Зараз спецыялісты лясной гаспадаркі занятыя абследаваннем лесасек: праводзіцца праверка правільнасці высечак і расчысткі ўчасткаў, піша «Беларуская лясная газета». А ўжо 2 верасня пачнецца пасадка маладога лесу. За восень плануецца пасадзіць больш 5000 гектараў, што былі пашкоджаныя вятрамі і снежнымі бурамі.
Больш за астатніх пацярпелі Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявічскі, Чэрвенскі раёны Мінскай вобласці і Мозырскі раён Гомельскай вобласці, перадае БЕЛТА.
Акрамя гэтага, Мінлесгас запрашае ўсіх жадаючых далучыцца 10 верасня да акцыі «Аднавім лесы разам!», паведамляе «Беларуская лясная газета».
«Калі мы зробім гэта разам, то зможам кампенсаваць страты, нанесеныя стыхіяй беларускім лясам!» — заклікаюць у прэс-службе міністэрства.
Для лясной гаспадаркі летні ўраган стаў не проста дрэнным надвор'ем, а самым разбуральным у гісторыі: пашкоджана 3,2 млн кубаметраў драўніны на плошчы 12 800 гектараў.
У бліжэйшы час будуць вызначаныя ўчасткі для пасадак. Лясгасы падрыхтуюць пасадачны матэрыял і ўвесь неабходны інвентар. Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца 5 верасня ва ўсіх абласных вытворчых лесагаспадарчых аб'яднаннях.