28.04.2016 / 17:04

Журналістка са Швейцарыі С’юзан Бос нярэдка прыязджае ў Беларусь, каб падзяліцца з маладымі калегамі сваім прафесійным досведам. Так, на адной з сустрэч тэмай яе невялікай лекцыі стала атамная энергетыка, наступствы пасля самых буйных аварый на АЭС для навакольнага асяроддзя і чалавечыя ахвяры, падлік якіх вядзецца па сённяшні дзень.

Чарнобыль — першая ластаўка правалу «мірнага» атама

«У Швейцарыі рух супраць атамнай энергетыкі распачаўся яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, — пачала сваё выступленне С’юзан. — Першапачаткова ў мяне не было інтарэсу да гэтай тэмы. Усё змянілася, калі я паехала да сваіх сяброў ва Украіну ў 1993 годзе»...

Вядома, што праз 7 год пасля страшнай аварыі на Чарнобыльскай АЭС увесь свет ведаў пра адсяленне людзей, закрытую зону адчужэння, пацярпелых ліквідатараў, што адны з першых былі на месцы здарэння. Але ніхто не мог сабе ўявіць, наколькі страшнымі з'яўляюцца наступствы гэтай аварыі і як жудка выглядаюць закінутыя населеныя пункты, што трапілі ў «мёртвую» зону. С’юзан найбольш уразіла тое, што ў такім жудасным месцы працягваюць жыць людзі і нават больш — яны стараюцца забяспечыць сябе прадуктамі, вырошчваючы штосьці на забруджанай зямлі.

«Наступным разам я вярнулася ва Украіну ў 1995 годзе і на працягу некалькіх месяцаў займалася даследаваннем гэтага пытання. Я нелегальна бывала ў закрытай зоне, размаўляла з людзьмі. Мне хацелася зразумець, як яны жывуць. Брала інтэрв'ю ў ліквідатараў АЭС, старалася даведацца, якім чынам радыяцыя паўплывала на здароўе гэтых людзей», — працягвае свой аповед журналістка.

Зразумела, каб аб'ектыўна падаць інфармацыю пра забруджванне мясцовасці і заражэнне людзей радыяцыйнымі элементамі, што вырваліся ў адно імгненне з рэактара Чарнобыльскай станцыі, неабходна мець веды ў спецыяльных галінах навукі. Аднак, як адзначыла С’юзан, на той момант было проста дастаткова выслухаць людзей і простымі словамі данесці гэту інфармацыю да астатніх. Бо ад падобнай сітуацыі не застрахавана ні адна краіна свету, ні адзін чалавек. Але, на жаль, чалавецтва здольнае забывацца пра такія рэчы, і трымаць тэму небяспекі атамнай энергетыкі ў топе пастаянна наўрадці атрымаецца.

«Сёння магчыма абсалютна легальна наведваць тэрыторыю вакол Чарнобыльскай АЭС і рабіць адтуль фотаздымкі, знаходзіць жывёл з мутацыямі. Як толькі прападзе такая магчымасць, у людзей не застанецца інтарэсу ні да наступстваў, ні да тых падзей, што папярэднічалі гэтаму, — з жалем зазначае С’юзан. — І пры гэтым мы забываем пра небяспеку, якая крыецца ў радыяцыі, — элементах, што пастаянна ўздзейнічаюць на наш арганізм і наносяць па ім «удары». З улікам паўраспаду многіх з іх пік заражэння яшчэ чакае нас ў 2050-х гадах. Але тыя ж журналісты ўпускаюць гэту важную інфармацыю».

Згасанне інтарэсу і страху перад «мірным» атамам назіраецца не толькі сярод людзей, што непасрэдна працуюць з інфармацыяй, але і ў палітыкаў. Так, адразу ж пасля аварыі ў Чарнобылі ўрады многіх краін заявілі пра свой намер адмовіцца ад здабычы электраэнергіі на атамных станцыях. Аднак прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і ў свеце ўсё роўна працягваюць адкрывацца новыя АЭС. Хаця пры гэтым чалавецтва шукала больш бяспечныя крыніцы энергетыкі.

«Мы будуем не АЭС — мы ўзводзім вавілонскія вежы»

У 2005 годзе ў Фінляндыі распачалі будаваць новую атамную электрастанцыю, якую меркавалі здаць у 2009 годзе. Цана гэтай АЭС першапачаткова ацэньвалася ў 3,5 млрд $. Аднак, стараючыся скарациць выдаткі, кампанія-забудоўшчык пачала наймаць рабочых з Літвы, Польшчы, што выклікала вялікія моўныя і камунікацыйныя праблемы. У выніку будаўніцтва станцыі да гэтага часу не завершана, а кошт яе ўжо вырас да 9,9 млрд $.

Дакладна з такой жа праблемай сутыкнулася і Францыя, пры жаданні пабудаваць АЭС у сціслыя тэрміны пазбегнуўшы залішніх затрат, — і будаўніцтва ператварылася ў доўгабуд.

Фукусіма як другое папярэджанне

«Я працавала з Чарнобыльскай трагедыяй, пісала пра АЭС у Швейцарыі, і мне самой, калі прызнацца, тэма крыху паднадакучыла, захацелася пераключыцца. Але тут здараецца аварыя на Фукусіме... Цяжка было паверыць, што разбураны адразу тры рэактары...» — узгадвае С’юзан.

Вядома, што пасля такой доўгай працы з тэмай ядзернай энергетыкі яна не магла не ўтрымацца, каб не паехаць у Японію і не пабачыць маштабы трагедыі сваімі вачыма. Тым больш, як адзначае журналістка, знайсці праўдзівую інфармацыю ў першыя тыдні-месяцы было цалкам немагчыма.

«Не варта забываць, што падзеі ў Чарнобылі адбываліся ў час Савецкага Саюза. Вядома, што тады маглі быць дапушчаны нейкія памылкі. Але ўсе былі ўпэўненыя, што Японія пры сучасным развіцці чалавецтва зможа справіцца з аварыяй на АЭС», — кажа журналістка.

«Патрапіўшы ў снежні 2011 года ў зону аварыі, ацаніўшы ўсю сітуацыю, мне стала зразумела, што ў савецкі час нашмат эфектыўней прымаліся меры па ліквідацыі наступстваў».

Нягледзячы на тое, што тэхнічна працэс быў арганізаваны добра, людзі не маглі атрымаць інфармацыю па ўзроўню заражэння на працягу некалькіх тыдняў. Вядома, сітуацыя пагаршалася тым, што тэрыторыі вельмі моцна пацярпелі ад цунамі. Але інструкцыі, якія даваліся насельніцтву па самастойнай абароне ад радыяцыі ці абеззаражанню зямельных тэрыторый, ці тое, як пасля гэта рабілася цэнтралізавана, сведчыла пра тое, што японцы былі не гатовыя да аварыі на сваёй станцыі.

«Пасля падзей у Японіі Швейцарыя занепакоілася. Улічваючы, што па плошчах гэтыя краіны моцна адрозніваюцца, і калі паглядзець на мапу Швейцарыі, то ў выпадку аварый на якой-небудзь з АЭС у зоны адсялення трапляюць і Цюрых, і сталіца краіны — Берн. Аднак пакуль не існуе ніякага плана, якім чынам і куды будзе адбывацца эвакуацыя людзей, нават нягледзячы на тое, што на АЭС ля сталіцы адзначаліся самыя вялікія тэхнічныя праблемы», — адзначае С’юзан.

 

Няма плана па ўтылізацыі адходаў — не трэба будаваць АЭС

Яшчэ адна важная праблема, пра якую, па меркаванню швейцарскай журналісткі, павінны памятаць кожны пры ўзнікненні пытання пабудовы АЭС, — радыяцыйныя адходы. Бо пры ўсіх удасканаленнях і тэхнічных дасягненнях, новых рэактарах і падыходах да арганізацыі бяспекі на саміх станцыях за 50 год так ніхто і не знайшоў выйсця, як правільна ўтылізаваць адходы АЭС.

«На мой погляд, спачатку нам трэба вырашыць, што рабіць з адходамі, а пасля прымаць рашэнне будаваць ці не атамную электрастанцыю. Напрыклад, у амерыканскім штаце Невада пры адсутнасці дакладнага рашэння з адходамі ў праекце пабудовы АЭС Барак Абама забараніў яе ўзвядзенне», — прыводзіць прыклад С’юзан.

Пакуль план па ўтылізацыі мае толькі Швецыя, аднак і ён распаўсюджваецца не на ўсе класы адходаў. Таму такія высокаразвітыя краіны, як Германія, Швецыя і іншыя, назапашваюць радыяцыйныя адходы ў спецыяльных сховішчах, а што з імі рабіць далей — не ўяўляюць.

«На жаль, я ведаю вельмі мала пра беларускую АЭС у Астраўцы. Маю інфармацыю толькі пра тып рэактара, што ўсталёўваецца на ёй. Таму я заклікаю вас, маіх калег тут, падыходзіць да яе ўзвядзення з крытычнага пункту гледжання, шукаць інфармацыю, размаўляць са спецыялістамі, быць больш дапытлівымі. Бо ўжо было дастаткова трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, нават Фукусіма нам была «не патрэбна», каб зразумець, што аварыі на атамных станцыях здараюцца, іх цяжка прадказаць ці пазбегнуць», — рэзюмуе С’юзан Бос.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, Дзяніс Зелянко, tut.by, адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость