваю заклапочанасць тым, што гэтыя аб'екты могуць згубіць сваё функцыянальнае прызначэнне.

У канцы 2016 года была завершана грамадская экалагічная экспертыза праекта ''Генплан Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. Карэкціроўка'', якая, на жаль, падцвердзіла ўсе небяспечныя наступствы для прыроды, якія выказваліся незалежнымі яе абаронцамі.

Стала відавочнай пагроза для адной з асноўных крыніц прэснай вады – водазабора падземных вод ''Волма'', які забяспечваў пітной вадой 150-180 тысяч чалавек. У заказнікаў не аказалася належных мер па выкананню іх ахоўнага рэжыму. Да таго ж, усе лясы на тэрыторыі будучага парка ўказам кіраўніка Беларусі былі пераведзены з 1-ай катэгорыі ў гаспадарчую, што ўзаконіла іх суцэльную высечку на плошчы ў 3,8 тысячы гектараў. Экспертызай было прызнана парушэнне правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе жыхароў вёскі Быкачына праз высотную забудову ў непасрэднай блізасці ад населенага пункта.

Аднак ніхто на засцярогі эколагаў не звярнуў увагі, і рэалізацыя праекта вядзецца поўным ходам. І гэта нягледзячы на тое, што у маі бягучага году на саміце Шаўковага шляху краіны Еўразвязу адмовіліся ад падпісання сумеснай заявы. Прычынай таму стала адхіленне КНР прапановы еўрапейскіх партнёраў па выкананні сацыяльных і экалагічных стандартаў, а таксама празрыстасці ў прадастаўленні дзяржаўных заказаў пры рэалізацыі праектаў Шаўковага шляху.

 

Грамадскі кантроль фінансавання праектаў Шаўковага шляху

''Каб будаваць Шаўковы шлях Кітаям былі створаны некалькі фінансавых інстытутаў – банкі ўнутры краіны і двухбаковыя ці шматбаковыя міжнародныя банкі развіцця'', – распавядае Аляксандр Колатаў.

Самымі вядомымі з іх з'яўляюцца Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый і Новы банк развіцця BRIKS.Такім чынам Кітай легітымізуе свае фінансы праз сумесны ўдзел краін, няхай і ў рознай далявой ступені.

Слайд прэзентацыі
Слайд прэзентацыі

BRIKS – група з пяці краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, з першых літар назваў на лацінскай мове якіх і атрымоўваецца абрывіятура.

Арганізацыя была заснаваная ў чэрвені 2006 года на Пецярбургскім эканамічным форуме, у якім прымалі ўдзел міністры эканомікі Бразіліі, Расіі, Індыі і Кітая. У 2011 годзе да групы далучылася ПАР. На самым пачатку, як адзначаюць эксперты, не было ніякіх перадумоў, што краіны BRIKS створаць эканамічны блок ці афіцыйную гандлёвую асацыяцыю, па прыкладу Еўрапейскага саюзу. Аднак з часам члены групы сталі характарызавацца як найбольш хутка развіваючыяся краіны, выгаднае становішча якіх было абумоўлена развіццём эканомікі і багатай рэсурснай базай.

Ужо сёння існуюць прагнозы, што ў будучым значныя памеры эканомік гэтых краін дазволяць атрымаць ім палітычны ўплыў і пасунуць заходнюю эканамічную ''эліту''.

ru.wikipedia.org
ru.wikipedia.org

Менавіта з гэтай нагоды кааліцыя ''Рэкі без межаў'' разам з групамі актывістаў з усяго свету пачалі звяртацца да кіраўніцтва Банкаў, нагадваючы, што не магчыма выдзяляць грошы на праекты без сацыяльных крытэраў іх адбору.

''З улікам, што кітайскія праекты нясуць з сабой значную рызыку і ўздзеянне на наваколле, мы сталі актыўна лабіраваць прыняцце сацыяльных палітык банкаў. Але важным у гэтай справе з'яўляецца тое, што гэтыя палітыкі не павінны прымацца на ўзроўні савету дырэктароў фінансавых інстытутаў, іх драфты мусяць абмяркоўвацца з грамадскасцю. Незалежныя арганізацыі павінны мець магчымасць уносіць свае заўвагі і прапановы. Павінны быць створаны, па прыкладу Сусветнага банка, механізмы абскарджання рэалізацыі таго ці іншага праекта'', – падкрэслівае эксперт.

Па словах Аляксандра, у гэтым накірунку ўжо ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі. У лістападзе 2016 года на тэматычным семінары грамадскай супольнасці афіцыйна аформілася ініцыятыва ''Зялёны шаўковы шлях''.

На гэтай жа сустрэчы НДА была прынята дэкларацыя, у якую былі уключаны асноўныя патрабаванні: прыцягненне мясцовага насельніцтва; адказнасць фінансавых інстытутаў, праектных выканаўцаў, дзяржаўных органаў перад мясцовым насельніцтвам; стратэгічная экалагічная ацэнка праектаў і планаў; выкананне строгіх сацыяльна-экалагічных стандартаў для праектаў Шаўковага шляху.

''Праекты павінны быць на самой справе для ўстойлівага развіцця, а не рэалізоўвацца з мэтай перамяшчэння ''брудных'' прадпрыемстваў. І няхай усё рухаецца маруднымі тэмпамі, але з боку Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый і Новага банка развіцця BRICS ёсць пэўныя абавязкі, якія яны ўсклалі на сябе'', – заўважыў Адяксандр Колатаў.

 

 

Матэрыял створаны на аснове сустрэчы з Аляксандрам Колатавым ў Цэнтры экалагічных рашэнняў у верасні 2017 года.

Автор:
Фотограф:
gorabbit.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость