Праект «3Е» пачаўся як стартап у 2012 годзе, сёння ён знаходзіцца ў фазе актыўнага развіцця. Аўтары праекту пацвердзілі навізну прадукта патэнтамі на карысныя мадэлі, вынаходніцтвы і прыярытэтам на краіны ЕС. Кампанія ТАА «Дом 3Е» мае вытворчыя магутнасці па выпуску аднаго домакамплекту на месяц.
Стваральнікі домабудаўнічай сістэмы «Экакуб», спраектаванай у рамках аўтарскай канцэпцыі трох Е: Ecology, Energy, Economy (3Е), авіяканструктар Уладзімір Крупскі, цеплафізік Андрэй Хаўратовіч і інжынер-прачніст Аляксандр Осіка. Як яны самі пра сябе кажуць, «прадпрымальнікі па жыццёваму вопыту, вынаходнікі і наватары па душы».
Досвед уласнага індывідуальнага будаўніцтва падштурхнуў іх заняцца распрацоўкай домабудаўнічай сістэмы, зразумелай і даступнай ва ўсіх сэнсах індывідуальнаму забудоўшчыку. У распрацоўку, з аднаго боку, яны прыўнеслі рашэнні абаронных тэхналогій, сучаснай тэхнікі і ўласныя «ноу-хау». З іншага — сістэма ўвабрала ў сябе 200-гадовы вопыт выкарыстання саломы ў якасці будаўнічага і ўцяпляльнага матэрыялу і 20-гадовы вопыт будаўніцтва дамоў з саломы ў навейшай Беларусі.
Кожную восень па сканчэнні жніва на палях застаюцца ляжаць акуратныя жоўтыя кулі саломы: дзеці скачуць на іх як на батутах, дзяўчаты робяць рамантычныя «сэлфі», фермеры выкарыстоўваюць для посцілкі жывёлам, а распрацоўшчыкі будаўнічай сістэмы «Экакуб» выкарыстоўваюць салому ў сваіх канструкцыях.
— Называць нашы дамы «саламянымі» — не зусім правільна. Насамрэч, салома выкарыстоўваецца толькі ў якасці ўцяпляльніка, што змешчаны ў драўляны каркас, які ў сваю чаргу пакрыты фібралітавымі (сумесь драўняных габлюшак і цэментнага вяжучага) плітамі. Так атрымліваецца цэласная будаўнічая адзінка — «экакубік», — падкрэслівае Уладзімір Крупскі, пакуль мы едзем на машыне за пару дзясяткаў кіламетраў ад Мінска глядзець на будаўніцтва чарговага экадома.
Па дарозе Уладзімір распавядае, што ідэя будаваць дамы з саломы паўстала, калі ён рэканструяваў свой прыватны дом з бетону, пенапласту, газасілікатных блокаў і зразумеў мінусы гэтага будаўнічага матэрыялу.
— На той час у Беларусі ўжо выкарыстоўвалася папулярная ў Еўропе тэхналогія ўцяплення дамоў саломай, але гэта быў класічны спосаб — вялікі драўляны каркас забівалі цюкамі, пасля абмазвалі глінай. Гэтая тэхналогія ніяк не прыжывалася, бо было шмат хібаў — напрыклад, дамы прадувала, гэта ніяк нельга было назваць індустрыяльнай тэхналогіяй. Трэба было быць адначасова і цесляром, і сталяром, і наогул вельмі дасведчаным чалавекам. Мае партнёры — Андрэй Хаўратовіч і Аляксандр Осіка, падтрымалі ідэю індустрыялізацыі саломабудаўніцтва, мы вырашылі выправіць недахопы двухвекавой тэхналогіі і прыдумалі такі вось «экакубік». Цяпер гэтыя блокі проста скручваюць шрубавёртам паводле інструкцыі — для гэтай працы нават неабавязкова наймаць рабочых.
Першыя чатыры «экакубікі» мы зрабілі ў 2012 годзе, праз год ужо былі збудаваныя жылы дом і гасцініца ў Шышках (Мінская вобласць). Цяпер па ліцэнзіі кубы робіць жодзінскае прадпрыемства «Ліга майстроў». Дарэчы, «экакубікі» запатэнтаваныя і як уласна будаўнічы элемент, і як будаўнічая канструкцыя. Распрацоўшчыкі «Экакуба» называюць свае праекты «дамамі 3Е» — Ecology, Energy, Economy (Экалогія, Энергія, Эканомія).
— У такіх дамах свабодна дыхаецца, СО2 выводзіцца аўтаматычна па прыродных законах праз сцены, без усялякай штучнай вентыляцыі, можна нават не праветрываць, — Уладзімір натхнёна тлумачыць экалагічны чыннік праекта. — Недарма палова нашых замоўцаў — гэта лекары. Акрамя таго, атрымліваецца зялёная цыклічная эканоміка: адходы сельскагаспадарчай дзейнасці — салома — зноў пускаецца ў справу.
Большасць нашых прагматычных суайчыннікаў мусіць прывабіць эканамічны аспект — збудаваць двухпавярховы экадом на 200 метраў «пад ключ» абыдзецца прыкладна ў 37 тысяч долараў. Знізіць цану можна за кошт самастойнага будаўніцтва дома з кубоў паводле інструкцыі — яна распрацоўваецца так, што варыянт правільнай зборкі дома толькі адзін і памыліцца немагчыма, іначай будынак проста не атрымаецца сабраць.
А калі сродкі абмежаваныя, а часу хапае, можна скончыць тыднёвую школу пры «Экакубе» і навучыцца рабіць «экакубікі» самастойна — распрацоўшчыкі абяцаюць, што так можна эканоміць каля 70 працэнтаў ад кошту домакамплекту, аднак спатрэбіцца майстэрня, дзе можна будзе збіраць кубы. Уладзімір Крупскі гаворыць, што такі дом значна танней за прывычныя нам дамы і ў абслугоўванні:
— Цяпер часта будуюць так, што пасля даводзіцца дадаткова ўцяпляць дамы — гэта лішнія траты. У праектах 3Е такога быць не можа, бо ўсё пралічана, шырыня куба (таўшчыня сценкі) — паўметра. Ацяпляць такі дом можна за $3–5 у месяц (у перыяд ацяпляльных сезонаў) — а гэта вельмі мала ў параўнанні з тымі ж газасілікатнымі дамамі, асабліва калі плата за ЖКГ увесь час расце.
Адзін з работнікаў ідзе да навеса, бярэ па «экакубіку» ў руку і без асаблівага напружвання вяртаецца да дома.
— Кубы важаць па 15 кілаграмаў, таму з фізічнага пункту гледжання пабудаваць такі дом — няцяжка, — распавядае Уладзімір Крупскі. — Падмурак зроблены па тэхналогіі паляў ЦІСЭ — слупочкі ставяцца за дзень, патрэбна ўсяго два кубаметры бетону. На гэтым участку пакуль няма камунікацый, але гэта не праблема — іх у любы момант можна будзе правесці ў дом праз ніз. Абмежаванняў па планіроўцы таксама няма ніякіх. На палі кладзецца драўляны ростверк, контур якога напаўняецца саломай. Перакрыцці падлогі запаўняюцца саломай пасля сканчэння будаўніцтва даху, каб яна не адсырэла.
Дарэчы, расповеды пра тое, што дом можа згніць, што яго здзьме ці згрызуць мышы — любімыя міфы беларускіх спажыўцоў. За чатыры гады працы фірмы Уладзімір ужо стаміўся тлумачыць людзям, што іх дамы адрозніваюцца ад хаткі Ніф-Ніфа з усімі любімай казкі.
Але калі без жартаў, то стэрэатыпы наконт дамоў з саломы, якія трывала заселі ў галовах патэнцыйных пакупнікоў, — гэта асноўная прычына, чаму пры ўсіх плюсах і эканамічных выгодах экадома колькасць ужо гатовых дамоў пакуль што не дацягвае і да дзесяці.
— Мала таго, што трэба перабароць сваё стэрэатыпнае мысленне, трэба быць гатовым не звяртаць увагі на тое, што скажуць іншыя, — часта такіх энтузіястаў не разумее нават іх уласная сям’я. Ды ў нас саміх былі такія стэрэатыпы, калі мы пачыналі праектаваць гэтую сістэму. Вы вось паспрабуйце прыйсці дадому і сказаць — маўляў, даведалася пра такія тэхналогіі, вырашыла пабудаваць дом за свае грошы, спакойна жыць, не кланяючыся банкам. Добра, калі хатнія не пакруцяць ля скроні. Вам усё прыпомняць: і мышэй, і трох парсючкоў, і агонь, і «згніе», і «людзі смяяцца будуць», — з горыччу гаворыць Уладзімір Крупскі. — Я чытаю каментары пад артыкуламі пра нашы праекты — дык спачатку было па некалькі соцень каментароў пра тое, што такія дамы разваляцца праз месяц, а нас трэба адправіць у дом вар’ятаў. Праз год, калі дамы выстаялі зіму і добра паказалі сябе на практыцы, каментатары ўжо змякчыліся, аднак людзі ўсё адно аддаюць перавагу традыцыйнаму матэрыялу — брусу ці газасілікатным блокам, нягледзячы на тое, што мы робім даследаванні, замеры, які пацвярджаюць нашы довады, а не проста страсаем паветра словамі пра экалогію і эканомію.
Акрамя стэрэатыпаў, разгарнуцца напоўніцу інаватарам не дае сама сучасная сфера будаўніцтва, лічыць канструктар.
— Вам прапануюць рабіць стандартныя дамы-тэрмасы, бо пра вас жа пасля трэба клапаціцца. Вам можна прадаваць рэкуператары за тысячы долараў, вам можна аказваць сэрвіс абсталявання, вам можна бясконца ўцяпляць дамы, можна прадаваць дарагія сістэмы ацяплення. На вас жа можна добра зарабіць. А як зарабляць, калі дом з мінімальным узроўнем энергаспажывання і не мае патрэбы ва ўсім гэтым дадатковым абсталяванні? Чыноўнікі нам не дапамагаюць, але і не замінаюць — займаюць нейтралітэт. Некаторыя з іх па сакрэце кажуць, што самі хочуць замовіць сабе такія дамы. Аднак выйсці на іншы ўзровень — напрыклад, збудаваць завод для масавай вытворчасці кубоў — у нас пакуль што немагчыма. Найперш таму, што гэта нявыгадна існуючым прадпрыемствам. Што, яны перастануць выпускаць бетонныя блокі і стануць рабіць кубы з саломы, якія будуць у сто разоў танней? Ім для гэтага, атрымліваецца, трэба звольніць 90% працаўнікоў? Для гэтага павінна ўсталявацца другая эканоміка — зялёная. А пакуль што вось — асфальт, нафта, бетон...
Ці ёсць на рынку гэтак званых саламяных дамоў канкурэнцыя, ці «Экакуб» — першапраходнікі? Уладзімір Крупскі гаворыць, што яны некалькі гадоў штучна спрабуюць стварыць канкурэнцыю, каб «не ў адзіночку прабіваць гэты мур галавой». Аднак нягледзячы на тое, што ў краіне хапае энтузіястаў і архітэктараў, якім блізкія ідэі экадамоў, паўнавартаснай вытворчасці ніхто з іх пакуль не арганізаваў.
— Па сутнасці, мы разглядаем у якасці канкурэнтаў тых, хто правільна робіць дамы па такой жа канцэпцыі — экалагічныя пара- і газапранікняльныя танныя і добра ўцепленыя. Таму што можна невялічкі пласт саломы пакласці — дом будзе экалагічным, але халодным. Вось нядаўна на рынак прыйшла кампанія (мы сутыкаліся і кантактавалі на выставах), якая вырабляе панелі з саломай, аднак нам не вельмі імпануе іх праект, бо яны запячатваюць салому ў паранепранікняльныя панелі, але яна там паступова псуецца. Наогул, канкурэнцыі мы ніяк не баімся, бо калі спажыўцы нас зразумеюць — гэтага рынку хопіць усім. Іншая справа, што на гэтым рынку правіць тое, што правіць ва ўсім свеце, — эксцэнтрычнасць, шоў. Цяпер можна лёгка і хутка раскруціць сыры прадукт, стварыць шум — і цябе імгненна купяць. Але гэта не тое, чаго мы дамагаемся. Ёсць лёгкія шляхі зарабляць бізнесам, мы ж займаемся інавацыяй. А інавацыя — гэта тая рэч, якая на першы час не патрэбна нікому.
Тым не менш, кажа Уладзімір, паступова цікавасць да такіх дамоў прачынаецца, людзі пачынаюць задумваюцца пра сваё здароўе, пра месца, дзе яны праводзяць палову, калі не большасць часу. Аднак відавочна, што з такой малой колькасцю замоваў цяжка зрабіць прыбытковы праект. Уладзімір Крупскі гэта не аспрэчвае:
— Ёсць наш ліцэнзійны вытворца ў Жодзіна — паступіла замова на домакамплект, ён зрабіў і прадаў. Ёсць будаўнікі, якія працуюць па дамове, яны выканалі працу — атрымалі за яе грошы. Яны працуюць на прыбытак. А ёсць распрацоўшчыкі — гэта мы, якія ўклалі туды столькі грошай, што іх не акупіць яшчэ і дзясятак дамоў. У папярэднія гады было шмат эксперыментаў, шмат выпрабаванняў — мы ў гэта ўклалі свае грошы, на практыцы давялі тэхналогію да розуму. Калі з гэтага пункту гледжання разглядаць — канешне, гэта цяпер не прыбыткова. Прыбытковай для нас можа быць толькі перспектыва, калі мы знойдзем інвестыцыі.
А інвестыцыі «Экакуб» актыўна шукае — і, верагодна, небеспаспяхова. Па словах Уладзіміра Крупскага, у Еўропе зацікавіліся іх распрацоўкай, у прыватнасці, той мадыфікацыяй «экакубіка», якая прызначана для масавай аўтаматызаванай вытворчасці.
— Такія кубы злучаюцца ў сценку без шрубаў. Новая тэхналогія дазваляе вырабляць вялікія аб’ёмы элементаў, якіх хопіць для зборкі дзясяткаў, соцень дамоў у месяц. На дадзены момант гэтая распрацоўка яшчэ тэсціруецца, а ў наступным годзе «Экакуб» плануе зладзіць яе прэзентацыю.