У Міжнародны дзень абароны жывёл Зялёны партал вырашыў звярнуцца да тэмы дапамогі жывёлам і чаму ''па-чалавечы'' не заўсёды самы правільны выбар.
Гісторый пра тое, што дзікі звер цягнецца да чалавека, існуе шмат. Яны могуць быць абсалютна неверагоднымі, калі параненая і пакалечаная жывёліна прыйшла за паратункам, ці банальнымі – ў галоўны год заблукала ў пошуках пражытку. Здараецца і так, што адзінокіх і кінутых малых людзі знаходзяць у лесе, падбітых пакалечаных птушак знаходзяць у парках. І як тут быць: узяць на сябе адказнасць і дапамагчы ці саслацца на натуральны адбор – маральны выбар кожнага.
Галоўнае памятаць, што прамы стасунак з дзікім зверам – гэта пэўная рызыка. Аднак, калі вы выбралі шлях дапамогі жывёліне, варта не забываць, што заканадаўча забараняецца вымаць дзікіх жывёл з натуральнага асяроддзя. Таму, нават самы добры намер у рамках закона можа быць расцэнены як парушэнне.
У цэлым жа, спецыялісты раяць прытрымлівацца прынцыпу ''не нашкодзь'', нягледзячы на тое, што гэта можа падацца і не зусім па-чалавечы.
''Ёсць два моманты. Калі дзікая жывёла паранена па віне чалавека: збіта аўто, урэзалася ў шыбу ці атрымала пашкоджанні ад хатніх гадаванцаў. У такім выпадку за дапамогай неабходна звяртацца да спецыялістаў. Калі ж праблема крыецца ў прыродных прычынах, напрыклад, птушка праз хваробу, слабасць ці генетычныя асаблівасці не можа зляцець у вырай, то найлепшым будзе старацца не ўмешвацца і пакінуць усё як ёсць'', – каментуе арнітолаг Зміцер Вінчэўскі.
Магчыма менавіта такім чынам удасца пазбегнуць залішніх душэўных пакут вам і непатрэбнага стрэсу жывёліне. Акрамя гэтага, цвяроза ацаніўшы свае сілы і сітуацыю атрымаецца прынесці больш карысці. Бо усё ж, каб аказаць дапамогу, неабходны пэўныя веды і навыкі.
''Асноўная праблема з дапамогай дзікім жывёлам, на мой погляд, у змешванні акцэнтаў. Людзі падбіраюць птушанят, якія яшчэ не ўмеюць і не павінны ўмець лётаць, забіраюць іх да сябе, каб дапамагчы'', – працягвае Зміцер.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што знаходзяцца і тыя, хто пад выглядам спачування і добрых намераў імкнуцца фінансава нажыцца. Як падказаў Зміцер Вінчэўскі, здараецца, што таксідэрмісты забіваюць жывёл, хаця ў афіцыйнай версіі яны знаходзяць іх параненымі ці забіраюць у паляўнычых тушкі, якія былі збітыя аўтатранспартам.
''З усімі такімі выпадкамі павінны працаваць спецыялісты, якія, на жаль, няма або не хапае для правільнай ацэнкі сітуацыі і прыняцця адпаведнага рашэння. Таму і атрымоўваецца, што па існуючаму закону забараняецца дапамагаць зусім. Але наколькі мне вядома, нікога пакуль яшчэ не штрафавалі, ці не прыцягвалі да адказнасці з тых, хто сапраўды імкнуўся выратаваць дзікую жывёлу'', – кажа арнітолаг.
Між тым спецыяліст яшчэ раз падкрэслівае: не спяшайцеся прымаць самастойных рашэнняў, бо найчасцей яны могуць быць памылковымі і фатальнымі для тых, каму зычым дабра. Пры гэтым, памятайце, што дзікаму зверу найлепш у натуральных умовах – у прыродзе, якія стварыць штучна амаль не магчыма.