Прыпяць
Горад Прыпяць быў заснаваны ў лютым 1970 годзе, пры пачатку будаўніцтва Чарнобыльскай атамнай станцыі. І, адпаведна, з'яўляўся спутнікам АЭС — населеным пунктам для работнікаў і абслугоўваючага персанала станцыі. Будаўніцтва яго вялося ўдарнымі тэмпамі сіламі ўсяго Савецкага Саюза.
Па горадабудаўнічай задуме, аўтарамі якой стала група маскоўскіх архітэктараў пад кіраўніцтвам Мікалая Астажэнкі, горад фарміраваўся па прынцыпу трохкутнай забудовы, для якой характэрна сумесь жылых дамоў стандарнай і павышанай павярховасці з ярка вызначаным цэнтрам.
Дзякуючы ўнікальнаму па тым часе падыходу да планавання гарадской інфраструктуры, візуальна стваралася адчуванне прасторы паміж будынкамі. Таксама гэта мэта дасягалася раўнакутным размяшчэннем вуліц і праспектаў, што ў будучым давала магчымасць пазбегнуць аўтамабільных затораў.
Для горада гэта было важна, бо на Прыпяць ускладалі, акрамя "спутніка атамнай станцыі", функцыю перавалачнага пункта на скрыжаванні транспартных шляхоў.
Першапачаткова праектам было закладзена, што ў горадзе будзе пражываць 75-85 тысяч чалавек. Аднак па дадзеных апошняга перапіса насельніцтва, у 1985 годзе на тэрыторыі горада жыло 47 500 чалавек.
Сёння ж Прыпяць — закрыты горад-прывід, сымбаль неўтаймаванасці "мірнага" атама, што зарастае зелянінай, быльнягом, захоўваючы ў сабе радыяцыйную небяспеку. І тым самым вабячы індустрыяльных турыстаў і сталкераў.
У начы з 25 на 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай станцыі пры правядзенні выпрабаванняў на чацвёртым энергаблоку адбыўся выбух. На той момант наўрадці хтосьці мог падумаць, што гэта здарэнне стане самым маштабным і страшным у ХХ стагоддзі, звязанае з "мірным" атамам.
Пад раніцу пажар, які ўзнік пры выбуху, быў ліквідаваны і, нягледзячы на высокі ўзровень радыяцыйнага фону і запыт, дырэкцыя ЧАЭС эвакуацыю насельніцтва вырашыла не праводзіць.
Як толькі стала зразумела, што рэактар цалкам разбураны і ў наваколле працягвае паступаць вялікая колькасць радыяцыйных рэчываў, пытанне адсялення насельніцтва горада паднялі зноў. Дзяржаўная камісія загадала сцягнуць да горада транспарт — аўтобусы і грузавыя аўтамабілі, дызельныя цягнікі. Аднак канчаткова рашэнне пра эвакуацыю было прынята толькі на раніцу 27 красавіка.
У другой палове дня, на наступныя суткі пасля аварыі, горад Прыпяць апусцеў. Людзі пакідалі свае дамы, беручы толькі самыя неабходныя рэчы і дакументы з надзеяй вярнуцца ў свае кватэры.
Аднак гэтаму не было наканавана адбыцца. У далейшым, напачатку мая таго ж года, было прынята рашэнне аб адсяленні населеных пунктаў у 30-цікіламетровай зоне ад станцыі.
Пасля правядзення дэзактывацыі арганізацыі зоны адчужэнняў працягвалі эксплуатавацца некаторыя будынкі ў Прыпяці . Але сёння большасць з іх ужо закінутая. Функцыянуе толькі некалькі аб'ектаў кшталту спецпральні, станцыі абезжалезвання і фтарыравання вады, гараж спецтэхнікі і кантрольна-прапускны пункт на ўездзе ў горад.
Вісагінас (да 1992 года Снечкус)
Будаўніцтва горада пачалося ў 1975 годзе. Як і свайму папярэдніку Прыпяці, Вісагінасу была наканаваная роля "спутніка" атамнай станцыі — Ігналінскай, якую большасць сёння ведае, як здымачную пляцоўку некаторых сцэн серыяла HBO "Чарнобыль" ці тую, што выводзяць з эксплуатацыі па ўмовах уступлення Літвы ў Еўрапейскі Звяз.
Вісагінас ўзводзіўся як сучасны горад для тых часоў: шматкватэрныя павярхоўкі, прадуманая сетка шырокіх вуліц, камунікацыйныя сістэмы, сацыяльна-грамадскія ўстановы.
Аўтары архітэктурнага праекту леніградскія архітэктары Барыс Локцеў і Юрый Вуйма ўлічылі не толькі горадабудаўнічыя тэндэнцыі, але і неабходныя ўмовы планавання гарадской прасторы з улікам функцыянальнага прызначэння Вісагінаса.
Таму шырокія праспекты — не для стварэння візуальнай свабоды, а для магчымасці хутка эвакуяваць насельніцтва пры аварыі на атамнай станцыі.
Па словах Яўгена Шукліна, сябры гарадской Рады Вісагінаса, па праекце было закладзена адсяленне насельніцтва за 40 хвілін. Пры гэтым пацярпелых ад аблучэння за межы Вісагінаса вывозіць не павінны былі, для гэтых мэтаў на тэрыторыі горада заставалася функцыянаваць бальніца.
На будаўніцтва горада і Ігналінскай АЭС прыязджалі спецыялісты з усяго Савецкага Саюза, у тым ліку і з будаўнічых войскаў. У Вісагінасе было ўзведзена 248 дамоў пяці і шасці паверхаў.
Па праектнай задуме ў горадзе павінна было пражываць да 80 000 чалавек. Аднак на развіццё Вісагінаса паўплывала аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
У 1986 годзе на пляцоўцы Ігналінскай АЭС рыхтавалі да запуску другі энергаблок і узводзіўся трэці. Пасля падзей на Чарнобыльскай АЭС планы па запуску і наладцы блока было вырашана перанесці на 1987 год.
Будаўніцтва трэцяга блока, нягледзячы на яго гатоўнасць на 60-70%, спынілі і распачалі адваротны працэс — дэмантаж. Ажыццявіць план удалося толькі ў 1989 годзе.
Перасталі забудоўваць і горад. На момант аварыі на ЧАЭС у Вісагінасе пражывала 36 000 чалавек.
У 2001 годзе Урад Літоўскай Рэспублікі зацвердзіў праграму спынення і вываду з эксплуатацыі першага энергаблока станцыі. Гэта была адна з умоваў уступлення краіны ў Еўразвяз. 31 снежня 2004 года першы блок быў спынены; у 2009 годзе спынены — другі. У 2010 годзе пачаўся дэмантаж абсталявання і сістэм станцыі.
На момант спынення атамнай станцыі многія работнікі згубілі працу. У планах уладаў існаваў намер па пабудове новай атамнай станцыі ў непасрэднай блізасці ад Ігналінскай у кааперацыі з Латвіяй, Эстоніяй і японскай кампаніяй Hitachi да 2021 года. Але ад ідэі давялося адмовіцца праз эканамічны крызіс.
Як сцвярджае Яўген Шуклін, пры прыняцці рашэння аб закрыцці станцыі не прадумалі момант развіцця інфраструктуры для занятасці і перакваліфікацыі людзей. Цяпер жа на атамнай станцыі працуе ўсяго 2200 чалавек, яшчэ 600 заняты на швейнай фабрыцы — гэта, бадай, два самых буйных прадпрыемствы ў горадзе.
Нягледзячы на тое, што прадугледжаны поўны дэмантаж будынкаў Ігналінскай станцыі, іх можна скарыстаць на карысць Вісагінаса, ператварыўшы ў дата-цэнтры, ва ўсялякім разе такія варыянты разглядае карпарацыя Google, дзеліцца Яўген.
У астатнім жа Вісагінас можа стаць папулярным турыстычным месцам, гэтаму спрыяе прыроднае асяроддзе — горад размешчаны на беразе возера і акружаны лясамі. Нават сярод двароў, што так натуральна захоўваюць дух савецкага мінулага, сваё месца захавалі высачэзныя сосны.
Астравец
Горад мае даўнюю гісторыю. Першыя згадкі пра яго значацца ў летапісах яшчэ за 1468 год, калі Юрый Гаштольд, уладар Геранёнаў, запісаў касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі і Ўсіх Святых фундуш у дзьве меры мёду штогод.
Астравеччына ў свой час была ў цэнтры многіх палітычных падзей: паўстанне Касцюшкі, адступленне Напалеона, паўстанне 1830-1831 гадоў, Першая сусветная вайна. Але ў гісторыі незалежнай Беларусі мястэчка жыло ціхім жыццём памежжа з Еўразвязам.
Новую старонку гісторыі Астравец пачаў у 2008 годзе, калі пляцоўку ў 18 кіламетрах ад яго выбралі пад будаўніцтва першай ў нашай краіне атамнай станцыі. Раптоўна назва невялікага населенага пункта загучала на ўвесь свет. Аднак ніхто не браўся ўзгадваць былую славу Астраўца, позіркі былі скіраваны ў будучыню, мястэчку наканавана было набыць статус горада і ператварыцца ў спутнік БелАЭС.
У 2010 годзе быў распрацаваны і зацверджаны генеральны план Астраўца з перспектывай яго развіцця як горада энергетыкаў Беларускай атамнай станцыі.
Дзеля гэтага архітэктары "БелНДІгорадабудаўніцтва" спраектавалі новы гарадскі цэнтр, заснаваны на жылой забудове з 3-4-5 павярховымі дамамі секцыйнага тыпу і асобнымі 6-ціпавярхоўкамі кропкавага размяшчэння. Не забылі ў праекце і пра ўчасткі з прыватнай забудовай, якія размешчаныя ў ваколіцах шматпавярховак.
З ростам насельніцтва Астраўца да 30 000 чалавек, закладзена будаўніцтва сацыяльна-культурных і гандлёвых аб'ектаў.
4 красавіка 2012 года Астравец атрымаў статус горада, на вуліцах з'явіліся светлафоры, першыя жыльцы засялілі кватэры ў новенькіх панэльных шматпавярхоўках.
З дзяржаўных медыя патокам льецца інфармацыя, як малады горад энергетыкаў ператвараецца ў — мару жыцця і будычыні, як ганарацца жыхары, што "будаўніцтва стагоддзя" выцягнула іх з нібыцця.
Працягваецца рыторыка стварэння новых рабочых месцаў і паляпшэння дабрабыту, і сацыяльнага становішча насельніцтва.
На фоне ўсяго гэтага бытавога шчасця непрыкметна адміраюць вёскі і хутары вакол станцыі, пусцеюць і нядбаюць хаты — моладзь імкнецца ў горад, старыя дажываюць свой век. Утвараецца зона адчужэння яшчэ не запушчанай БелАЭС. Пакошаныя зрубы становяцца прытулкам для рознай жыўнасці, але з часам іх зносяць і раўняюць з зямлёй.
Чым бліжэй запуск першага энергаблока БелАЭС, тым больш увагі прыкавана да таго, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы і вакол яе. Не адназначнымі і больш вострымі становяцца навіны пра надзвычайныя сітуацыі, хаця і да гэтага яны здараліся нярэдка. З горкім прысмакам іроніі выглядаюць спробы прадугледзіць усё, але ўжо хутчэй постфактум, чым на апярэджанне.
Горад Астравец працягвае разрастацца, быццам бы ў марафоне з будаўніцтвам станцыі. Толькі нейкі ўнікальны дабрабыт усё радзей праглядаецца ў штодзённым быце мястэчка. Ніхто не кажа пра працу мясцовых на "будоўлі стагоддзя", падаецца функцыянал іх скончыўся на этапе замеса бетона.
Здаецца, які Прыпяць ці Вісагінас, атамную станцыю ў Астраўцы будуюць усім былым Савецкім Саюзам. Толькі прыезджыя рабочыя, вахтавікі, камандзіровачныя не асабліва задаволены ўмовамі працы.
Якім быў Астравец, можна пачытаць у летапісах. Якім мог быць — застаецца мроіць. Што будзе з горадам — пакажа час.