06.12.2021 / 10:12

Як зрабіць з бровара ці электрастанцыі ХІХ – пачатку ХХ ст. пабудовы сучасны шматфункцыянальны комплекс? Вопыт Варшавы паказвае: лёгка. Прамысловыя аб’екты цудоўна ператвараюцца ў гандлёвыя, жылыя, забаўляльныя, адукацыйныя.

Варшаўскія гарэлачны завод Koneser і электрастанцыю Powisle аб’яднала тое, што ў сваіх першасных функцыях гэтыя спадчына індустрыяльнай эпохі аказалася непатрэбнай сучаснаму гораду. Але будынкі прыдаліся ў якасці пляцовак з новымі функцыямі

Квартал Koneser
Квартал Koneser

Мы ўжо пісалі пра Koneser і вопыт пераабсталявання прамысловых будынкаў у іншых польскіх гарадах, Познані і Шчэціне, у 2018 г. Тады былую варшаўскую фабрыку гарэлкі яшчэ рамантавалі, а некаторыя аб’екты ўжо дзейнічалі, да афіцыйнага завяршэння рэнавацыі комплекса. Цяпер у квартале Koneser функцыянуюць жылыя дамы, гатэль, галерэі, гандлёвы цэнтр, асобныя крамы, рэстараны, кавярні, медычны цэнтр, офісы, прасторы для імпрэз, два музеі – польскай гарэлкі і мастацтва ілюзіі.

Квартал Koneser
Квартал Koneser

Спалучэнне будынкаў з чырвонай цэглы, брамы ў неагатычным стылі з сучаснымі пабудовамі, шклом, арт-аб’ектамі заварожвае. На ўнутранай плошчы квартала праходзяць выставы, шмат вулічнай мэблі – гэта сапраўды жывая гарадская прастора.

Квартал Koneser
Квартал Koneser

Квартал Koneser, абмежаваны вуліцамі Беластоцкай, Замбкоўскай, Непарэцкай і Маркоўскай, – нібыта асобнае каралеўства на мапе варшаўскага раёна Прага, якая ўжо ўспрымаецца як месца для жыцця прыстойных людзей з сярэдняга класу, аднак і памяць пра час, калі тут жылі пераважна рабочыя, яшчэ жывая.

Самыя старыя будынкі фабрыкі Koneser паўсталі ў 1895–1897 гг., забудова працягвалася і пазней. Гэта быў адзін з найбуйнейшых па аб’ёме прадукцыі бровараў Расійскай імперыі: тут рабілі каля 150 мільёнаў літраў алкаголю на год, у асноўным на патрэба арміі. Завод гарэлкі дзейнічаў да 2007 г. У 2018-м квартал Koneser адкрылі пасля маштабнай рэнавацыі.

Электрастанцыя Powisle пабудавана ў 1904 г. На той час гэта была адна з найбольшых і тэхнічна прасунутых электрастанцый на тэрыторыі Польшчы. У міжваенны час яна актыўна разбудоўвалася. Тут прадукавалі электрычнасць да 2001 г. У 2015-м знайшоўся інвестар, а ў 2020-м ужо працаваў гандлёва-забаўляльны комплекс, які захаваў старую назву: Elektrownia Powisle.

Комплекс Elektrownia Powisle
Комплекс Elektrownia Powisle

Падчас рэнавацыі карысталіся старымі метадамі вырабу цэглы. Імкнуліся захаваць таксама тэхніку, якая працавала на электрастанцыі: некаторыя машыны аздобілі інтэр’ер гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Скульптуры ў стылі стымпанк таксама адсылаюць да індустрыяльнага мінулага будынка.

Комплекс Elektrownia Powisle
Комплекс Elektrownia Powisle

Цяпер Elektrownia Powisle складаецца з крам, рэстаранаў, фудкорту, зоны прыгажосці са шматлікімі салонамі. Тут часта праходзяць мерапрыемствы з увагай да стану навакольнага асяроддзя: кірмашы экалагічнай касметыкі ці старых рэчаў, якія чакаюць новых гаспадароў,

Недалёка знаходзіцца папулярны музей, цэнтр навукі Капернік. Можна сказаць, што разам яны ўтвараюць забаўляльны кластэр, бо наведваючы адну ўстанову складана не заўважыць другую.

Такая рэнавацыя індустрыяльных будынкаў, пераасэнсаванне архітэктурнай спадчыны для новых мэтаў трапляе ў агульнапольскі і агульнаеўрапейскі трэнд. Напрыклад, лесапільня ў Ольштыне стала музеем. На Зялёным партале можна пачытаць пра досвед Таліна (рэнавацыя чыгуначнага дэпо), Рыгі (пераабсталяванне складоў), Санкт-Пецярбурга (новае жыццё хлебазавода, тэкстыльнай фабрыкі і турмы). Узгадваюцца падобныя праекты ў Мінску: вуліца Кастрычніцкая, завод “Гарызонт”, квартал К21, хлебазавод на вуліцы Ракаўскай.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость