24.11.2015 / 10:11

У мінулыя 7 дзён валанцёры таварыства «Зялёная сетка» і дабраахвотнікі прымалі ўдзел у акцыі-эксперыменце «Тыдзень без пластыка». Па ўмовах удзельнікі павінны былі, не змяняючы сваіх штодзённых звычак, збіраць усю пластмасу, якую даводзіцца набываць разам з прадуктамі і некаторымі рэчамі. Напрыканцы акцыі Зялёны партал папрасіў іх прааналізаваць, колькі ўсяго яе атрымалася, і ўласнае стаўленне да гэтага, а таксама вызначыць, што было самым складаным ў эксперыменце. Вашай увазе, шаноўныя чытачы, мы прапаноўваем невялікую фотасправаздачу з дзённікаў удзельнікаў.

Другі год запар Зялёная сетка ініцыюе акцыю «Тыдзень без пластыка», якая заклікае людзей звярнуць увагу на праблему празмернай колькасці пластыкавых адходаў, што пакідаюць яны штодня пасля сябе. І калі ў мінулы раз мы прасілі людзей пражыць тыдзень, не набываючы прадукты і рэчы, якія ўтрымліваюць пластык, то на гэты раз усё наадварот: удзельнікі павінны былі весці свой звычайны вобраз жыцця, не абмяжоўваючы сябе ні ў чым. Паглядзім, што з гэтага атрымалася!

Асаблівых складанасцяў сартыраваць асобна пластык ні ў кога з удзельнікаў не ўзнікла, бо большасць з іх займаецца гэтым не першы год.

«Сартыраваць смецце для мяне — штодзённая звычка. Ідэя набываць пластык «у штатным рэжыме» і складаць яго ў адным месцы не выклікала ў мяне ніякіх цяжкасцяў, бо, як аказалася, яго я спажываю ня так ўжо і шмат, прынамсі, у параўнанні з маім суседкамі», — дзеліцца ў сваім дзённіку Люся.

«Асабліва яркіх уражанняў няма, бо і раней смецце сартыравала пастаянна. Складаней усяго ў гэтым эксперыменце было данесці адходы да дому...» — піша Ленка.

У пачаткоўца жа галоўным пытаннем стала: «А ці пластык гэта?» — бо, на жаль, дакладных парад і інструкцый для шырокага кола насельніцтва ў нашай краіне не існуе. Таму ў вядро адпраўлялася ўсе, што магло хоць неяк быць прылічаным да пластыка.

Адзінае, што ня трэба ўжо нікому тлумачыць: тую ці іншую пластыкавую ёмкасць можна выкарыстоўваць паўторна, а ў краму лепш браць свае фасовачныя пакецікі, таксама чыстыя і прыдатныя, цэлыя, выкарыстоўваць іх, напрыклад, для замарозкі прадуктаў ці для прыборкі за сваімі гадаванцамі на вуліцы.

«Тое, што малочныя прадукты без пластыка не набыць, усім даўно зразумела. Тут магчымы толькі выбар паміж упакоўкай. Час ад часу я бяру ў бутэльках, бо ў іх пасля зручна захоўваць сыпучыя прадукты. Але, вядома, набываючы ля 3 упаковак малака ці кефіру ў тыдзень, бутэлькамі можа забяспечыць і ўсіх сваіх суседзяў. Рудуе, што такое смецце яшчэ можна перапрацаваць. Для эканоміі можна браць у пакетах, у такім выпадку я пасля іх мыю і выкарыстоўваю па неабходнасці», — кажа Надзея.

«Пакеты выкарыстоўваюцца для пераўпакоўкі дома прадуктаў, напрыклад, курыцы, разабранай на парцыённыя часткі. Ёсць магчымасць некаторыя пакеты выкарыстоўваць паўторна: яны сухія, чыстыя, і, напрыклад, пасля садавіны ў іх можна пакласці нейкія дробныя дзіцячыя рэчы ці цацкі на вуліцу», — раіць Ганна.

«Невялікія пакеты не выкідаем амаль ніколі, бо ў нас сабака, а значыць, яго трэба выгуліваць на вуліцы і прыбіраць за ім. Пакет і газета — нашы немудрагелістыя інструменты. Пакеты-майкі выкарыстоўваем для збора смецця — зручна, эканомна і па другому разу выкарыстоўваем», — падкрэслівае Алеся.

З усяго пластыкавага, што назбіралі ўдзельнікі за тыдзень, пераважаюць ПЭТ-бутэлькі і фасовачныя пакецікі, ад якіх вельмі складана адмовіцца ў крамах, а таксама рознага кшталту ўпакоўка з-пад прадуктаў, якой сёння, на жаль, альтэрнатывы ў Беларусі не існуе.

«У апошні час я мала, што набываю. На гэтым тыдні — малочныя прадукты і корм для сабакі. Свайму гадаванцу я вару 4 літры ежы кожны дзень, гэта з паўпачкі крупы. А дзе ў нас можна набыць крупу на вагу? Я пакуль не знайшла. Ды й, набываючы на рынку косткі і абрэзкі, прадаўцы клапатліва замест аднаго, але моцнага пакета кладуць усё ў некалькі «маек». Рэкорд быў 4 пакеты за адзін раз», — дзеліцца Надзея.

«Як і раней, цяжэй за ўсё было адмовіцца ад поліэтыленавых пакетаў, якія навязваюць паўсюль. Больш за ўсё атрымалася ўпакоўкі — з-пад халвы, крупы, хлеба, шкляначак ад ёгуртаў», — распавядае Марыя.

У цэлым нашы ўдзельнікі прызнаюць, што эксперымент атрымаўся вельмі карысным і наглядным, дазволіў прааналізаваць, колькі смецця ўтварае адзін чалавек у звыклым рэжыме паўсядзённасці.

«Многія з нас не заўважаюць і не надаюць вялікага значэння такім важным дробязям, як сартыроўка смецця. Напрыклад, я, мыючы чарговы пластыкавы пакет, глыбока не перажываю за ўсіх жывёл, што могуць пацярпець ад гэтага смецця, ці мяне не хвалююць шляхі здабычы нафты для вытворчасці кантэйнераў для нас. Але дастаткова ўсяго аднойчы зразумець, як вырабляюцца і ўтылізуюцца гэтыя тавары, усвядоміць, што і ты можаш быць карысным і нешта змяніць», — падводзіць вынік Кацярына.

«Выснова з эксперыменту адна: далоў пластык! Упакоўка ў Беларусі павінна перайсці на новы ўзровень, стаць больш экалагічнай. Безумоўна, мы будзем працягваць сартыраваць смецце. А можа, нават і ствараць крутыя рэчы з другаснай сыравіны. Напрыклад, мяне вельмі натхняе ідэя цацак і прадметаў дэкору, якія набіваюцца поліэтыленавымі пакетамі», — піша Карына.

Для некаторых жа ўдзельнікаў гэты тыдзень стаў сапраўдным квэстам:

«У першы ж дзень эксперыменту дзеці ўспрынялі яго як гульню, і наш пакецік паступова напаўняўся розным пластыкам... У канцы адчуване не самае прыемнае, нават стала крыху сорамна, што столькі «нагадзілі». Суцяшае толькі адно: калі ўсе, абсалютна ўсе жыхары нашага мікрараёна, горада, краіны пачнуць аддзяляць пластык ад астатняга смецця, і яго стане магчымым перапрацоўваць, то нашым праўнукам застанецца «зялёная» планета», — рэзюмуе Таццяна.

Таварыства «Зялёная сетка» і Зялёны партал дзякуюць ўсім, хто адгукнуўся на эксперымент і ў далейшым адважыцца крыху змяніць сваё жыццё і больш ашчадна ставіцца да рэсурсаў Зямлі і навакольнага асяроддзя ў цэлым.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Правілы сартыроўкі смецця: што мусіць трапіць у жоўты кантэйнер, і для чаго там не знойдзецца месца?

Биоразлагаемый пластик не решит проблему загрязнения Мирового океана

Проверено на себе: Как я пыталась прожить день, не покупая лишний пластик

Пластык у рознічным гандлі: як сысці з крамы без пакета?

В Минске, Солигорске и Витебске развернулась антипластиковая кампания: «Спасибо» каждому, кто откажется от пакета!

Автор:
Фотограф:
Удзельнікі эксперыменту «Тыдзень без пластыка»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость