Адну з нефармальных сустрэч з мясцовымі актывістамі прадстаўнікі ''Экадома'' правялі ў Мазыры, дзе сёлета ўдалося дамагчыся адмены планаў мясцовых уладаў на арэнду 91 кіламетра ракі Прыпяць. Гэта стала магчыма дзякуючы сваечасовай рэакцыі гараджан і актывістаў, што разгарнулі цэлую кампанію супраць арэнды ракі, апілюючы ўшчымленнем правоў і інтарэсаў людзей, магчымымі экалагічнымі наступствамі такога рашэння.
Пра тое, наколькі важна хуткая рэакцыя людзей на тую ці іншую праблему ведае Павел Наздра, актывіст і ўдзельнік грамадскага руху ''Зялёны дазор''. У пыклад ён прыводзіць адзін з апошніх выпадкаў, калі да яго звярнуліся жыхары аднаго з мікрараёнаў горада, пад вокнамі якіх знаходзіцца гандлёвы цэнтр. Людзі даведаліся пра планы рэканструяваць цэнтр з узвядзеннем ля яго мыйкі для аўтамабіляў адкрытага тыпу літаральна перад самымі грамадскімі абмеркаваннямі.
''Літаральна за два дні атрымалася сабраць 150 «жывых» подпісаў і 2000 анлайн. Гараджане выступалі выключна супраць аўтамыйкі, мяркуючы што гэта прывядзе да пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў раёне. Але яны не заміналі рэканструкцыі гандлёвага цэнтра. Выканкам пайшоў насустрач гараджанам і мыйку не пабудавалі'', – дзеліцца Павел.
Такім чынам, зазначае актывіст, гэта была самая кароткая кампанія з яго досведу – на вырашэнне праблемы пайшло 4 дні.
''На сайце выканкамі існуе спецыяльны раздзел, дзе выстаўляюць інфармацыю пра планы забудовы і іншае. Людзі павінны цікавіцца, разбірацца што няся за сабой праект, выказваць сваё незадавальненне, збіраць подпісы'', – падкрэслівае ён.
Прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях – вельмі важна, сцвярджаюць экадомаўцы і вопытныя актывісты. Гэта магчымасць не толькі выказацца і прагаласаваць ''за'' ці ''супраць'' праекту, але і стварыць народны рэзананс. Гэта інструмент, якім трэба ўмела карыстацца.
У цэлым жа, грамадскія абмеркаванні маюць тры формы:
- абмеркаванне архітэктурна-будаўнічай дзейнасці;
- канкрэтнай дзейнасці – будаўніцтва завода, прадпрыемтсва і г.д. – у гэтым выпадку абмяркоўваецца спецыяльна распрацаваны дакумент Ацэнка ўдзеяння на навакольнае асяроддзе канкрэтна плануемага аб'екта;
- выдаленне аб'ектаў расліннага света, што абмяркоўваецца ў рэдкіх выпадках.
''Заканадаўства трактуе грамадскія абмеркаванні як працэдуру. Напрацягу 30 дзён, што яна праходзіць, людзям трэба паспець азнаёміцца з праектам і падаць свае заўвагі і прапановы'', – удакладняе Марына Дубіна, дырэктарка ''Экадома'' .
Аб'явы пра правядзенне абмеркаванняў размяшчаюцца на сайтах выканкамаў і ў мясцовай газеце. Праблема ў тым, што мала хто з гараджан разглядае гэтыя рэсурсы як крыніцы інфармацыі. Таму нярэдкі выпадкі, калі на абмеркаванні ніхто з гараджан не прыходзіць і не падае заўваг. Аднак яны лічацца праведзенымі.
''Выканкаму дастаткова выканаць працэдуру згодна заканадаўству. А збіраць людзей на абмеркаванні ў іх абавязкаў няма'', – кажа Марына.
Відавочна, што пытанне мусіць вырашацца зменамі механізмаў: аб'явы пра грамадскія абмеркаванні павінны быць больш эфектыўнымі, заўважнымі, людзі павінны цікавіцца тым, што адбываецца, улады, бізнэс павінны навучыцца камунікаваць з гараджанамі, жыхары павінны навучыцца чуць улады і сваіх суседзяў.
''Вядома, існуюць палітычныя праекты і рашэнні па ім, як напрыклад, будаўніцтва БелАЭС, Кранаспан. Вырашыць пытанне мэтазгоднасці, бяспекі іх будаўніцтва не здольна абурэнне ўсіх беларусаў'', – зазначае Марына.
У такіх выпадках, раяць актывісты, трэба ацэньваць рэальны маштаб і ісці ў нейкім сэнсе на саступкі – дабівацца не адмены, а каб аб'ект адпавядаў экалагічным, тэхнічным патрабаванням бяспекі.
''У гісторыі з Кранаспанам мясцовым жыхарам удалося дабіцца ўзвядзенне экрана і ачышчальных збудаванняў. Прадпраемства не абавязана было рабіць гэта. Але людзі змаглі дамовіцца'', – прыводзіць прыклад дырэктарка аб'яднання.
- Для тых жа, хто не ведае з чаго пачаць, можна перш на перш звярнуцца на гарачую лінію ''Зялёны тэлефон'', дзе дакладна падкажуць як правільна дзейнічаць і дапамогуць скласці зварот.