Упершыню Каспер патрапіў на вочы валанцёркам у канцы чэрвеня 2017 года. Тады яго прыкмецілі скалечаным паблізу кальцавой дарогі ля аднаго з гандлёвых цэнтраў у Мінску. Відавочна сабака быў падбіты аўтамабілем і меў патрэбу ў аперацыі.
Другі раз Каспер прыцягнуў увагу зусім нядаўна, калі яго выпадкова заўважылі на трасе Мінск-Магілёў у 35 кіламетрах ад Чэрвеня. Якім чынам сабака са сталіцы апынуўся ў полі пад Смілавічамі?
Як распавяла Зялёнаму парталу Любоў Шатрова, ад самага пачатку было зразумела, што ў сабакі ёсць гаспадары. Пакуль іншыя валанцёры_кі лекавалі Каспера і шукалі яму часовыя ператрымкі, жанчына ўзялася за пошукі людзей, што маглі згубіць сабаку.
"Я ездзіла пасля працы па Шабанах і бліжэйшых раёнах, расклейваючы аб'явы. Праз нейкі час гаспарады знайшліся. Яны апынуліся маімі суседзямі, з Чыжоўкі", — распавядае валанцёрка.
Каспер збег ад іх на выгуле і, на думку Любові, гаспадарам быў зусім не патрэбным. Тлумачыць сваю выснову яна тым, што за ўвесь час яна не сустракала ніводнай аб'явы ці паста ў сацыяльных сетках пра пошукі.
"Пераламаны сабака ім тым больш не здаўся. Гэта было зразумела па твары гаспадыні, калі яна пабачыла Каспера. Аднак я ўсё ж угаварыла ўсіх, каб ён пабыў пад гаспадарскім наглядам, бо з пераўтрыманнямі вельмі складана. На жаль, праз пару дзён мы былі вымушаныя яго забіраць, бо сабаку не аказвалі патрэбнага медыцынскага дагляду. Для Каспера і нас пачаўся працяглы працэс змен людзей, аперацый і спраўленняў недапрацовак у лячэнні, рэабілітацыі", — кажа валанцёрка.
І вось пасля ўсіх гэтых жыццёвых арэляў, раптоўна Каспера набыў пастаяннае месца жыцця на апошняй ператрымцы.
Падавалася б нічога не абяцала бяды. Аднак напярэдадні новага года, 29 снежня 2018 года, сабака раптоўна кінуўся пад колы аўтамабіля адной з валанцёрак на трасе Мінск-Магілёў. Дзяўчына толькі паспела зфатаграфаваць небараку і месца яго знаходжанне. Інфармацыю аб здарэнні яна запосціла ў тэматычныя суполкі, дзе ў ім прызналі Каспера і тэрмінова распачалі пошукі.
"Дзяўчаты кожны дзень ездзяць у такое надвор'е, лазяць па лясах і палях, глядзяць па закінутых забудовах. Вось толькі зімой, навокал усё белае і светлага сабаку не так проста заўважыць, — кажа Любоў і паціскае плячыма аб прычынах такога ўчынку людзьмі, што ўзялі Каспера да сябе. — Можна ж было зрабіць усё па-чалавечы. Тым больш, яны ведалі, што існуе суполка прысвечаная Касперу, мноства людзей дапамагалі паставіць яго на лапы. Відавочна б нехта адгукнуўся, папрасі яны дапамог. А не вырашаючы праблему, вывозячы яго на трасу. Я праплакала ўвесь Новы год з гэтай прычыны".
Пошукі Каспера працягваюцца па сённяшні дзень, пакуль валанцёры_кі не губляюць надзеі. Хаця інфармацыя пра тое, што сабака кідаўся пад колы, вядома, непакоіць. І ўсё ж для большай верагоднасці адшукаць яго валанцёры_кі звяртаюцца з просьбай да неабыякавых людзей далучыцца да пошукаў.
Прыкметы Каспера: на левай ліжняй вусне ўнутры мечаны пігмент. Памерам сабака сярэдні, узрост 2,5-3 гады, белай афарбоўкі, вушы светла-рудыя, з некалькімі такімі ж плямамі на спіне. Нос светлы. Ля левай задняй лапы могуць застацца сляды ад зялёнкі.
На пачатку Каспер быў у чорным абражку з тканіны. Сабака насцярожыны да незнаёмых людзей і панічна баіцца аўтамабіляў.
Месца пошукаў: траса Мінск-Магілёў на адрэзку Мінск-Смалявічы ля 35 кіламетраў ад Чэрвеня ў бок сталіцы.
Курыруе пошукі Любоў Шатрова. Звязацца можна праз Вконтакте, Facebook і па нумарах тэлефонаў:+375293235365, +375257652307.
Калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй пра Каспера, тэлефануйце: +375296357100, +37525526-96-03, +37529633-53-34.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Збіты сабака пад Слуцкам некалькі сутак чакаў дапамогі. Дачакаўся, але гэта яго не ўратавала
Тры мяхі падарункаў. Як прыватны прытулак у Лельчыцах спраўляе памылку і жорсткасць іншых людзей