24.11.2022 / 15:11

Кліматычныя дыпламаты дамовіліся аб новым фінансаванні кампенсацыі «Страт і шкод» («Loss and damage»), выкліканых зменай клімата. Тым часам пытанне выкапнёвага паліва так і не было вырашана на гэтым саміце.

Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27
Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27

 

Nothing special. Лепей не стала, але ж не стала і горш

19 лістапада скончыўся COP-27. Прадстаўнікі краін-падпісантаў рамачнай канвенцыі ААН па змене клімата абмяркоўвалі фінальны дакумент амаль да апошняй хвіліны. У выніку яны ўсё ж падпісалі новы праект фінансавання па «стратах і шкодах» («Loss and damage»), выкліканых зменай клімата.

Гэты трэк, які прапанаваў Еўразвяз, можна лічыць галоўным дасягненням саміту. Але ж існуе цэлы шэраг пытанняў, якія не дазваляюць назваць гэты COP перамогай кліматычнага актывізму. Напрыклад, нічога не вырашылі з выкапнёвым палівам, якое застаецца галоўнай крыніцай выкідаў парніковых газаў. Многія канструктыўныя ініцыятывы па ім краіны нават блакавалі.

Былі і іншыя складанасці на саміце, якія адлюстроўваюць тое, у якім стане знаходзіцца сёння сусветнае грамадства, і з якімі праблемамі сутыкаецца. COP-27 праходзіў у Егіпце, краіне, якая вядома рэпрэсіямі супраць актывістаў.

Таму грамадскія арганізацыі лічылі неабходным падняць пытанне свабод і правоў на гэтым саміце. Гэтага не адбылося. Але ж саміт прывабіў увагу да некаторых палітвязняў Егіпта. Дарэчы, людзі даведаліся пра тое, што яны ёсць. Напрыклад, імя дэмакратычнага актывіста Абдэль Аль-Фата стала вядомым сусвету, а сам ён вырашыў спыніць галадоўку.

«Можна казаць, што COP быў пра тое, што краіны пацвердзілі свае мэты, пастаўленыя год таму. Што яны гатовы рабіць тое, што абяцалі ў Глазга»,- распавяла Зялёнаму парталу кліматычная актывістка і каардынатарка CAN УЕКЦА (Climate Action Network Усходняя Еўропа Каўказ Цэнтральная Азія) Вольга Бойка.

Вольга Байко
Вольга Байко

Пэўна, галоўнае ўражанне, якое адчуваецца пры размове з рознымі кліматычнымі актывістамі і экспертамі: СOP – можа, самае мэйнстрымавае, але ж не галоўнае мерапрыемства ў кліматычнай палітыцы.

З часам ён усё больш ператвараецца ў нешта накшталт Еўрабачання ці Чэмпіяната свету. Так, тут усё яшчэ прымаюцца асноўныя кліматычныя дакументы, але ж праца ідзе працягам усяго года. Тыя ж інструменты фінансавання будуць удакладняцца пасля заканчэння COP, а новыя механізмы дасягнення вугляроднай нейтральнасці могут абмяркоўвацца, напрыклад, на канферэнцыі ў Бонне.

 

Краіны прынялі новы інструмент фінансавай кампенсацыі за страты і шкоды, выкліканыя зменай клімата

Але ж пакуль не дамовіліся, хто іх будзе плаціць.

Стварэнне фонда ці трэка Loss and damage абмяркоўвалася з 2013 года. Усе краіны згодныя з тым, што неабходна фінансавая кампенсацыя тых страт, што адбыліся ў выніку змены клімату. Але ж ніхто не жадае браць на сябе дадатковую адказнасць. Асабліва фінансавую.

Сутнасць гэтага фонду ў тым, каб зрабіць устойлівыя механізмы дапамогі краінам, якія больш усяго церпяць ад змены клімату. З пункту гледжання кліматычнай палітыкі адказнасць павінны, па першае, ўзяць эканамічна развітыя дзяржавы, якія за кошт выкідаў больш за ўсіх паўплывалі на змену клімата. Але багатыя краіны сёння не спяшаюцца станавіцца добраахвотнымі донарамі. Таму менавіта па пытаннях Loss and Damage было шмат спрэчак, а абмяркоўванне гэтага дакумента зацягнулася да апошніх хвілін COP-27.

«Loss and damage – гэта такія наступствы змены клімата, да якіх немагчыма адаптавацца. Напрыклад, страта краінамі сваіх тэрыторый ці поўнае разбурэнне інфраструктуры, ці экасістэм», - кажа кліматычная экспертка і журналістка Ангеліна Давыдава, якая з'яўляецца назіральніцай на перамовах ААН па змене клімата з 2008 года.

Ангеліна Давыдава
Ангеліна Давыдава

Раней фонды кліматычных фінансаў рабілі акцэнт на кампенсацыі па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Але ж таксама шмат краін пакутуе ад страт, выкліканых непасрэдна наступствамі змены клімата. Напрыклад, затапленнямі, засухай ці іншымі анамальнымі з'явамі. Большасць з гэтых краін толькі развіваюцца, таму патрабуюць эканамічнай дапамогі. Якую якраз мусяць аказваць развітыя краіны, прамысловасць якіх да змены клімата непасрэдна й прывяла.

У выніку на COP-27 механізм фінансавай дапамогі па «Стратах і шкодах / Loss and Damage» быў створаны, і гэта можна назваць галоўным дасягненнем саміту.

«Сродкі ў трэк Loss and Damage развітыя краіны будуць уносіць добраахвотна, але ж выкарыстоўваць іх змогуць толькі так званыя «краіны, якія развіваюцца, і якія з'яўляюцца асабліва ўразлівымі да розных наступстваў змены клімата, – тлумачыць Ангеліна Давыдава. – Гэтая фармулёўка была спецыяльна зацверджаная на COP27 для таго, каб прэтэндаваць на гэты трэк фінансавання маглі толькі найболей бедныя і ўразлівыя краіны. Асабліва на гэтым настойваў Еўразвяз, які пільна сачыў за тым, каб у гэты спіс не трапілі, напрыклад, Кітай ці Саудаўская Аравія».

Дарэчы, стварэнне фінансавага фонду Loss and Damage стала не адзіным механізмам эканамічнай дапамогі, які быў названы і падтрыманы на COP-27. Былі ўхваленыя фонды па падтрымцы энергетычнага пераходу ў ЮАР, Інданезіі і В'етнаме. Каля двух мільярдаў даляраў на адаптацыю да змены клімата павінна атрымаць Афрыка.

Такім чынам, больш развітыя краіны прадоўжаць фінансаванне зялёнага падыходу. Вядома, што казаць пра новыя фонды па-ранейшаму прасцей, чым насамрэч даваць грошы. Але ж распрацоўка розных механізмаў працягваецца. Як мы бачым, вялікія трэкі ствараюцца. Пакуль да канца незразумела, як яны будуць працаваць, хто колькі будзе ў іх уносіць, але ж зроблены вялікі крок да эканамічнай падтрымкі краін, якія больш усяго церпяць ад змены клімата.

 

Вугляроднае паліва застаецца галоўным пытаннем

«Краіны, якія жывуць за кошт продажу газа, нафты і іншага вугляроднага паліва – у тым ліку Егіпет, які прымаў гэты COP, ці Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, якія будуць прымаць саміт у наступным годзе – не паказалі сябе сёння кліматычнымі лідарамі», - распавядае Вольга Бойка.

Галоўнай перашкодай на шляху да кліматычнай нейтральнасці застаюцца прыхільнікі вугляроднага выкапнёвага паліва, якія жорстка адстойваюць свае правы.

У Глазга на COP-26 у мінулым годзе ў фінальны дакумент-рэзалюцыю нарэшце быў уключаны пункт пра выкапнёвае паліва. Але ж зроблена гэта было ў мяккіх фармулёўках, калі казалі не аб адмове, а аб памяншэнні яго выкарыстання. Кліматычныя актывіста ў гэтым годзе намагаліся дасягнуць адказу ад выкапнёвага паліва на ўзроўні фінальнага дакумента саміту, але ж сутыкнуліся з больш жорсткім супрацівам, чым год таму.

Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27
Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27

Энергетычны крызіс, выкліканы вайной, павялічыў стан прыхільнікаў «старога свету», які жыве за кошт выкідаў. Адчуўшы магчымасць неяк паўплываць на прыняцце рашэнняў, на саміт прыехала самая вялікая колькасць вугляродных лабістаў за ўсю гісторыю COPа – 636 чалавек, што на чвэрць больш, чым год таму. Гэта больш за любую дэлегацыю любой краіны-удзельніцы. У выніку шмат прапаноў па вугляроднаму паліву было заблакавана.

«На гэтым COPе кліматычныя актывісты намагаліся дабіцца адмовы ад выкапнёвага паліва – не толькі вугля, але ж нафты і газу. Нават Індыя, як адна з краін з інтэнсіўнай прамысловасцю, гатова была падтрымаць гэта намаганне. Але ж у выніку ў фінальным дакуменце ад такога рашэння адмовіліся», - каментуе Вольга Бойка.

Адной з галоўных мэт лабістаў было падтрымаць газ і атамную энергетыку як кліматычна нейтральную і «зялёную». Асабліва актыўна ў гэтым удзельнічалі прадстаўнікі Расіі, якія сутыкнуліся на COP з ціскам, выкліканым рэакцыяй на ваеннае ўварванне ва Ўкраіну.

 

COP і вайна

На гэтым COP Украіна ўпершыню прадставіла свой павільён, на якім шмат гаварылася пра наступствы вайны для клімата. Таксама разам з Грузіяй і Малдовай быў арганізаваны асобны сайд-івент, на якім гаварылі пра ўплыў на клімат выкідаў ад вайсковай прамысловасці і ваенных дзей. Тое, што пра гэта пачалі гаварыць на высокім узроўні, зразумела, з'яўляецца добрым знакам. Але ж таксама зразумела, што вайна наносіць вялікі ўдар як па клімаце, так і па кліматычнай палітыцы ўсяго свету.

Вынікам ваеннага ўварвання стала не толькі актывізацыя вугляроднага лобі, якое паспрабавала выкарыстаць энергетычны крызіс у сваіх інтарэсах. Гэта таксама і павелічэнне выкідаў, выкліканых вайной.

Так, па дадзеных Міністэрства абароны наваколля і прыродных рэсурсаў, толькі за сем месяцаў вайны дадатковыя выкіды парніковых газаў склалі 33 мільёна тон. Каб параўнаць, за 2021 год Беларусь выкінула 57,2 мільёна тон парніковых газаў.

Падчас СОР27
Падчас СОР27

Неабходна дадаць, што, па першае, рэч ідзе менавіта пра дадатковыя выкіды, а, па другое, сёння даволі складана зрабіць поўны аналіз уплыву вайны на змену клімата. Таму ўплыў можа быць значна больш горшым.

Акрамя працы ў межах свайго павільёна ўкраінскія актывісты таксама намагаліся таго, каб выкапнёвае паліва было прызнана небяспечным не толькі для клімата, але ж і для незалежнага існавання краін.

З пачатку вайны такія ініцыятывы, як, напрыклад, Razam we stand, намагаюцца таго, каб падоўжыць эмбарга на расійскае вугляроднае паліва і паспрыяць таму, каб краіны ўсяго свету адмовіліся ад яго выкарыстання.

З пачатку вайны Расія зарабіла толькі на продажы вугляроднага паліва ў Еўропу каля 117 міліярдаў еўра. Зразумела, што гэта не ўсе грошы, якія атрымала краіна-агрэсар, і якія яна можа направіць на падтрымку ваеннага ўварвання.

Таму сёння можна з упэўненасцю казаць – пытання вайны непасрэдна звязана з пытаннямі клімата і вугляроднага паліва. Пакуль энергасістэмы краін будуць залежыць ад выкапнёвага паліва, будзь то нафта ці ўран, высокая верагоднасць канфліктаў будзе існаваць. А гэта яшчэ больш выкідаў і яшчэ больш хуткі рух да кліматычнай катастрофы.

 

Ці ёсць вынікі COPа для Беларусі і іншых краін рэгіёна?

На COP прысутнічала афіцыйная дэлегацыя з нашай краіны, але ж нейкага асабліва актыўнага ўдзела ў працы саміта яна не прыймала. Можна толькі нагадаць выступ пасла Беларусі ў Егіпце, які больш гаварыў пра эканамічны ціск выкліканы санкцыямі, чым пра новыя амбіцыйныя мэты дасягнення кліматычнай нейтральнасці.

Тым не менш, Беларусь таксама імкнецца вырашаць кліматычную праблему. У краіны ёсць нацыянальная стратэгія па адаптацыі для сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама стратэгія зніжэння рызыкаў, выкліканых прыроднымі бедствамі. Але ж, напрыклад, у галіне аховы здароўя ніякіх кліматычных праграм не распрацавана. Улічваючы закрыццё амаль усіх міжнародных праектаў з-за складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, на жаль, нейкага прарыву ў кліматычнай палітыцы Беларусі ў бліжэйшы час чакаць не даводзіцца.

Што датычыцца дзяржаўных мэт па скарачэнню выкідаў, то тут Беларусь узяла на сябе абавязак скараціць эмісію парніковых газаў не менш, чым на 35% ад узроўня 1990-га года. У перыяд распаду СССР падзенне прамысловай вытворчасці прывяло да фактычнага скасавання выкідаў амаль на 40%, таму кліматычныя амбіцыі краіны сёння неабходна прызнаць даволі пасрэднымі.

Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27
Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27

Калі ўсе іншыя дзяржавы будуць трымацца аналагічных абавязкаў, то дасягнуць мэт Парыжскага пагаднення па ўтрыманні катастрафічных наступстваў змянення клімату будзе немагчыма. Тым часам тэмпература ў краіне ўжо павялічылася на 1,4 градуса, што наглядна дэманструе: змены клімата адбываюцца з намі сёння і зараз.

Краіны рэгіёна 'Ўсходняя Еўропа, Каўказ, Цэнтральная Азія' увогуле былі даволі актыўнымі на саміце. Выступалі не толькі прадстаўнікі ўлады, але ж і грамадскія арганізацыі. Так, напрыклад, свой асаблівы павільён прадставіла не толькі Ўкраіна, але і Таджыкістан.

Галоўнай мэтай было паказаць, што краіны ЎЕКЦА не толькі адносяцца да тых, што развіваюцца, але ж ужо сёння таксама церпяць ад змены клімата. Такога падыходу жадаў дабіцца, напрыклад, Узбекістан, прадстаўнікі якога распавядалі пра ўсыханне Аральскага мора. Пра свае амбітныя цэлі па скарачэнні выкідаў казалі як краіны Цэнтральнай Азіі, так і Каўказа.

«Гэта тыя краіны, якія не выкідалі шмат парніковых газаў, але знаходзяцца на тэрыторыях, якія церпяць ад змен клімату. Сёння важна, каб іх голас можна было пачуць, і яны таксама атрымалі дапамогу, - кажа Вольга Бойка. - Добрым знакам з'яўляецца тое, што краіны з нашага рэгіёна становяцца больш бачнымі, і што дэлегаты і кліматычныя дыпламаты шукаюць з імі кантакту, ідуць на перамовы».

Тут можна дадаць, што найбольш ціхімі, нябачнымі і неамбіцыйнымі на COP-27 былі выступы якраз Расіі і Беларусі, якія мала гаварылі пра новыя кліматычныя мэты, а больш скардзіліся на негатыўны эканамічны ўплыў санкцый.

 

Вырашыць праблемы, вызваныя зменай клімата, немагчыма без абароны праў чалавека

«Пэўна, адным з галоўных дасягненняў, якія я бы адзначыла на COP, было тое, што тэма праў чалавека гучала даволі голасна. Гэта было ўпершыню, калі параўноўваць з іншымі самітамі», - распавядае Вольга Бойка.

На думку кліматычных актывістаў і экспертаў, гэта можа і нават павінна стаць адной з галоўных тэм, якая будзе абмяркоўвацца на ўсіх сустрэчах, канферэнцыях і мерапрыемствах. Бо парушэнне праў людзей прыводзіць да ўзмацнення аўтарытарных рэжымаў, якія выкарыстоўваюць спажывецкія пачуцці чалавецтва, каб нанесці яшчэ большы ўрон планеце.

«Мы жадаем жыць у бяспецы. Мы жадаем, каб на стале было дастаткова ежы. Свабода ад страху – асноўнае права чалавека. Пераадоленне кліматычнага крызісу – гэта не акт дабрачыннасці. Гэта акт справядлівасці», - заявіў на саміце Йеб Санё (Yeb Saño), выканаўчы дырэктар Greenpeace Паўднёва-Усходняй Азіі.

Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27
Акцыя кліматычных актывістаў падчас саміту СОР27

Пакуль пра правы чалавека больш гавораць грамадскія актывісты. Але ж іх голас становіцца ўсё больш гучным і ўсё больш чутным. Неабходна, каб намаганні як кліматычных дыпламатаў, так і актывістаў былі арыентаваныя на дасягненне свабоды і на абарону праў. Гэта павінна стаць падмуркам, высновай, на якой магчыма будаваць адаптацыю да змены клімата.

Трэба, каб больш людзей зразумела, што выкарыстанне выкапнёвага паліва – гэта сродак пазбаўлення свабоды. Што такія дзяржавы як, напрыклад, Расія,  выкарыстоўвае яго для падтрымкі сваіх каланіяльных амбіцый.

Чым хутчэй гэтае ўразуменне прыйдзе, тым лягчэй будзе адмовіцца ад выкапнёвага паліва і знізіць колькасць выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Дасягнуць гэтага магчыма толькі тады, калі міравая супольнасць будзе не толькі гаварыць, але і мацней абараняць правы чалавека на свабоду і здаровае наваколле.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость