22.04.2016 / 14:04

На пачатку 2016-га грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвесціла пра пошук валанцёраў для працы побач з навукоўцамі ў Белавежскай пушчы. Напрыканцы сакавіка аўтарка часопіса 34mag.net Саша Губская выправілася ў падарожжа да запаведнага лесу, каб дапамагчы ў вывучэнні ваўкоў ды зразумець, паводле якіх законаў жыве апошні ў Еўропе рэліктавы лясны масіў. 

Колькі ваўкоў у пушчы?

Шлях у пушчу мы пракладаем праз Берасце, куды прыязджаем цягніком цёплым сакавіцкім ранкам. Паводле дамоўленасці, на паркоўцы каля вакзалу шукаем кіроўцу ў кепцы з ваўкамі – ім аказваецца навуковы супрацаўнік Мікалай, які цягам 5 дзён будзе нашым «камандзірам». Дарога да канчатковага пункту – каля 60 км, і час на пераадоленне шляху сыходзіць на знаёмства – таксама і з Насцяй, маладою працаўніцаю АПБ, якая ўпершыню прыехала ў лясную камандзіроўку.

У снежні 2013 года Нацыянальны парк «Белавежская пушча», «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкае заалагічнае таварыства падпісалі мемарандум аб супрацы, які даў старт 5-гадоваму праекту для ўмацавання запаведнага рэжыму. Адзін з прыярытэтных кірункаў працы – вывучэнне папуляцыі воўка.

Каардынуе прыродаахоўны праект Віктар Фянчук, які 1,5 года таму перабраўся ў пушчу са сталіцы, пакінуўшы пост дырэктара АПБ. Ягоны калега Мікалай Чэркас – кандыдат біялагічных навук, праз канфлікт інтарэсаў пакінуў дзяржаўную структуру нацпарку і ўжо больш за 6 гадоў супрацоўнічае з тою ж грамадскаю арганізацыяй.

За ранішняю кавай суразмоўцы тлумачаць, чаму акцэнт у праекце зрабілі менавіта на воўка. Паводле навукоўцаў, у беларускай частцы пушчы засталіся толькі каля 20-ці асобінаў гэтых жывёлінаў, вельмі важных для экалагічнай раўнавагі ў лесе. Нашае заканадаўства ўсё яшчэ дазваляе паляванне на від, і нават улады нацыянальнага парку памылкова абвінавачваюць «санітараў лесу» ў знікненні вялікай колькасці капытных, якія б маглі даць прыбытак у паляўнічы сезон. Як тлумачыць Віктар, прыхільнікі паляванняў не ўлічваюць, што значная частка здабычы драпежніка – гэта хворыя і слабыя жывёлы, натуральная страта для паляўнічага ўліку. Гэткім чынам, мэта праекту – даследаваць паводзіны ваўка і заахвоціць беларускую грамадскасць паважаць яго як значны элемент экасістэмы.

 

Тэхналогіі для лесу

Адміністрацыя пушчы, а таксама музей прыроды і большасць аб’ектаў інфраструктуры, у тым ліку душ, размешчаныя ў Каменюках на ўскрайку пушчы. Але нашая навуковая база стаіць на 8 км далей – у вёсцы Ляцкія. «Лёгкая назва, толькі без “Б” на пачатку», – хітра ўсміхаецца Мікалай. Паселішча раскінулася акурат на шляху да рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Сам дзядуля жыве насупраць нашай базы, але ж выгляд ягонай хаткі значна ўступае нашай віле з зубрамі. Офіс міжнароднага праекту, насамрэч, займае толькі другі паверх будынку лясгасу, і валанцёрам вылучаюць у ім утульны пакойчык з канапаю і печчу. Ад візіцёраў жа вымагаецца наяўнасць гумавых ботаў, запасу ежы ды гатовасць да пераадолення 10–15 км штодзень.

Спачатку навукоўцы расставілі ў розных частках Белавежскай пушчы фотапасткі, якія рэагуюць на рух і абароненыя ад цікаўных пысак жывёлаў. Дарэчы, кадры, атрыманыя з камераў, транслююцца онлайн на «дзікім канале». Пасля перыяду назірання надышоў час «кальцавання» – з дапамогаю бясшкодных пастак каманда даследчыкаў адлавіла пяць ваўкоў, на якіх надзелі адмысловыя GPS-ашыйнікі. На жаль, месяцам пазней, у леташнім кастрычніку, аднаго з пазначаных ваўкоў забіў паляўнічы. Рэакцыяй стала ўвядзенне мараторыю на забойства гэтых жывёлаў на тэрыторыі пушчы. Сігнал з яшчэ аднаго ашыйніка знік – засталіся дзве самкі ды самец, за якімі і назіраюць працаўнікі праекту.

Кожныя тры гадзіны ашыйнік уключаецца і дасылае сігнал з GPS-каардынатамі – гэтак прылада працуе цягам года. Пасля заканчэння тэрміну дэвайс дашле апошні сігнал са звесткамі, раскрыецца і адпадзе. У 2013 годзе плошча абсалютнай запаведнай зоны нацыянальнага парку павялічылася ўдвая (сёння гэта амаль 60 тыс. га), i нашыя ваўкі тусуюцца пераважна ў гэтай частцы пушчы – што цікава, жадання аджаць крыху зямлі ў польскіх суродзічаў у іх няма.

 

Белавежскія рабінзоны

Зранку Мікалай правярае інфармацыю з каардынатамі месцаў за апошнія суткі – дзе воўк спаў, еў ці проста бег – і запампоўвае яе на маленькую GPS-прыладу з мапаю лесу. Задача валанцёра – узяць на сябе частку кропак на мапе і абысці іх да змяркання. Карацей, трэба хадзіць следам за драпежнікам і шукаць прыкметы ягонай прысутнасці – чым больш звестак, тым лягчэй рабіць высновы пра від.

Праз паўгадзіны мы едзем углыб лесу – бліжэй да абраных кропак, а пасля збочваем з дарогі ды кіруемся за лясным камандантэ. Высвятляецца, што замест шпацыру сярод векавых дубоў паход больш нагадвае марш-кідок па забалочанай мясцовасці, з пераскокваннем па купінах і праз паваленыя дрэвы. Першая знаходка – прымятая невялікаю тушай зямля пад вываратнем, у самы раз для маленькага Маўглі. Кажуць, аднак, што кампактная лежня акурат падыходзіць для ваўка, таму мы фатаграфуем яе і вяртаемся да аўта.

Пасля першага баявога хрышчэння ўдзельнікі каманднага квартэту разыходзяцца па розных маршрутах, каб больш паспець за дзень. Праз балотныя хмызнякі GPS выводзіць нас на залітае сонцам поле. Сістэма мае пэўную хібнасць, таму трэба аглядаць мясцовасць у радыусе 10 м ад кропкі. Пад нагамі – купы лайна: зуброў, аленяў, дзікоў ды іншых мясцовых жыхароў, на нагах – дзясятак кляшчоў, якія мэтанакіравана кіруюцца ўверх. Ну проста звар’яцець як прыгожа! Становіцца зразумела, што ў будучыні варта пашыць адмысловы скафандр, а пакуль трэба змяніць стратэгію апранання і, апроч лесу, разглядаць уласныя канцавіны. Ніякай «сенсацыі», як кажа Мікалай, мы не знаходзім – толькі свежыя сляды зуброў і стары памёт кагосьці з сямейства сабачых.

На наступны дзень нам шчасціць значна больш – яшчэ да абеду мы знаходзім «чысценькія» чэрапы дзікіх свіней, бачым казуляў, якія ўцякаюць ад нас, і ледзьве не трапляем на шлях вялікага дзіка, які прэ са ўсяго дуру за 30 м ад нас. Але галоўнае – каля адной з групаў каардынатаў мы знаходзім напалову з’едзенага маладога аленя і аздобленае воўчаю поўсцю месца трапезы.

Уражаныя, мы з гонарам за ваўка абвяшчаем, што здабычаю шэрага стаў малады лось, а не алень. «Сенсацыя» вельмі цешыць нашае кіраўніцтва – навукоўцам дагэтуль не ўдалося зафіксаваць факт забіцця сахатага. Але на наступны дзень, разглядаючы фоткі, мы разумеем, што паспяшаліся выдаць жаданае за сапраўднае, і выпраўляем памылку.

Працоўны дзень доўжыцца недзе з 9-ай да 17-ай, у сярэдзіне вылазкі – адпачынак у адной з лясных альтанак. Самую прыгожую з іх, з панарамаю на біяпалі, пабудавалі адмыслова для Пятра Машэрава, які быў зацяты пушчанскі паляўнічы. Кажуць, Пётр Міронавіч не аднойчы пераходзіў тонкую мяжу паміж паляваннем і браканьерствам. На абед – сала з хлебам, яблыкі, гарбата і вафлі «Чарнаморскія». Мясцовыя частуюць таксама хатнім малаком і бярозавым сокам. Увечары час сыходзіць на гатаванне кашы на вогнішчы ды размовы пра пушчу.

 

Дзве часткі аднаго лесу

Сёння тэрыторыя старажытнага лесу падзеленая паміж Польшчаю і Беларуссю. Аднак тэрытарыяльную перавагу мае нашая краіна, дзе ў 1991 годзе замест структуры з супярэчліваю назваю «Дзяржаўная запаведна-паляўнічая гаспадарка» стварылі нацыянальны парк. Цяпер абшар падзелены на чатыры зоны рознага прызначэння – запаведную, рэгуляванага выкарыстання, рэкрэацыйную ды гаспадарчую. У суседзяў адміністраванне падзеленае паміж структурамі «дзяржаўных лясоў» ды нацыянальным паркам, а апошнім часам тамтэйшае грамадства ўскалыхнулі планы дзяржавы ў высяканні дрэваў у польскай пушчы. На заявы палякі адрэагавалі мітынгамі, але праблемы яшчэ не развязалі.

Уздоўж пушчы цягнецца кантрольна-следавая паласа – непарыўная лінія дзяржаўнай мяжы. І калі драпежнікам і казулям калючы дрот не ўяўляе перашкоды ў падарожжах, то траўмаваныя алені трапляліся не раз. Аднак праз яшчэ аднаго жыхара пушчы польскія калегі пакуль не выказваюць падтрымкі праекту стварэння «зялёных калідораў» для жывёлаў. Суседзі лічаць, што ў беларускім зубры ёсць ген каўказскага брата, якога няма ў польскіх прадстаўнікоў віду. Нашыя адмыслоўцы ставяцца да гэтага сцверджання скептычна і кажуць, што адкрыццё межаў – гэта пытанне часу. Зноў жа, дзякуючы намаганням беларускай каманды, замежныя вандроўнікі з мінулага года могуць заставацца ў беларускай частцы пушчы без візы цягам трох дзён. Мінуць мяжу пешшу ці на ровары можна ў памежпункце «Перароў-Белавежа».

Пад знакам пытання ў нашым плане запісаная назва адной з сучасных рэзідэнцыяў кіраўніка краіны. Аднак з размоваў мы даведваемся, што сядзіба ў Віскулях абнесеная высокім плотам – з адносна нядаўняга часу гэтая зона сталася строга запаведнаю нават для навукоўцаў. Адзінае, што нам даводзіцца бачыць некалькі разоў, – верталётная пляцоўка непадалёк павароту на Віскулі.

 

Нарыхтоўка драўніны, паляванне, меліярацыя

Лічыцца, што Белавежская пушча – апошні рэліктавы раўнінны лес у Еўропе, які, тым не менш, захаваўся ў «адносна непарушаным стане». Падчас нашых шпацыраў позірк чапляецца за пянькі рознага дыяметру ды ўзросту. У час нямецкай акупацыі пушчы ў Першую сусветную вайну тут распачалі маштабнае знішчэнне дрэваў – у 1917 годзе нават праклалі вузкакалейную чыгунку, каб вывазіць драўніну. Мікалай дадае, што за савецкім часам дрэвы спілоўвалі не менш актыўна. Цяпер навукоўцы змагаюцца за тое, каб спыніць «санітарныя чысткі» ў лесе і забяспечыць поўнае неўмяшанне чалавека ў жыццё запаведніку. Падтрымка найстарэйшай прыродаахоўніцкай установы ў Еўропе – Франкфурцкага заалагічнага таварыства – вельмі важная ў гэтым працэсе.

Што да паляванняў, дык пушча застаецца ўлюбёным месцам для гэтага спосабу баўлення часу дастаткова багатых гасцей. Каб было зручней, запаведны лес здаўна падзелены на квадраты, амаль праз кожныя 500 м – прасека.

Штогод сюды прыязджаюць паляваць на размаітых жывёлаў, але, на шчасце, не на воўка і рысь. Мядзведзяў перабілі яшчэ пры Мікалаі I, а вось ягоны нашчадак Аляксандр III запаведны лес шанаваў і вырашыў пабудаваць сабе побач з прыродаю палац, працы ў аздабленні якога скончылі ўжо пры няшчасным Нікі. На жаль, палац узарвалі польскія камуністычныя ўлады на пачатку 1960-ых, і на яго месцы ў Белавежы цяпер стаіць адміністрацыя польскага нацыянальнага парку. У сваю чаргу, Мікалай Чэркас аказваецца зацятым калекцыянерам старых планаў, фотаздымкаў ды гісторыяў, звязаных з лесам, – вынікі ягоных пошукаў на тэму «элітных паляванняў» можна адшукаць на старонках часопісу АПБ.

Шмат увагі таксама надаюць забалочванню пушчы ў межах ліквідацыі наступстваў шкоднай меліярацыі савецкага перыяду. Дарэчы, нам на маршрутах балоты сустракаюцца з зайздроснаю рэгулярнасцю – вады толькі па лыткі, але некалькі гадзінаў маршу добра разладоўваюць нашыя акумулятары. Становіцца зразумела, чаму Мулявін пеў пра белавежскіх аленяў, «пьют с колен», – менавіта ў падтопленых нізінах кроку нельга зрабіць, не ўпісаўшыся ў памёт.

***

Праз чатыры дні даследаванняў у нашай скарбонцы – рэшткі аленя і дзікоў, кавалачак воўчага хваста, дзясяткі знятых кляшчоў (прычым ніводнага са скуры), арлец, статак зуброў і адная гадзюка. Самога воўка мы пакінулі на наступны раз – каб была нагода вярнуцца.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ:

История эколога и «ведьмы» Симоны Коссак, прожившей 30 лет в Беловежской пуще (фото)

Фильм телеканала Animal Planet о Беловежской пуще

Источник:
Автор:
Фотограф:
Саша Губская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость