Самая магутная АЭС у Еўропе
Чатыры новыя рэактары збіраецца збудаваць Украіна на Хмяльніцкай АЭС. Пачатак прац запланаваны на лета-восень 2024 года, а першы з новых энергаблокаў можа быць уведзены ў эксплуатацыю праз два з паловай гады.
Аб гэтым на мінулым тыдні паведаміў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка. Ён дадаў, што ўсе чатыры рэактары будуць распрацоўвацца адначасова.
Складнікі двух энергаблокаў, што ўключаюць рэактары і абсталяванне да іх, будуць расійскай вытворчасці, якія Украіна хоча імпартаваць з Балгарыі. На двух іншых выкарыстаюць тэхналогіі вытворцы энергетычнага абсталявання Westinghouse з ЗША.
Зараз на Хмяльніцкай АЭС працуюць два энергаблокі старога тыпу ВВЭР-1000 (такія ж стаяць на Запарожскай і Ровенскай станцыях). Будаваць трэці і чацвёрты энергаблокі Хмяльніцкай станцыі ўжо спрабавалі пры СССР, у 1980-х гадах. Зараз аб’екты знаходзяцца на кансервацыі. Пяты і шосты энергаблокі будуць новага, больш бяспечнага тыпу АР1000.
Пасля гэтага Хмяльніцкая АЭС зробіцца самай магутнай у Еўропе, а ва Украіне працягнецца будаўніцтва іншых энергаблокаў, пішуць СМІ. Сумарная колькасць новых энергаблокаў, што дапаможа пабудаваць амерыканская Westinghouse ва Украіне – да дзевяці.
Міністр тлумачыць, што мэтай будаўніцтва з’яўляецца кампенсаваць страты энергетычных магутнасцей з-за вайны з Расіяй. Пасля 24 лютага 2022 года краіна страціла доступ да часткі энергетычных магутнасцей.
Таксама падчас баявых дзеянняў інфраструктура і станцыі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі былі атакаваныя. З кастрычніка 2022 па люты 2023 адбылося 255 авіяўдараў па украінскай энергетычнай інфраструктуры, піша аналітычнае агенцтва Brugel у лістападзе 2023 года.
Дарэчы, 8 % з усіх матэрыяльных страт краіны за першы год паўнамаштабнай вайны адносяцца да энергетыкі (усяго 135 мільярдаў даляраў за першы год).
У лістападзе 2023 года міністэрства энергетыкі абвясціла, што маштабная рамонтная кампанія скончана, а атамныя станцыі перавялі з расійскага на шведскае паліва.
Паводле Brugel, у выніку гэтых падзеяў спажыванне энергіі ў краіне значна ўпала, як і колькасць магутнасцей.
Куды развіваецца украінская энергетыка?
Украіна ў сэнсе энергетыкі – усходнееўрапейская «Францыя». Яе энергетычныя магутнасці пераважна заснаваныя на атамнай энергетыцы, што закрывае каля 55 % патрэб краіны ў электраэнергіі.
Паводле Brugel, да вайны ва Украіне было 47 гігаватаў генеруючых магутнасцей (эфектыўна выкарыстоўвалася каля 22 ГВт, на момант напісання справаздачы прыводзіцца лічба ў менш за 10 КВт даступных магутнасцей).
Згодна з планам аднаўлення энергетыкі Украіны, прэзентаванымі летам 2022 года ў Швейцарыі, сістэма мусіла развівацца амбіцыёзна і адразу ў розных накірунках.
Адным з іх, дарэчы, мусіла быць менш цэнтралізаваная сістэма, якой складаней нанесці маштабны ўрон за кароткі тэрмін. Такое развіццё з’яўляецца адначасова часткай Энергетычнай стратэгіі Украіны. Ужо зараз (дакладней, за 2023 год) доля электраэнергіі з чыстых крыніц дасягнула 20,3 %. Да 2030 года яна мусіць скласці 25 %, а да 2050 года краіна зробіцца кліматычна нейтральнай, тлумачыць міністэрства энергетыкі.
Новы план аднаўлення, прэзентаваны ў верасні ў Лондане, не менш амбіцыёзны, піша Forbes, і паказвае ідэю Украіны зрабіцца энергетычным хабам Еўропы. План прадугледжвае рост магутнасцей. Лічбы можна знайсці тут – але, зрэшты, яны «не маюць ніякай сувязі з рэальнасцю» і перавышаюць і без таго амбітную энергетычную стратэгію Украіны, кажа Forbes Аляксандр Харчанка, кіраўнік Цэнтра даследаванняў энергетыкі.
Пра энергетычнае аднаўленне Украіны яшчэ можна дадаць, што знешнія інвестыцыі ў яго анансуюцца як укладанні ў стварэнне больш зялёнай сістэмы, што ў трэндзе ў Еўропе. Украінскія эксперты таксама выказваюцца за гэты накірунак аднаўлення, але украінскія СМІ і чыноўнікі часам ставяць атамную энергію ў адзін шэраг з зялёнай.
Каб патлумачыць, што не так, трэба звярнуцца да тонкасцей зялёнай таксаноміі ЕС альбо да некаторых аспектаў экалогіі, якія тычацца захавання адпрацаванага ядзернага паліва, ці пытання малых доз выпраменьвання вакол працуючай станцыі.
Але замест гэтага прапануем перайсці да галоўнага пытання – ці рване. Дакладней, наколькі бяспечна будаваць новыя энергаблокі падчас вайны непадалёк ад лініі фронта.
Ці бяспечныя новыя энергаблокі?
Ці бяспечная Хмяльніцкая АЭС і ці варта будаваць іншыя энергаблокі? Калі каротка – гэта сумнеўны праект. Падрабязней тлумачыць прававы аналітык у сферы кіравання рызыкамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый з Украіны Анастасія Бандарэнка.
Паводле яе, за мінулыя гады на старых энергаблоках Хмяльніцкай АЭС ужо здарылася некалькі збояў, якія справакавалі выкід радыяцыі ўнутры станцыі. У знешняе асяроддзе радыяцыя не трапіла дзякуючы абароннай абалонцы.
У той жа час з новых энергаблокаў два будуць старога тыпу і два – новага, які кампанія-будаўнік пазіцыянуе як больш бяспечныя. Але, па-першае, тлумачыць аналітык, ужо існуе абгрунтаваная крытыка заяўленага ўзроўню абароны. Да таго ж яна скептычна ставіцца да таго, што фактычная праверка бяспекі з боку МАГАТЭ будзе праведзена належным чынам.
«Падцвяржэнне ад МАТАГЭ, што ўсё ў парадку, з’яўляецца даволі сумнеўным, як мы ўжо убачылі на прыкладзе Запарожскай АЭС», – кажа яна.
Пры тым яна дадае: спачатку гэтая АЭС праектавалася на чатыры энергаблокі, то бок пяты і шосты ў тэорыі мусяць дабудоўвацца ў выглядзе асобнага праекта. Як гэта будзе выглядаць – пакуль незразумела, таму дакладна ацаніць рызыкі таксама складана.
Ядзеркай па ядзерцы
Большую занепакоенасць эксперткі выклікае іншае – пабудова новых буйных энергетычных аб’ектаў можа выклікаць нездаровую зацікаўленасць з боку Расіі.
«І старыя, і новыя энергаблокі. І тое, што пытанні бяспекі вырашаныя на новых блоках, не мяняе ўзровень бяспекі старых, размешчаных на той жа тэрыторыі», – кажа Анастасія Бандарэнка.
Яна тлумачыць, што расіяне увесь час удасканальваюць зброю, і сітуацыя занадта рызыкоўная для інвеставання грошай у падобнае будаўніцтва. Да таго ж, Расія ўвесь час абнаўляе зброю, і гэта робіць немагчымым пралік рызыкаў дакладна.
«На горад побач з АЭС ужо былі атакі дронаў, і ў будынках выбіла шкло. Новы рэактар разлічаны на падзенне самалёту зверху, ён будзе мець уласную сістэму бяспекі. Але першыя блокі не будавалі з разлікам на вайну. І калі ў горадзе павыляталі вокны, то я б не разлічвала, што [ў аналагічнай сітуацыі са старымі энергаблокамі] будзе ўсё добра», – кажа прававы аналітык.
Чым рызыкуе Україна пры кепскім развіцці падзей? Не грашыма, кажа суразмоўца:
«Я так разумею, гэта будзе за міжнародныя грошы. Але я не разумею, гэтыя планы – з серыі “А давайце мы перад быком будзем махаць вялікай чырвонай анучай”».
Пытаем, ці можна неяк зменшыць рызыкі ад такога будаўніцтва, але адказ кароткі: не будаваць.
«Ну праўда. Ідэя будаўніцтва аб’екта крытычнай інфраструктуры не пад зямлёй, у краіне, дзе ідзе вайна – дужа дзіўная ідэя. А з улікам, што Пуціна час ад часу перакліньвае і ён пагражае ядзернай зброяй… Ну, давайце бахнем ядзеркай па ядзерцы. Загінуць ад такога – ну… Прыкра».