15.11.2021 / 14:11

Досвед рэнавацыі польскага Ольштына.

У польскім Ольштыне тартак (лесапільня), пабудаваны ў канцы ХІХ ст., на пачатку нашага веку стаў музеем. Такая рэнавацыя – цалкам у рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду даваць індустрыяльнай спадчыне новае жыццё, перарабляючы прамысловыя будынкі ў культурніцкія ды сацыяльныя аб’екты.

Тартак пабудаваў у 1884-м годзе ольштынскі прадпрымальнік Люіс Рафаэлсан, таму яго завуць «тартак Рафаэлсана». Канструкцыя сцен – адзін з відаў «прускага муру»: драўляныя бэлькі, адлегласць між якімі запоўнена цэглай.

Від на даліну ракі Лыны ў Ольштыне. 1915 г. Фота са збораў Музея сучаснасці.
Від на даліну ракі Лыны ў Ольштыне. 1915 г. Фота са збораў Музея сучаснасці.

Прадпрыемства знаходзілася ў даліне ракі Лыны, па якой дастаўлялі драўляную сыравіну (калоды і бярвенне), разам з чатырма іншымі тартакамі, двума броварамі, фабрыкай воцату, жалезаліцейным і хімічным заводамі. Гэта быў першы індустрыяльны раён у Ольштыне.

Фота са збораў Музея сучаснасці
Фота са збораў Музея сучаснасці

Паравы кацёл даваў энергію, каб рухаць механізм пілавання драўніны. У 1929-м прадпрыемства перайшло ва ўласнасць горада, і будынак ужо не эксплуатаваўся як прамысловы. Там змясцілі адміністрацыйныя і сацыяльныя ўстановы, майстэрні і склады. Горад карыстаўся пабудовай да 1987-га года, потым тартак стаяў закінуты. У 2007-м яму надалі статус помніка архітэктуры, у 2012–2014-м адрамантавалі і зрабілі ў памяшканні Музей сучаснасці.

Адноўлены вонкавы выгляд будынка і драўляныя канструкцыі ўнутры. Замест паравога механізму і прамысловых піл цяпер – музейныя вітрыны, дзе паказаны працэс развіцця Ольштына і ваколіц ў ХІХ–ХХ ст.ст.

Наведвальнікі бачаць, як з’явілася каналізацыя, тэлефон, радыё, водаправод ды іншыя дасягненні сучаснай цывілізацыі.

Вакол былога тартака зроблена рэкрэацыйная зона. Фантаны, дзікарослыя расліны, утульныя месцы для сядзення і, пры жаданні, ляжання. Бачна, што пра развіццё гарадской прасторы добра клапоцяцца (можна прыгадаць таксама, як у Ольштыне абсталяваны пляж). Побач з тартакам-музеем праходзіць веладарожка, якая цягнецца ўздоўж Лыны.

Тартак у Ольштыне, які стаў музеем, – гэта адзін са шматлікіх прыкладаў ператварэння прамысловых аб’ектаў у культурніцкія ці сацыяльныя. Мы ўжо пісалі пра вопыт іншых польскіх гарадоў, Варшавы, Познані і Шчэціна.

Такая рэнавацыя індустрыяльных будынкаў, пераасэнсаванне архітэктурнай спадчыны для новых мэтаў трапляе ў агульнаеўрапейскі трэнд. На Зялёным партале можна пачытаць пра досвед Таліна, Рыгі, Санкт-Пецярбурга. Узгадваюцца падобныя праекты ў Мінску: вуліца Кастрычніцкая, завод «Гарызонт», квартал К21.

 

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость