«Пабачыўшы запрашэнне ў Facebook прыняць удзел у акцыі, я пацікавіўся, ці можна далучыцца не індывідуальна, а арганізацыяй», — распавядае нам Уладзь пра тое, як узнікла ідэя паспрабаваць свае сілы ў «Тыдні без пластыка».
Яго калегі аднесліся да ідэі эксперыменту з вялікім захапленнем. Некаторыя супрацоўнікі нават так увайшлі ў раж, што сталі адмаўляцца ад залішняга набыцця і выкарыстання пластыка і па-за межамі свайго офіса.
«Кацярына, наш праектны кансультант, адмаўлялася ад кавы ў пластыкавых шкляначках, калі была дзесьці. І ўвогуле гэта тэма на працягу ўсяго тыдня пастаянна была на паверхні. Мы абмяркоўвалі ''а ці пластык гэта, ці ідзе ён далей у перапрацоўку"», — кажа суразмоўца.
За 7 дзён на офісе, дзе працуюць 4 чалавекі пастаянна і асыстэнт на паўстаўкі, атрымалася сабраць адно вядро адходаў. У большасці сваёй у яго ўвайшлі поліэтыленавыя пакеты, бутэлечкі і шкляначкі з-пад ёгуртаў, абгорткі ад сыркоў, мюслі — упакоўка ад таго, чым звычайна перакусвае чалавек за дзень на працы.
Не засталася без увагі і магчымасць выкарыстоўваць пластыкавыя адходы паўторна нават ва ўмовах офіснага жыцця. «Пару дзён у мяне не хапала часу, каб кудысці схадзіць і перакусіць, бо запускаўся конкурс. І мой калега прынёс мне са сталовай абед у пластыкавым кантэйнеры. Затым яго яшчэ некалькі разоў выкарыстоўвалі з гэтай жа мэтай», — дзеліцца Уладзь.
Па завяршэнні тыднёвага эксперыменту было прынята рашэнне працягваць сартыраваць пластык ад іншых адходаў на офісе Talaka.by і надалей. Тым больш, што супрацоўнікі ўжо збіраюць батарэйкі і з нядаўняга часу, як толькі атрымалі спецыяльны кантэйнер ад «Белгіпс», разам з суседняй фірмай адсартыроўваюць макулатуру.
«Павінны быць рэфлексіўны падыход не толькі да пластыкавых адходаў, але і ў цэлым да сартыроўкі смецця. Проста сесці і падумаць пра гэта. Калі бізнес хоча быць сацыяльна адказным, то ў першую чаргу трэба пачаць са свайго офіса, паглядзець, як можна быць больш устойлівым і аптымізаваць свае адходы», — дае параду бізнес-структурам Уладзь.
Тым больш, што сёння рабіць гэта не так складана, і ў такім падыходзе ёсць пэўны сэнс і запатрабаванасць. Аб гэтым можна меркаваць па тых жа праектах, якія існуюць на платформе Talaka.by, ільвіная доля якіх належыць менавіта экалагічнаму накірунку. Магчыма, у хуткім часе, выбіраючы тую ці іншую фірму, кліенты будуць звяртаць увагу не толькі на кошты паслуг, але і на ўстойлівасць і прыязнасць арганізацыі да навакольнага асяроддзя.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Правілы сартыроўкі смецця: што мусіць трапіць у жоўты кантэйнер, і для чаго там не знойдзецца месца?
Биоразлагаемый пластик не решит проблему загрязнения Мирового океана
Проверено на себе: Как я пыталась прожить день, не покупая лишний пластик